Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-амбасадар Беларусі ў Аргентыне далучыўся да Народнага антыкрызіснага кіраваньня. ВІДЭА


Уладзімір Астапенка.
Уладзімір Астапенка.

Уладзімер Астапенка, які звольніўся з пасады беларускага амбасадара ў Аргентыне, прыняў прапанову кіраўніка Народнага антыкрызіснага кіраваньня Паўла Латушкі далучыцца да гэтага грамадзкага органу.

Пра гэта спадар Астапенка заявіў у відэазвароце.

Ён выказаў падзяку за салідарнасьць, якую адчуў у сувязі зь ягонымі заявамі.

Асобна Астапенка зьвярнуўся да дзяржаўных службоўцаў Беларусі:

«Я не заклікаю вас зрабіць, як я. Але я заклікаю ўсіх вас праявіць прыстойнасьць, якая ня мае на ўвазе гераізму, але мае на ўвазе няўдзел у подласьці».

Дзьве заявы амбасадара Астапенкі

З лістапада Ўладзімера Астапенку вызвалілі ад пасады Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Беларусі ў Аргентыне, фармальна ў сувязі з учынкам, не сумяшчальным са знаходжаньнем на дыпляматычнай службе. Раней дыплямат напісаў два звароты ў МЗС Беларусі з просьбай аб звальненьні і з пратэстам з нагоды гвалту ў краіне, а пасьля запісаў і відэазварот зь бел-чырвона-белым сьцягам.

Амбасадар Беларусі ў Аргентыне Ўладзімер Астапенка падаў заяву аб адстаўцы яшчэ ў дзень таемнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, 23 верасьня. Але 27 кастрычніка ён заяву адклікаў і падаў новую: у сувязі з парушэньнем наймальнікам заканадаўства.

У прыватнасьці, на ягоную думку, дапушчаныя:

• шматлікія парушэньні асноўных правоў і свабод грамадзян Беларусі, замацаваных у Канстытуцыі краіны і яе міжнародна-прававых абавязаньнях;

• відавочныя і грубыя фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, што стала прычынай іх непрызнаньня 27 дзяржавамі – сябрамі Эўразьвязу, Вялікай Брытаніяй, ЗША, Канадай, Украінай і іншымі краінамі;

• неапраўдана жорсткая рэакцыя органаў унутраных спраў (ужываньне празьмернай сілы і спэцсродкаў) у адказ на законныя акцыі мірнага пратэсту;

• неправамернае зацягваньне прыняцьця рашэньняў аб завядзеньні крымінальных спраў па фактах забойстваў, катаваньняў, гвалту, масавых зьбіваньняў, адвольных затрыманьняў, ілжывых сьведчаньняў з боку праваахоўных органаў;

• невыкананьне патрабаваньняў нацыянальнага заканадаўства і міжнародна-прававых звычаяў, якія прадугледжваюць неабходнасьць забесьпячэньня максымальнай публічнасьці пры арганізацыі цырымоніі прэзыдэнцкай інаўгурацыі.

«Адсутнасьць міжнароднай легітымнасьці кіраўніка дзяржавы не дазваляе мне і як дыплямату, і як патрыёту сваёй краіны працягваць добрасумленнае выкананьне службовых абавязкаў амбасадара, знаходзячыся ў падначаленьні ў асобы, якая ня мае права выказваць волю беларускага народу», — тлумачыць Астапенка.

Хто такі Астапенка

Уладзімер Астапенка — карʼерны дыплямат, пачынаў сваю працу трэцім сакратаром МЗС Беларускай ССР. Займаў пасаду намесьніка міністра замежных спраў, працаваў у шэрагу амбасадаў. У 2018 годзе быў прызначаны паслом Беларусі ў Аргентынскай Рэспубліцы, а пазьней — паслом у Чылі, Парагваі і Перу па сумяшчальніцтве.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў шэраг дыпляматаў пакінулі МЗС праз сваю грамадзянскую пазыцыю, агучаную публічна. Пасады і/або дыпляматычнага рангу пазбавіліся паслы Беларусі ў Гішпаніі, Латвіі і Славаччыне.

Супрацоўніка цэнтральнага апарату, начальніка гісторыка-архіўнага аддзяленьня МЗС Вячаслава Казачэнку, які выйшаў на пікет супраць гвалту ў краіне, звольнілі з замежнапалітычнага ведамства паводле артыкула.

Кіраўнік дэпартамэнту Паўночнай Амэрыкі і Заходняй Эўропы Андрэй Бушыла і першы сакратар упраўленьня Эўропы МЗС Павел Слюнькін самі пайшлі ў адстаўку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG