Адзін з раённых судоў Чарнігаўскай вобласьці вызваліў ад крымінальнай адказнасьці грамадзяніна Ўкраіны, жыхара Чарнігаўшчыны, які прызнаўся, што быў завэрбаваны прадстаўніком беларускай памежнай службы.
Як паведаміў на судовым пасяджэньні абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе, беларускія памежнікі затрымалі яго сёлета 29 жніўня, калі ён лавіў рыбу на Дняпры каля паселішча Мнёў Чарнігаўскага раёну — там, дзе па фарватэры праходзіць мяжа Беларусі і Ўкраіны.
Яго даставілі на памежную заставу на беларускай тэрыторыі, і там, як адзначаецца ў рашэньні суду, «пад пагрозай крымінальнай адказнасьці за парушэньне мяжы нявызначаны супрацоўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі прапанаваў яму негалосную супрацу».
Украінец вымушана пагадзіўся на супрацу, але па вяртаньні на ўкраінскую тэрыторыю зьвярнуўся ва ўпраўленьне СБУ ў Чарнігаўскай вобласьці, дзе і паведаміў пра сваю вярбоўку. Паводле яго, беларускія памежнікі цікавіліся арганізацыяй аховы дзяржаўнай мяжы каля паселішчаў Неданчычы і Дняпроўскае ў Чарнігаўскім раёне, а таксама асабістым складам памежных атрадаў, маршрутамі аховы, узбраеньнем, вайсковай тэхнікай і фартыфікацыйнымі збудаваньнямі на мяжы. Сабраную інфармацыю «агент» павінен быў перадаваць у часе сваіх наступных выездаў на рыбную лоўлю ў тым жа месцы.
Улічваючы, што рыбак добраахвотна прызнаўся ў тым, што быў завэрбаваны, і такім чынам не прычыніў шкоды дзяржаве, суд вызваліў яго ад крымінальнай адказнасьці.
У кастрычніку ў Службе бясьпекі Ўкраіны Свабодзе паведамілі, што з траўня беларускія спэцслужбы актывізавалі сваю дзейнасьць па вэрбаваньні ўкраінцаў. У СБУ таксама сьцьвярджаюць, што з таго часу выявілі факты, калі спэцслужбы Беларусі спрабавалі «разгайдаць» украінскіх праварадыкалаў для дыскрэдытацыі Ўкраіны на міжнароднай арэне.
Каго яшчэ вэрбавалі?
З 2016 году стала вядома прынамсі пра восем заяваў аб вэрбаваньні ўкраінцаў беларускімі спэцслужбамі і яшчэ пра некалькі — расейскімі і польскімі органамі выведкі. Цяперашні — дзявяты вядомы выпадак на мяжы зь Беларусьсю. У адным зь іх завэрбаваны ў Беларусі грамадзянін Украіны нават назваў імя свайго беларускага куратара.
Пасьля першых аналягічных гісторыяў у прэсавым цэнтры Службы бясьпекі Ўкраіны Свабодзе заяўлялі, што такія факты фіксуюць «амаль сыстэматычна». Што праўда, пра іх ніколі не паведамляюць афіцыйна — усе яны сталі вядомыя пасьля публікацыі судовых рашэньняў аб закрыцьці крымінальных справаў супраць украінцаў, якія добраахвотна паведамілі СБУ пра сваё вэрбаваньне.
У студзені 2020 году стала вядома, што ва Ўкраіне ўпершыню завялі крымінальную справу на супрацоўніка апэратыўна-вышуковага аддзелу Пінскага памежнага атраду Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, які нібыта займаўся вэрбаваньнем украінскіх грамадзян.