Падчас «Партызанскага маршу», які адбыўся ў мінулую нядзелю на 71-ы дзень пратэстаў, ува ўсёй Беларусі затрымалі больш за 240 чалавек, перадае Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Бальшыню схапілі ў Менску, іншых — у Салігорску, Берасьці, Гомлі, Віцебску. Затрыманьні ў Менску былі каля ГЦ «Ленінград», мотавелазаводу, а таксама лякальна перад маршам, падчас і пасьля яго.
Афіцыйныя лічбы затрыманых ад МУС Беларусі павінны зьявіцца пазьней у панядзелак.
Сярод схопленых — чатыры журналісты: Алесь Любянчук (супрацоўнічае зь «Белсатам»), Арцём Маёраў («Беларусы і рынак»), Максім Хлябец і Раман Чмель (абодва — «Брестская газета»).
Рамана Чмяля і Максіма Хлябца затрымалі на 72 гадзіны за адміністрацыйнае правапарушэньне, паведамляе БелаПАН. За якое менавіта, у дзяжурнай частцы Ленінскага РАУС Берасьця не сказалі.
Абодвух схапілі 18 кастрычніка каля 17 гадзін на праспэкце Машэрава ў абласным цэнтры, дзе яны працавалі на акцыі пратэсту.
У Менску затрымалі журналістаў Алеся Любенчука (тэлеканал «Белсат») і Арцёма Маёрава (газэта «Белорусы и рынок»). На Любенчука ў Заводзкім РУУС склалі пратакол паводле арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаваньне патрабаваньню службовай асобы). Маёрава даставілі ў Кастрычніцкае РУУС Менску.