Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2020-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: лістапад


Чарлз Эдвард Пэруджыні, «Вольны час», каля 1880 г.
Чарлз Эдвард Пэруджыні, «Вольны час», каля 1880 г.

Нягледзячы на ўсе драматычныя грамадзка-палітычныя закалоты ды разгул заразнай хваробы, кніжны лістапад абяцае быць шчодрым.

Літаратурны каляндар Радыё Свабода — у першую суботу кожнага месяца.

Паэзія

Анатоль Сыс. «Званы». Менск, выдавецкі дом «Звязда».


Пры жыцьці паэт выдаў тры кнігі. «Званы» — трэцяе пасьмяротнае выданьне ягонай выбранай лірыкі.

Куды вядзе мяне дарога,
я ведаю, каго спытаць,
ісьці нямала і нямнога,
ісьці — пакуль званы зьвіняць.
Так, будзе цяжка, пеклам здасца
бальшак да ісьцінаў зямных,
здалець яго — такая ж праца,
як з чорнай медзі ліць званы.

Гэты загалоўны верш зборніка «Званы» напісаны ў сярэдзіне 80-х мінулага стагодзьдзя. Але ўспрымаецца так, быццам паэт стварыў яго ў нашы дні. Прарочы геній Анатоля Сыса вытрымаў выпрабаваньне часам. Ягоныя радкі могуць быць напісаныя на штандарах ягоных наступнікаў:

…Мне на сэрцы золатам лёс мой вышывалі,
нітак не хапіла на апошні прэнт,
а калі паўмёртвага мяне пакідалі,
уваткнулі ў сэрца
голку-дыямэнт.
Можа, каму трэба залатая нітка,
голка з дыямэнту, я вас папрашу,
калі вам няцяжка, калі вам нябрыдка, —
выратуйце сэрца, вызвальце душу!
Гэта ж вельмі проста, нітку — у клубочак,
голку — у скарбонку, што ў крыві — дарма,
безь віны ды боязі сьпіце сабе ў ночы,
ну, а вашым ворагам сьніцца хай турма.
З матамі, вар’ятамі,
з сабакамі іклатымі,
ды пад аўтаматамі
з залатымі кратамі
будзе
хай
яна!

Ларыса Вырко. «Гронкі рабіны». Менск, «Кнігазбор».

Інжынэр-тэхноляг і галоўны інжынэр Столінскай фабрыкі кухоннай мэблі праз усё сьвядомае жыцьцё душу наталяе вершаванымі строфамі. Выдала зборнікі «Там, дзе зоры глядзяцца ў Гарынь» і «Тут мае карані». У «Гронкі рабіны» Ларыса Вырко сабрала лепшае з свайго творчага набытку і дадала шматлікія фатаздымкі з асабістага жыцьцяпісу.

Максіму Багдановічу

Маланкі, што б’юць зь нябёс,
Шукаюць дрэва вышэй.
Паэтаў ня лашчыць лёс,
Бо бачаць яны ярчэй.
Лунае няскораная душа,
Шукае выйсьця з пакут.
Да Беларусі дарога вяла,
Натхненьня шукаў ён тут.
Зорка Вэнэра, што ўзышла,
Нам асьвятляе шлях.
Тут, на радзіме, песьні гучаць,
Памяць жыве ў вяках.
І нездарма цяжкі свой крыж
Ён да канца пранёс.
Вершаў «Вянок» нам падарыў,
У роднай зямлі ўваскрос.

Проза

Кірыл Стаселька. «Пімкі». Менск, «Галіяфы».


Ці даводзілася вам трапляць у казку? Не праз мастацкія творы, а ў сапраўдную казку, што ажывае вакол? Гэтая кніга — гісторыя пра тое, як цмокі, багнікі, цудадзейныя прадметы ці неверагодныя зьявы пачынаюць існаваць побач з вамі. І найперш гэта гісторыя пра тых, хто прагне бачыць, адчуваць і мысьліць інакш, чым зазвычаена. Хто праз гэта намагаецца ня проста здабыць, але пабудаваць, выгадаваць свабоду для сябе і ў сабе.

Людміла Андзілеўка. «Няхай выбачае юнацтва». Менск, «Кнігазбор».

«Уловіць вуха матыў, прамільгне знаёмая мэлёдыя, а сэрца зоймецца ад хваляваньня — дзесьці там, у імгненьні твайго юнацтва, у даўнім часе жыцьця, застаўся кавалачак цябе. Балючы, востры, жывы больш, чым ты сябе зараз адчуваеш. Музыка здольная выявіць квінтэсэнцыю моманту гісторыі, часу, проста адрэзку чалавечага жыцьця. Усяго колькі гукаў ухапілі, паланілі, зашыфравалі і пакінулі ТАМ частку тваёй душы».

Гэта аўтарскія ўводзіны ў фабулу і сэнс кнігі, жанр якое Людміла Андзілеўка вызначае як «дарожная чытанка для жанчын і чулых мужчын».

Андрэй Сідарэйка. «Здарэньне ў ціхую ноч». Менск, «Кнігазбор».

Кніга апавяданьняў маладога аўтара прыйдзецца да густу аматарам традыцыйнае прозы. Андрэй Сідарэйка піша пра маральныя праблемы сучаснага грамадзтва. Жыцьцё ягоных герояў праходзіць праверку рознымі выклікамі часу, экстрэмальнымі сытуацыямі, адносінамі зь іншымі людзьмі і навакольным асяродзьдзем.

