Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінфін прызнаў права галоўнага інжынэра МЗКЦ на кампэнсацыю за тры гады турмы


Андрэй Галавач падчас суду, 19 ліпеня 2019 года
Андрэй Галавач падчас суду, 19 ліпеня 2019 года

Міністэрства фінансаў Беларусі прызнала права галоўнага інжынэра Менскага заводу колавых цягачоў на кампэнсацыю. Андрэй Галавач амаль тры гады правёў пад вартай праз падазрэньне ў атрыманьні хабару ў буйным памеры, піша БелаПАН.

26 лістапада адбудзецца судовае паседжаньне паводле пазову галоўнага інжынэра МЗКЦ Андрэя Галавача да Міністэрства фінансаў аб кампэнсацыі за амаль тры гады ўтрыманьня пад вартай. Такое рашэньне 4 лістапада ў судзе Маскоўскага раёну Менску прыняла судзьдзя Паліна Анціпчук. У судзе адвакатка Алена Варонка нагадала, што Галавача затрымалі 6 траўня 2015 году. Амаль праз тры гады, 5 лютага 2018 году, суд Фрунзэнскага раёну сталіцы апраўдаў галоўнага інжынэра. 17 сьнежня 2019 году той жа суд прызнаў за Галавачом права на кампэнсацыю маёмаснай і маральнай шкоды, а таксама права на аднаўленьне парушаных працоўных, пэнсійных і іншых асабістых немаёмасных правоў.

Прадстаўнікі Міністэрства фінансаў на паседжаньне суду 4 лістапада не зьявіліся. У пададзеным суду пісьмовым тлумачэньні міністэрства прызнала права Галавача на атрыманьне кампэнсацыі і папрасіла суд вызначыць памер кампэнсацыі маральнай шкоды «ў залежнасьці ад характару нанесеных Галавачу фізычных і маральных пакут з улікам патрабаваньняў разумнасьці і справядлівасьці».

На працягу ўсяго сьледзтва, а таксама суду, як сам Галавач, так і ягоныя абаронцы неаднаразова заяўлялі хадайніцтвы аб спыненьні вядзеньня крымінальнай справы праз адсутнасьць у яго дзеяньнях складу злачынства. Хадайніцтвы адхіляліся.

«Мой падабаронны ніякім чынам не парушаў закону. Ён быў незаконна абвінавачаны ў злачынстве, якога не рабіў. У вачах многіх людзей былі заплямленыя ягоныя гонар і добрае імя, дзелавая рэпутацыя. Знаходжаньне яго на працягу доўгага пэрыяду пад вартай <...> прывяло да пагаршэньня стану здароўя. На працягу трох гадоў ён незаслужана быў пазбаўлены сваёй сям’і, якая ў выніку расьсьледаваньня крымінальнай справы і разгляду ў судзе знаходзілася, можна сказаць, на мяжы распаду», — сказала адвакатка Алена Варонка.

Перанесеныя маральныя і фізычныя пакуты Галавач ацэньвае ў 50 тысяч рублёў, якія ён просіць спагнаць зь дзяржавы ў якасьці маральнай шкоды. Пасьля апраўдальнага прысуду ў справе аб атрыманьні хабару ў буйным памеры (ч. 2 і 3 арт. 430 КК), Галавач яшчэ больш за год быў пад вартай праз абвінавачаньне ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі (ч. 2 арт. 424 КК), але ў пазоў да Мінфіну аб кампэнсацыі галоўны інжынэр МЗКЦ уключыў толькі ўтрыманьне пад вартай паводле першага артыкулу, нягледзячы на тое, што быў апраўданы і па другім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG