Вячаслаў Смольскі цяпер у Кіеве, ён быў вымушаны зьехаць з Менску ў верасьні. Цяпер з дапамогай адваката Вячаслаў намагаецца, каб вінаватых у сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага пакаралі.
Вячаслаў Смольскі зьняў забойства Аляксандра Тарайкоўскага на відэа. Ён быў гатовы выступаць сьведкай абвінавачаньня супраць сілавікоў і зьвязаўся са штабам Бабарыкі. Мяркуе, што пасьля таго, як у штабе Бабарыкі прайшоў ператрус, яго ліставаньне зь юрыстамі магло трапіць да сілавікоў. Дзьверы ў кватэры Вячаслава ўзламалі, ён быў вымушаны зьехаць.
«Сьледчы камітэт ня моцна хоча гэтым займацца»
Цяпер сувязь са Сьледчым камітэтам у справе забойства Тарайкоўскага трымае адвакат Вячаслава.
«Былі праблемы з завярэньнем маіх паказаньняў, гэта расьцягнулася на два тыдні. Знайшлі выхад, запісалі паказаньні ў відэафармаце і перадалі друкаваную вэрсію. Зараз гэтыя матэрыялы перададуць адвакату, і пасьля яны трапяць у Сьледчы камітэт. Маё відэа даказвае, што быў стрэл у Аляксандра, гэта супаставіць няцяжка. Мяркую, Сьледчы камітэт ня надта хоча гэтым займацца, але спадзяюся на нейкія зрухі. Ёсьць відэа з мэтададзенымі, ёсьць паказаньні, ёсьць канкрэтны час», — кажа Вячаслаў.
На відэа — стрэл у Аляксандра Тарайкоўскага, а таксама момант, калі сьвятлашумавая граната раніла іншага хлопца, яму адарвала ступню.
Вячаслаў 10 жніўня выйшаў на акцыю сьвядома. Пра гэта ён падрабязна распавядаў Радыё Свабода.
«У пэўны момант я зразумеў, што на месцы засталося толькі 20 чалавек. Аляксандар Тарайкоўскі быў бліжэй да сілавікоў, ён падняў рукі ўгару і пайшоў наперад, было два стрэлы, тады ён пачаў згінацца і падаць, пасьля я пабачыў, як поруч падае чалавек, якому адарвала ступню», — прыгадвае Вячаслаў.
Пасьля Вячаслаў забраў з вуліцы 10 чалавек і завёў да сябе. Якраз у гэтай кватэры пасьля зламалі замок, гаспадара тады дома не было. Падчас ператрусу ў штабе Бабарыкі, зь юрыстамі якога Вячаслаў ліставаўся, забралі кампутары, і перапіска магла трапіць да сілавікоў.
«Знаёмыя параілі зьяжджаць»
«Мне казалі знаёмыя, што лепш зьяжджаць, так я зраблю болей, чым з турмы. У Кіеве цяжка знайсьці працу, у Менску ў мяне засталіся хворыя бацькі, ёсьць крэдыт. Я займаюся дызайнам інтэр’ераў, бараў, кавярняў», — кажа Вячаслаў.
Мяжу Вячаслаў перасек са складанасьцямі: пашпарт памежнікі разглядалі каля паўгадзіны, але ўсё ж выпусьцілі.
«Думаю, дамагчыся справядлівасьці будзе цяжка, але шанец ёсьць. Можна падаць у суд ва Ўкраіне. Гэта доўгі працэс, над якім мы цяпер працуем. Гэта можа быць больш дзейсна, чым у Беларусі. Праверкі Сьледчага камітэту могуць доўжыцца і год, і два, і пяць. Будуць спасылацца на тое, што немагчыма знайсьці таго, хто страляў. Усе гэтыя спэцслужбы пакрываюць адна адну», — кажа Вячаслаў.