Дзіцячая літаратура

Вольга Гапеева. «Адна шкарпэтка і іншыя гісторыі». Менск, «Галіяфы».


Новая кніга Вольгі Гапеевай — гэта шэсьць чароўных гісторый для дзяцей і ня толькі. Дзівосныя насельнікі маленькага казачнага сьвету, створанага ці, можа, прысьнёнага аўтаркай, перажываюць тое, што знаёма шмат каму з нас — малых і дарослых. Гэта мудрая і кранальная кніга пра вельмі важныя рэчы.

Янаш. «Ах, якая цудоўная краіна Панама». Пераклад зь нямецкай Ірыны Паляковай. Менск, «Галіяфы».


«Калі ёсьць сябра, тады няма чаго баяцца!» — перакананыя героі кнігі. Яны блізкія сябры, і яны нічога не баяцца, таму што разам яны надзіва моцныя, такія моцныя, як мядзьведзь і тыгр. У доме ля ракі ім добра жывецца. Але аднойчы яны выпраўляюцца ў дарогу на пошукі Панамы, краіны сваёй мары. У дарозе зь імі здараюцца розныя прыгоды. Але дзе тая Панама? Ліс, Карова, Мыш — яны нічога пра гэта ня ведаюць, толькі Варона дапамагае сябрам. Урэшце яны знаходзяць тое, што шукалі. З сапраўднымі сябрамі мары заўжды збываюцца.

«Не маўчы па-беларуску!» Дзіцячы каляндар-2021. Менск, «Кнігазбор».

Беларускамоўныя календары зь вясёлымі малюнкамі выходзяць з 2014 году. На кожны дзень стваральнікі прапаноўваюць цікавае беларускае слова альбо трапны выраз. Малюнкі падрыхтавала мастачка Даша Мандзік. Дызайн — Анатоль Лазар.

Гэта самы пасьпяховы беларускамоўны друкаваны праект у Беларусі. У апошнія тры гады агульны наклад календара перавысіў 10 000 асобнікаў.

Дакумэнталістыка

Міхаіл Марціновіч. «Вялікія княгіні Вялікага Княства Літоўскага». Менск, выдавец Раман Цымбераў.


Гэтая кніга пра тое ці, дакладней, пра тых, каго ня песьцяць сваёй увагай ні шматслоўныя беларускія бэлетрысты, ні ашчадныя на пахвалу навукоўцы. Жонкі, дочкі, унучкі айчынных валадароў сталі галоўнымі пэрсанажамі гэтае кнігі. Ейныя чытачы знойдуць падрабязныя біяграфіі вялікіх жанчын Вялікага княства Літоўскага да Люблінскай уніі. Аўтар паказвае іх месца і ролю ў надзвычай важных і недаацэненых падзеях айчыннай гісторыі. Ён падводзіць чытача да думкі, што без падрабязнага знаёмства з жыцьцёвымі шляхамі жонак гаспадароў нашай старадаўняй дзяржавы часта немагчыма зразумець прычыны знакавых падзей і працэсаў, што адбываліся на беларускіх землях у эпоху сярэднявечча і раньняга новага часу. І падзеі гэтыя паўстаюць па-новаму ў звыклых малюнках гісторыі.

Войцех Пэстка. «Да сустрэчы ў пекле». Пераклад з польскай Паўла Ляхновіча. Менск, «Кнігазбор».

Кніга мае падзагаловак: «Апакаліпсіс: Рэпартажы». Ён яшчэ больш акцэнтуе выразную адсылку тэмы кнігі да славутага Дантавага пекла. Але падзеі на яе старонках ня выдуманыя паэтычным геніем, а рэальна пражытыя канкрэтнымі людзьмі, якім выпала на долю камуністычнае пекла СССР.

Антоні Эдвард Адынец. «Успаміны пра мінулае». Пераклад з польскай Яніны Кісялёвай і Марыі Мартысевіч. Менск, «Лімарыус».

Гэта першае выданьне па-беларуску ўспамінаў паэта, які нарадзіўся на Ашмяншчыне, блізкага сябра Адама Міцкевіча, «апошняга філярэта» Антонія Эдварда Адынца. І наогул — гэта першае камэнтаванае выданьне адной з галоўных крыніцаў да гісторыі таварыства філяматаў і філярэтаў. Кніга выходзіць у сэрыі «Наша ХІХ стагодзьдзе».

Мікола Равенскі. Зборнік дакумэнтаў. Укладальнік Лявон Юрэвіч. Менск, «Кнігазбор».

Гэта першая кніга, прысьвечаная жыцьцю і творчасьці выбітнага кампазытара, аўтара славутай песьні «Люблю наш край» і гімну «Магутны Божа». Ягоны лёс адлюстраваны ў аўтабіяграфічных і дасьледчых тэкстах, а таксама ва ўспамінах суродзічаў і ў шматлікіх фатаздымках. Кніга будзе цікаваю кожнаму, хто сёньня пяе неўміручыя творы Міколы Равенскага.

Падзеі

25–30 лістапада — Караткевіцкі фэст, прысьвечаны 90-годзьдзю клясыка беларускай літаратуры. У ягонай праграме плянуецца:

25 лістапада — вялікая вечарына ў Менску;

27 лістапада — імпрэза на радзіме пісьменьніка ў Воршы з онлайн-трансьляцыяй адтуль;

цягам лістапада — 5 онлайн-экскурсій па гарадах, дзе жыў Уладзімер Караткевіч.

Час і месца імпрэзаў будуць удакладненыя пазьней. Магчымыя зьмены ў праграме фэсту.

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG