21-гадовы Ільля Сянько адбывае трэці запар адміністрацыйны арышт. Сваякі зьняволенага ня могуць дамагчыся інфармацыі пра стан ягонага здароўя і асьцерагаюцца, што безь лячэньня каранавірусу ў яго можа разьвіцца пнэўманія.
Анархіста з Баранавічаў Ільлю Сянько пасьля прэзыдэнцкіх выбараў за ўдзел у акцыях пратэсту арыштавалі на 15 дзён ужо трэці раз. 29 кастрычніка ў актывіста дыягнаставалі COVID-19, аднак адміністрацыя менскага ізалятара на завулку Акрэсьціна замест шпіталя адправіла яго ў адзіночную камэру, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Пра свой стан Ільля Сянько расказаў праз Viber падчас чарговага суду, які адбываўся ў онлайн-рэжыме. Але судзьдзя Савецкага раённага суду Менску Алена Жуковіч праігнаравала ягоныя скаргі.
Сваякі ўжо тыдзень ня могуць зьвязацца з адміністрацыяй ІЧУ, а ў санэпідстанцыі МУС ім адказваюць, што «кантроль вядзецца і прычын турбавацца няма».
Паводле сваякоў, хуткая дапамога ня можа выехаць у ІЧУ, калі адтуль няма запыту. На волю Ільля Сянько павінен выйсьці 7 лістапада, але родныя асьцерагаюцца, што яго будуць трымаць у ізалятары да наступнага суду — 10 лістапада.
Ільля Сянько цяпер у ізалятары на Акрэсьціна. Як і трое ягоных таварышаў, трапіў туды па ч. 3 арт. 23.34 КаАП за ўдзел у мітынгу 18 кастрычніка.