Нямецкі Бундэстаг прыняў у сераду, 4 лістапада, рэзалюцыю з заклікам неадкладна вызваліць усіх беларускіх палітвязьняў і правесьці ў краіне паўторныя выбары прэзыдэнта, паведамляе DW.
Акрамя таго, дакумэнт зьмяшчае пералік канкрэтных захадаў, накіраваных на ўзмацненьне структур грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, падтрымку незалежных СМІ і асоб, якія пацярпелі ад рэпрэсій уладаў.
- Бундэстаг не прызнае афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў Беларусі 9 жніўня 2020 году;
- асуджае дзеяньні беларускіх уладаў, cкіраваныя на задушэньне пратэстаў;
- патрабуе неадкладнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў і спыненьня рэпрэсій супраць апазыцыі;
- патрабуе ўвядзеньня пэрсанальных санкцый супраць Аляксандра Лукашэнкі і ягонага найбліжэйшага атачэньня, а таксама супраць адказных за палітычныя рэпрэсіі, гвалт і фальсыфікацыю выбараў;
- заклікае да актыўнага ўключэньня ў запуск перамоўнага працэсу ў Беларусі ня толькі АБСЭ, але і Расеі,
- заклікае фінансава дапамагчы тым, хто пацярпеў падчас задушэньня пратэстаў у Беларусі ці быў звольнены за ўдзел у страйках;
- прапаноўвае палегчыць уезд у Эўропу беларускім грамадзянам, якія падпалі пад палітычныя рэпрэсіі;
- заклікае пашырыць фінансаваньне праграм падтрымкі грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку незалежных прафсаюзаў і страйкамаў;
- заклікае ўрад Нямеччыны падтрымаць беларускіх журналістаў і незалежныя СМІ;
- прапануе ўраду даць магчымасьць атрымаць вышэйшую адукацыю ў ЭЗ студэнтам, адлічаным з ВНУ за ўдзел у акцыях пратэсту;
- прапануе перагледзець праграмы фінансавай падтрымкі беларускай эканомікі па лініі Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку і Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця такім чынам, каб яны ішлі «на карысьць перш за ўсё грамадзянскай супольнасьці, а не дзяржаўным структурам».
У дакумэнце гаворыцца, што дапамога беларускай грамадзянскай супольнасьці павінна быць улічаная падчас бюджэтных слуханьняў. Прынятая рэзалюцыя носіць рэкамэндацыйны характар.