Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дваім «суткі», дваім штраф. На Магілёўшчыне «разабраліся» з працаўнікамі за палітычны відэазварот


Удзельнікі відэазвароту
Удзельнікі відэазвароту

Работнікі Горацкіх ачышчальных збудаваньняў Валянцін Бас, Аляксандар Касуха, Валер Пасікаў, Сяргей Крушаў у відэазавароце падтрымалі суайчыньнікаў, якія бароняць свае правы, дамагаюцца правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў ды асуджаюць гвалт. Іх адразу і асудзілі.

«Мы адзіны народ, які жадае стабільнасьці, заснаванай на законнасьці і дэмакратыі, а не на ўзурпацыі ўлады і пагардзе да Канстытуцыі», — даводзяць яны.

Судзілі работнікаў у ізалятары ў канцы працоўнага дня

Затрымалі супрацоўнікаў горацкага прадпрыемства 27 кастрычніка, калі іхны зварот быў растыражаваны незалежнымі мэдыя і сацыяльнымі сеткамі. У мясцовым ізалятары мужчын трымалі дзень. 28-га іхныя родзічы, а таксама неабыякавыя жыхары райцэнтру спрабавалі дазнацца ў аддзеле міліцыі, што чакае затрыманых, але марна. У судзе журналісту казалі, што справы на іх не разглядаліся, а ў канцы працоўнага дня сталі судзіць у ізалятары.

У Горацкім раённым судзе паведамілі, што герояў відэазвароту прызналі вінаватымі ў парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

  • Валянціна Баса асудзілі на 7 сутак,
  • Сяргея Крушава — на 15.
  • Валера Пасікава аштрафавалі на 540 рублёў,
  • Аляксандра Касуху — на 675 рублёў.

Разам з работнікамі прадпрыемства пабываў у міліцыі і сын Сяргея Крушава Андрэй, які мантаваў зварот. Яго адпусьцілі пасьля прафіляктычнай гутаркі.

Адзін з асуджаных: «абвінавачаньне — падман»

54-гадовы Аляксандар Касуха кажа, што да перасьледу за зварот быў гатовы і ведаў, што «апынецца ў міліцыі». Там не падпісваў пратаколаў, а суду заявіў, што «абвінавачаньне — падман». Паводле яго, судзьдзя казаў, што на запіс звароту, які ў матэрыяле кваліфікаваны як несанкцыянаванае пікетаваньне, трэба было браць дазвол у райвыканкаме.

«У відэазвароце сказана тое, што лічу важным», — адзначае Аляксандар.

Паводле суразмоўцы, зь ім і ягонымі калегамі да таго, як іх забралі ў міліцыю, сустракаўся кіраўнік галаўнога прадпрыемства «Магілёўгарвадаканалу» і высьвятляў, чаму яны наважыліся запісаць такі зварот.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG