Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Беларусі ў Аргентыне выказаў спадзеў, што бел-чырвона-белы сьцяг стане ізноў дзяржаўным. ВІДЭА


Уладзімер Астапенка.
Уладзімер Астапенка.

Амбасадар Беларусі ў Аргентыне, які напісаў заяву на звальненьне з палітычных прычынаў, выказаў спадзеў, што бел-чырвона-белы сьцяг стане ізноў дзяржаўным.

2 заявы амбасадара Астапенкі пра адстаўку

Амбасадар Беларусі ў Аргентыне Ўладзімер Астапенка падаў заяву пра адстаўку яшчэ ў дзень тайнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, 23 верасьня. Але 27 кастрычніка​ ён заяву адклікаў і падаў новую: цяпер у сувязі з парушэньнем наймальнікам заканадаўства.

«Пасьля інаўгурацыі, 23 верасьня, я падаў заяву аб вызваленьні ад займанай пасады паводле пагадненьня бакоў у адпаведнасьці з п. 1 часткi другой артыкулу 35 Працоўнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Ніякай рэакцыі на гэта не атрымаў. Цяпер я гэтую заяву адклікаў і 27 кастрычніка падаў новую, з патрабаваньнем вызваліць мяне ад пасады пасла ўжо на падставе артыкулу 41 — у сувязі з парушэньнямі наймальнікам заканадаўства, якія перашкаджаюць выкананьню маёй працы паводле працоўнай дамовы», -— сказаў Уладзімер Астапенка, якога цытуе Tut.by.

Ён лічыць, што цэлы шэраг дзеяньняў наймальніка стварае аб’ектыўныя ўмовы для непрызнаньня легітымнасьці кіраўніка дзяржавы і міжнароднай ізаляцыі Беларусі.

У прыватнасьці, на ягоную думку, дапушчаныя:

  • шматлікія парушэньні асноўных правоў і свабод грамадзян Беларусі, замацаваных у Канстытуцыі краіны і яе міжнародна-прававых абавязаньнях;
  • відавочныя і грубыя фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, што стала прычынай іх непрызнаньня 27 дзяржавамі – сябрамі Эўразьвязу, Вялікай Брытаніяй, ЗША, Канадай, Украінай і іншымі краінамі;
  • неапраўдана жорсткая рэакцыя органаў унутраных спраў (ужываньне празьмернай сілы і спэцсродкаў) у адказ на законныя акцыі мірнага пратэсту;
  • неправамернае зацягваньне прыняцьця рашэньняў аб завядзеньні крымінальных спраў па фактах забойстваў, катаваньняў, гвалту, масавых зьбіваньняў, адвольных затрыманьняў, ілжывых сьведчаньняў з боку праваахоўных органаў;
  • невыкананьне патрабаваньняў нацыянальнага заканадаўства і міжнародна-прававых звычаяў, якія прадугледжваюць неабходнасьць забесьпячэньня максымальнай публічнасьці пры арганізацыі цырымоніі прэзыдэнцкай інаўгурацыі.

«Адсутнасьць міжнароднай легітымнасьці кіраўніка дзяржавы не дазваляе мне і як дыплямату, і як патрыёту сваёй краіны працягваць добрасумленнае выкананьне службовых абавязкаў амбасадара, знаходзячыся ў падначаленьні ў асобы, якая ня мае права выказваць волю беларускага народу», — тлумачыць Астапенка.

Хто такі Астапенка

Уладзімір Астапенка — карʼерны дыплямат, пачынаў сваю працу трэцім сакратаром МЗС Беларускай ССР. Займаў пасаду намесьніка міністра замежных спраў, працаваў у шэрагу амбасадаў. У 2018 годзе быў прызначаны паслом Беларусі ў Аргентынскай Рэспубліцы, а пазьней — паслом у Чылі, Парагваі і Перу па сумяшчальніцтве.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў шэраг дыпляматаў пакінулі МЗС праз сваю грамадзянскую пазыцыю, агучаную публічна. Пасад і/або дыпляматычнага рангу пазбавіліся паслы Беларусі ў Гішпаніі, Латвіі і Славаччыне.

Супрацоўніка цэнтральнага апарату, начальніка гісторыка-архіўнага аддзяленьня МЗС Вячаслава Казачэнку, які выйшаў на пікет супраць гвалту ў краіне, звольнілі з замежнапалітычнага ведамства паводле артыкулу, кіраўнік дэпартамэнту Паўночнай Амэрыкі і Заходняй Эўропы Андрэй Бушыла і першы сакратар упраўленьня Эўропы МЗС Павел Слюнькін самі пайшлі ў адстаўку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG