Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пыталіся, ці ня ўзвод адправілі мяне браць», — чэмпіёнка Беларусі па тайскім боксе і К1 – пра арышт і спартовы гонар


Аляксандра Сітнікава
Аляксандра Сітнікава

24-гадовая Аляксандра Сітнікава — шматразовая чэмпіёнка Беларусі па тайскім боксе і К1, трохразовая бронзавая прызэрка чэмпіянатаў Эўропы і чэмпіёнка Балтыі па тайскім боксе ў 2020 годзе. Нядаўна яна выйшла з турмы пасьля 10-суткавага арышту за выказваньне сваёй грамадзянскай пазыцыі. Аляксандра расказвае пра турму, салідарнасьць і спартовы гонар, не ўласьцівы «людзям у чорным».

Глядзець размову на відэа цалкам


Прапануем фрагмэнты інтэрвію

Сьцісла

  • Мы там усе заразіліся каранавірусам. Я не адчуваю сябе ў бясьпецы пасьля турмы, лаўлю сябе на думцы, што мне страшна выйсьці на вуліцу.
  • Як спартоўку мяне найбольш абурала ўжываньне сілы, агрэсіі да людзей бяз зброі. На рынгу я вельмі часта бачыла праявы міласэрнасьці, спартовай салідарнасьці, падтрымкі.
  • Я за праўду і справядлівасьць. Я не магу маўчаць. І ў школе з гэтым праблемы былі, магла і пабіцца, таму што не магу маўчаць, калі несумленна.
  • Для мяне баі, тайскі бокс, бокс, кікбоксінг – гэта мастацтва, прыгажосьць рухаў, майстэрства, характару. Гэта была любоў зь першай трэніроўкі.
  • У хакеі цудоўныя заробкі, падтрымка, увесь Менск у лядовых палацах, таму ёсьць прычыны маўчаць. Але кожны жыве паводле сумленьня.

Пасьля турмы — каранавірус і страх выходзіць на вуліцу

Цяпер я на карантыне, бо ў мяне выявілі каранавірус. Я захварэла праз два дні, як выйшла з турмы ў Жодзіне. Некаторыя людзі, якія са мной сядзелі, таксама захварэлі. Мы там усе заразіліся. Я не адчуваю сябе ў бясьпецы пасьля турмы. Увечары спрабую выйсьці на вуліцу падыхаць сьвежым паветрам — і лаўлю сябе на думцы, што мне страшна выйсьці на вуліцу. Можаш проста ісьці ўздоўж дарогі, і цябе могуць забраць за тое, што ты «выкрыкваў лёзунгі». Такіх гісторый я пачула вельмі шмат за 10 дзён зьняволеньня. Ніколі такога не было, каб у Менску на вуліцы ўвечары ці ў іншы час сутак ты баяўся. А цяпер насамрэч страшна. Я ніколі нікога не баялася, ані вечарам, ані ўначы, я ведала, што магу за сябе пастаяць. Ведала, што ў рукі ня дамся ці прынамсі змагу ўцячы. Страшна тое, што гэта робяць людзі, за якімі ўлада і закон.

Як затрымлівалі чэмпіёнку

Аляксандра Сітнікава
Аляксандра Сітнікава

Калі мяне арыштавалі, многія пыталіся, як гэта адбывалася, напэўна, я адбівалася ці цэлы ўзвод адправілі мяне браць. Не. Мяне папрасілі культурна праехаць у РУУС. Сказалі, што маглі б забраць з працы. Каб у іх былі прычыны заламаць мне рукі і павезьці, яны б так зрабілі. Я разумею, што нават цяпер, калі да мяне на вуліцы падыдуць і скажуць праехаць, я паеду, бо не хачу, каб мне дадалі супраціў пры затрыманьні. Я разумею, чым мне гэта пагражае, таму ня буду ўжываць сілу.

Пра спартовыя правілы і гонар чэмпіёнаў

Як спартоўку мяне найбольш абурала ўжываньне сілы, агрэсіі да людзей бяз зброі, да людзей без падрыхтоўкі. На рынгу я вельмі часта бачыла ад розных людзей з розных краінаў праявы міласэрнасьці, спартовай салідарнасьці, падтрымкі. Калі супернік ведае, што ён на зусім іншым узроўні, чым ягоны супернік, і так адбылося, што паводле лёсаваньня яны паміж сабой б'юцца, ці ён ведае, што супернік — навічок, то найчасьцей (гэта і ёсьць гонар чэмпіёнаў) яны даюць папрацаваць суперніку, яны ня будуць выкладвацца напоўніцу, ня будуць траўмаваць, будуць ставіцца з павагай, дадуць шанец праявіць сябе, адчуць сябе на рынгу з чэмпіёнам, ня будуць заканчваць бой датэрмінова (хоць маюць поўнае права). А тут усё несумленна з усіх бакоў. Пяць чалавек бʼюць аднаго ці страляюць у пажылых людзей. Няма ані сумленьня, ані гонару.

