Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатка Бундэстагу: «Выкарыстаньне беларускай мовы „Нямецкай хваляй“ будзе слушным сыгналам»


Рэната Альт, дэпутатка Бундэстагу ад Свабоднай дэмакратычнай партыі
Рэната Альт, дэпутатка Бундэстагу ад Свабоднай дэмакратычнай партыі

Бундэстаг 4 лістапада прыняў рэзалюцыю з заклікам да афіцыйнага Менску неадкладна вызваліць усіх беларускіх палітвязьняў і правесьці ў краіне паўторныя выбары прэзыдэнта.

Акрамя гэтага закліку, рэзалюцыя ўтрымлівае шэраг рэкамэндацый нямецкаму ўраду адносна дапамогі дэмакратычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, а таксама падтрымкі незалежных СМІ.

Пра шанцы ажыцьцяўленьня гэтых рэкамэндацый Свабода пагаварыла з дэпутаткай Бундэстагу Рэнатай Альт зь лібэральнай Свабоднай дэмакратычнай партыі (FDP, Freie Demokratische Partei), якая знаходзіцца ў апазыцыі да кааліцыйнага ўраду хрысьціянскіх дэмакратаў (CDU i CSU) і сацыял-дэмакратаў (SPD). Свабодная дэмакратычная партыя, як і партыі кіроўнай кааліцыі, падтрымала рэзалюцыю па Беларусі.

— Я чакаю, што Міністэрства замежных спраў прыслухаецца да рашэньня ўласных партый у парлямэнце і прадоўжыць учорашнюю рэзалюцыю па Беларусі. Рэзалюцыя ўтрымлівае мноства вельмі добрых і важных рэкамэндацый, якія ў выпадку іх рэалізацыі сапраўды дапамогуць дэмакратычнай апазыцыі і ахвярам палітычнага гвалту.

Аднак я не разумею, чаму партыі кааліцыі прымаюць рэзалюцыю цяпер, замест таго каб дзейнічаць два месяцы таму. Нямеччына старшынюе ў Радзе ЭЗ, і таму яна бярэ на сябе асаблівую адказнасьць, калі гаворка ідзе пра агульную пазыцыю па асноўных праблемах, зь якімі сутыкаецца Эўразьвяз. Усе захады, пералічаныя ў гэтай рэзалюцыі, маглі быць рэалізаваныя ўжо ў жніўні. Гэты павольны бюракратычны адказ сьведчыць пра няздольнасьць фэдэральнага ўраду хутка рэагаваць на важныя праблемы.

— Ці будзе ваша партыя прапаноўваць канкрэтныя сумы для падтрымкі дэмакратычных актывістаў і ахвяраў рэпрэсій у Беларусі падчас дэбатаў над фэдэральным бюджэтам?

— Сапраўды, наша партыя чакае, што фэдэральны ўрад выдзеліць грошы на падтрымку беларускай апазыцыі, і мы зь нецярплівасьцю чакаем, каб даведацца больш пра ўрадавыя прапановы адносна бюджэту. Калі мы як лібэралы прапанавалі пашырыць вяшчаньне «Нямецкай хвалі» на Расею і Беларусь, мы ўнесьлі вельмі канкрэтныя прапановы, як фінансаваць гэтыя захады, не абцяжарваючы залішне цяперашні бюджэт. Гэтага мы чакаем і ад ураду.

— Якраз аб прапанаваным вамі пашырэньні вяшчаньня «Нямецкай хвалі» на Беларусь я хацеў запытацца. Што вы думаеце пра ідэю стварыць мэдыяплятформу, зьвязаную з Deutsche Welle і прысьвечаную спэцыяльна Беларусі, да таго ж яшчэ і на беларускай мове, а не выключна на расейскай?

— У рэзалюцыі, унесенай нашай парлямэнцкай групай, мы патрабуем пашырэньня расейскай і беларускай службаў «Нямецкай хвалі». Канкрэтныя спосабы ажыцьцяўленьня гэтага павінна вызначыць кіраўніцтва Deutsche Welle, але мы цьвёрда верым, што пэўны ўзровень асьвятленьня на абедзьвюх мовах будзе слушным сыгналам. Мы таксама патрабуем шырэй выкарыстоўваць каналы сацыяльных сетак, больш асьвятляць падзеі ў Беларусі, а таксама пашыраць лічбавыя і аналягавыя фарматы на расейскай мове для ўсёй прасторы «Ўсходняга партнэрства».

Мы таксама заклікаем да больш актыўнага супрацоўніцтва паміж незалежнымі беларускімі СМІ і Акадэміяй «Нямецкай хвалі» з мэтай разьвіцьця ноў-хаў і перадачы ведаў паміж беларускімі і нямецкімі журналістамі ды забесьпячэньня мясцовых журналістаў лепшымі журналісцкімі інструмэнтамі. Больш за тое, мы цьвёрда верым, што праверка фактаў Deutsche Welle для Беларусі павінна быць узмоцненая і што Deutsche Welle павінна больш цесна супрацоўнічаць зь іншымі незалежнымі мэдыяканаламі ў рэгіёне, напрыклад з RFE/RL.

— Што, на вашу думку, можа быць найлепшым вырашэньнем цяперашняга крызісу ў Беларусі?

— Мы застаёмся вернымі сваёй пазыцыі са жніўня: цяперашні сур’ёзны палітычны крызіс у Беларусі можна вырашыць толькі шляхам свабодных і сумленных выбараў, якія павінны адбыцца пад наглядам АБСЭ. Да гэтага ўсе палітвязьні павінны быць вызваленыя, а Лукашэнка павінен сысьці з пасады. Гэта перадумова любых далейшых рэформаў або інстытуцыйных зьменаў у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG