Канада паведаміла аб далучэньні да новых санкцый Эўразьвязу ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў.
«У каардынацыі з ЭЗ сёньня Канада ўводзіць дадатковыя санкцыі ў дачыненьні яшчэ да 13 урадавых чыноўнікаў Беларусі. Канада і ЭЗ працягваюць падзяляць сур’ёзную заклапочанасьць бягучай сытуацыяй у Беларусі», — гаворыцца ў заяве канадзкага зьнешнепалітычнага ведамства.
«Пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году беларускі ўрад вядзе сыстэматычную кампанію рэпрэсій і гвалту супраць грамадзкіх пратэстаў і дзейнасьці апазыцыйных групаў, які заахвочвае дзяржава. Канада па-ранейшаму глыбока заклапочаная дакумэнтальна пацьверджанымі паведамленьнямі аб парушэньнях правоў чалавека, у тым ліку свабоды прэсы, выказваньня думак і мірных сходаў», — адзначаецца ў рэлізе.
У канадзкім сьпісе чыноўнікаў, якія падпадаюць пад санкцыі, на два прозьвішчы менш, чым у апублікаваным сёньня сьпісе ЭЗ, бо санкцыі ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі і яго старэйшага сына Віктара паўночнаамэрыканская краіна ўвяла 29 верасьня. Санкцыі Атавы прадугледжваюць замарожваньне актываў, забарону канадцам, якія пражываюць на радзіме і за мяжой, ажыцьцяўляць угоды зь любой маёмасьцю гэтых чыноўнікаў, аказваць ім фінансавыя і зьвязаныя з гэтым паслугі. Асобам, якія трапілі пад санкцыі, забаронены ўезд у Канаду.