На шчасьце, я ня бачыла на свае вочы, як некалькі чалавек б’юць дубінкамі мірнага чалавека. Я ня ведаю, што б са мной было, каб пабачыла, я б не змагла застацца ўбаку. Калі я бачу такое на відэа, мне фізычна дрэнна становіцца. Я ня ведаю, як так можна рабіць, як можна зьбіваць людзей, а потым казаць, што нічога не было, тады як у кожнай сямʼі ёсьць родны, знаёмы, блізкі чалавек, які быў увесь у сіняках, быў затрыманы.

Як пасадзілі ў клетку

Калі я трапіла на Акрэсьціна, супрацоўнік міліцыі казаў перад судом, гледзячы ў вочы, што нікога ня бʼюць і нікога не зьбівалі. Я чакала суду, і начальнік, які ведаў, што я чэмпіёнка па тайскім боксе, накрычаў на гэтага міліцыянта, чаму я проста сяджу на крэсьле і што я павінна сядзець у клетцы, што мяне трэба зачыніць, бо я магу яго зьбіць. Міліцыянт ня мог зразумець, як яму рэагаваць, бо ён ведаў, што я спартоўка, але ня ведаў хто. Ён казаў, што я і падобныя мне малалеткі — дурныя, вядуцца за нашай «улюбёнай Леўчанкай», якая нагаварыла глупства, а мы вядземся і трапляем на суткі.

А мяне затрымалі за фатаздымак 18 жніўня, яшчэ нічога не было, ніякай Алены Леўчанкі. Я паважаю і захапляюся Аленай, тым, што яна перажыла і што робіць, але на той момант я дакладна не была пад уплывам ніякага вядомага чалавека, спартоўца. Гэта была мая асабістая пазыцыя. Я гэта зрабіла пад уплывам таго жаху, які адбываўся ў краіне тады.

Пра пачуцьцё несправядлівасьці

Мне 24 гады. Усё маё жыцьцё прайшло пры Лукашэнку. Адчуваньне, што нешта ня так, было практычна ўсё маё жыцьцё, з падлеткавага ўзросту. Дзякуючы спорту і проста таму, што я шмат падарожнічала, кантактавала зь людзьмі зь іншых краінаў, бачыла, як хто і дзе жыве, і бачыла ўзровень жыцьця ў Беларусі. Я праўдалюбца, я за праўду і справядлівасьць. Я не магу маўчаць. І ў школе з гэтым праблемы былі, магла і пабіцца, таму што не магу маўчаць, калі несумленна. Бачыць, калі абяцаюць шмат, а не адбываецца нічога, калі заробкі мізэрныя, людзі ледзь выжываюць, а нам кажуць, што ўсё цудоўна. 26 гадоў — вельмі шмат. Адзін чалавек, адзін погляд — такога нідзе быць не павінна. Патрэбны новы, сьвежы погляд.

Пра прыгожы тайскі бокс

Я выбрала вельмі прыгожы від спорту. Для мяне баі, тайскі бок, бокс, кікбоксінг — гэта мастацтва, прыгажосьць рухаў, майстэрства, характару. Гэта была любоў зь першай трэніроўкі. Я ўсё жыцьцё займалася нейкім спортам, мяняла віды спорту, хутка мне надакучвала, гублялася матывацыя. На некаторы пэрыяд я кінула спорт. Потым вырашыла, што трэба трымаць сябе ў форме, і трапіла на трэніроўку па тайскім боксе ў 16 гадоў. І пасьля першай жа трэніроўкі я зразумела, што гэта — маё. Спачатку нічога не атрымлівалася, я была самая слабая, не магла адціснуцца ад падлогі. Але я зразумела, што я хачу гэта рабіць, мне падабаецца гэты адрэналін, я хачу біцца.

