Славутая біятляністка, алімпійская чэмпіёнка Надзея Скардзіна падпісала пэтыцыю супраць гвалту і за адстаўку Аляксандра Лукашэнкі.
Такім чынам, як паведамляе спартовы партал «Трыбуна», яна стала 1000-м спартоўцам у сьпісе. Надзея Скардзіна — алімпійская чэмпіёнка ў эстафэце на Алімпіядзе-2018 і бронзавая прызэрка ў індывідуальнай гонцы Алімпіяды-2014.
Раней яна жорстка адрэагавала на жорсткае зьбіцьцё Мікіты Домрачава, старэйшага брата калегі па камандзе Дар'і Домрачавай.
Спартовая грамадзкасьць Беларусі выступіла з палітычнымі патрабаваньнямі да ўлады:
- Прызнаць прэзыдэнцкія выбары несапраўднымі з прычыны шматлікіх фактаў фальсыфікацый і ціску на выбарчыя камісіі. Правесьці паўторныя выбары прэзыдэнта ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі, а таксама адстаўку дзейнага складу ЦВК з прыцягненьнем да адказнасьці
- Вызваліць усіх грамадзян, затрыманых падчас дэманстрацый, якія ня маюць дачыненьня да супрацьпраўнай дзейнасьці
- Вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зьняволеных
- Спыніць супрацьпраўную дзейнасьць супрацоўнікаў праваахоўных органаў і правесьці праверку законнасьці іх дзеяньняў, пачынаючы з моманту збору подпісаў для вылучэння кандыдатаў у прэзыдэнты
- Выявіць і пакараць вінаватых у зьбіваньні і зьдзеках з грамадзян, затрыманых падчас мірных дэманстрацый. Кіраўнікі сілавых структураў, адказных за гвалт, павінны падаць у адстаўку
- Аказаць паўнавартасную мэдычную, псыхалягічную, прававую і матэрыяльную дапамогу ўсім пацярпелым ад неправамерных дзеяньняў прадстаўнікоў сілавых структураў
Подпіс пад заявай паставілі 1000 чалавек. Поўны сьпіс на сайце Свабоднага аб’яднання спартоўцаў Беларусі ТУТ.
З хакейнага «Дынама» звольнілі трэнэра-адміністратара
Тым часам Беларускі фонд спартовай салідарнасьці паведаміў, што хакейны клюб «Дынама» пакінуў трэнэр-адміністратар Андрэй Марковіч. Ён таксама сярод падпісантаў ліста.
⠀
«Мяне звольнілі „на ўласнае жаданьне“... Забралі любімую працу, але я вярнуў сабе голас і свабоду! Сёньня свабода даражэйшая. Я люблю сваю краіну ўсім сэрцам, і цяпер я магу ўдыхаць яе на поўныя грудзі. Беларусь вартая большага, а яе народ вялікі і моцны, і я буду заўсёды зь ім побач плячо ў плячо. Жадаю, каб хутка мы ўсе змаглі вярнуць сабе голас і свабоду», — так адраэгаваў ён на вымушаны сыход з каманды.
Андрэй Марковіч — сын экс-амбасадара Беларусі ў Латвіі Васіля Марковіча. Дыплямат быў пазбаўлены свайго рангу і адкліканы са службы за тое, што заявіў пра перамогу на выбарчых участках у Латвіі Сьвятланы Ціханоўскай.