Чым адрозьніваецца жаночы тайскі бокс ад мужчынскага

Эмацыйнасьцю жаночай. Цяпер узровень жаночага боксу моцна вырас. Аднолькава цікавыя і відовішчныя мужчынскія і жаночыя баі цяпер. Але дзяўчаты інакш працуюць, яны рэальна больш эмацыйныя на рынгу, часьцей ідуць ва-банк. Жаночыя баі меней спансуюцца, калі мы кажам пра прафэсійныя баі, таму што меней фанатаў. А ганарары залежаць ад таго, колькі людзей прыйдуць паглядзець. Гэта застаецца пераважна мужчынскім відам спорту, бо фанаты — пераважна мужчыны і хлопцы. Мала хто зь людзей, хто не знаходзіцца ў гэтым спорце, усурʼёз успрымае жаночыя баі. Найчасьцей яны іх не глядзяць і кажуць, што мне гэта не спадабаецца, жанчыны ня ўмеюць баксаваць. Калі такіх людзей прымусяць паглядзець, напрыклад, баі Валянціны Шаўчэнкі, яны скажуць, што насамрэч гэта клясна, яны ўмеюць баксаваць. Фанацкая база ў мужчын большая, адпаведна — заробкі і ганарары. Але ў мяне бывалі ганарары і большыя, чым у хлопцаў, бо ўсё залежыць і ад прамоцыі.

Як адказвае на закід, што гэта не жаночая справа

Я адказваю, што я гэта люблю і магу рабіць тое, што хачу і люблю, і ня буду азірацца на нейкія стэрэатыпы людзей пра тое, што чалавек мужчынскага і жаночага полу павінен рабіць. У мяне гэта атрымліваецца, і я хачу пражыць сваё жыцьцё так, як я гэтага хачу. Ад блізкіх я чую, што яны перажываюць за маё здароўе, але была б я хлопцам, яны б гэтак жа перажывалі за яго здароўе, твар, суставы, нос і гэтак далей.

Чаму маўчыць большасьць хакеістаў

Мне не зразумелыя людзі, якія ігнаруюць тое, што адбываецца ў краіне. Няма шэрага цяпер, ёсьць белае і чорнае. Я не асуджаю людзей, якія выступаюць за цяперашнюю ўладу, але я асуджаю абыякавасьць да таго, што адбываецца. Хакеістам ёсьць што губляць. Напэўна, ім сказалі маўчаць. Усім ёсьць што губляць, усім казалі маўчаць. Калі супраць выступаюць людзі, якія ўсё жыцьцё рыхтаваліся да зорнага часу на Алімпіядзе ў Токіё, і яны ўсё роўна кажуць, рызыкуючы страціць, магчыма, адзіны шанец у жыцьці трапіць на Алімпіяду, — гэта выклікае захапленьне. А людзі, якім сказалі маўчаць, і яны маўчаць... Добра, калі яны сапраўды ня згодныя зь людзьмі, якія выходзяць на вуліцу, але калі вы проста баіцеся... Кожны жыве паводле сумленьня. У хакеі ў іх цудоўныя заробкі, падтрымка, увесь Менск у лядовых палацах, таму ёсьць прычыны маўчаць.

Чаго могуць пазбавіць улады

Я магу страціць месца ў камандзе. Гэта ня вельмі страшна, таму што ў нас практычна ўсе спартоўцы, усе мэдалі трымаюцца на энтузіязьме саміх спартоўцаў, на іх жаданьні нешта паказаць, даказаць, на іх любові да спорту. Вельмі вялікай падтрымкі фінансавай няма тайскаму боксу і кікбоксінгу. Гэта не алімпійскі від спорту.

Я чытаю камэнтары, што мы жывем на стыпэндыі, трэніруемся на дзяржаўныя грошы, і як пасьмелі выказвацца. Мне сьмешна, бо па факце я ня бачыла ані капейкі ад гэтага. Акрамя прафэсійных баёў, на якіх я зарабляю, аднойчы мне заплацілі прэмію за месца на чэмпіянаце Эўропы. Дык я на гэта працавала шмат гадоў. Я шмат грошай патраціла на малыя чэмпіянаты, на якія езьдзіла за свой кошт, каб зарабіць досьвед, на якім выйграла гэты мэдаль. Я абсалютна нічым не абавязаная і нічога ня вінная. Гэта была мая ініцыятыва і падтрымка маіх родных. І на лячэньне грошы я трачу свае, ніхто не аплачвае. У мяне дзьве апэрацыі на каленях, і калі я заўтра скажу, што я не выступаю, усім будзе ўсё роўна. Мой спорт скончыцца, як і пачаўся, з маёй ініцыятывы. Ніякай вялікай падтрымкі няма, ніхто мільёнаў ня бачыць, ніхто не жыве за кошт дзяржавы, усе зарабляюць сваёй працай. Плюс яны аддаюць сваё здароўе. Усе спартоўцы траўмаваныя, але ў кантактных відах спорту значна больш губляюць здароўе, наўрад ці нехта гэта зможа акупіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG