Уладзімер Астапенка вызвалены ад пасады надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Беларусі ў Аргентыне ў сувязі з учынкам, які несумяшчальны са знаходжаньнем на дыпляматычнай службе, інфармуе БЕЛТА.
Раней дыплямат напісаў два звароты ў МЗС Беларусі з просьбай аб звальненьні і з пратэстам з нагоды гвалту ў краіне, а пасьля запісаў і відэазварот зь бел-чырвона-белым сьцягам.
Уладзімер Астапенка таксама працаваў па сумяшчальніцтве паслом Беларусі ва Ўругваі, Чылі, Парагваі і Пэру.
Указ аб звальненьні Астапенкі Лукашэнка падпісаў 3 лістапада. У адпаведнасьці з указам Уладзімер Астапенка таксама пазбаўлены дыпляматычнага рангу Надзвычайнага і паўнамоцнага пасла.
Дзьве заявы амбасадара Астапенкі пра адстаўку
Амбасадар Беларусі ў Аргентыне Ўладзімер Астапенка падаў заяву аб адстаўцы яшчэ ў дзень таемнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, 23 верасьня. Але 27 кастрычніка ён заяву адклікаў і падаў новую: цяпер у сувязі з парушэньнем наймальнікам заканадаўства.
Хто такі Астапенка
Уладзімер Астапенка — карʼерны дыплямат, пачынаў сваю працу трэцім сакратаром МЗС Беларускай ССР. Займаў пасаду намесьніка міністра замежных спраў, працаваў у шэрагу амбасадаў. У 2018 годзе быў прызначаны паслом Беларусі ў Аргентынскай Рэспубліцы, а пазьней — паслом у Чылі, Парагваі і Перу па сумяшчальніцтве.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў шэраг дыпляматаў пакінулі МЗС праз сваю грамадзянскую пазыцыю, агучаную публічна. Пасады і/або дыпляматычнага рангу пазбавіліся паслы Беларусі ў Гішпаніі, Латвіі і Славаччыне.
Супрацоўніка цэнтральнага апарату, начальніка гісторыка-архіўнага аддзяленьня МЗС Вячаслава Казачэнку, які выйшаў на пікет супраць гвалту ў краіне, звольнілі з замежнапалітычнага ведамства паводле артыкула. Кіраўнік дэпартамэнту Паўночнай Амэрыкі і Заходняй Эўропы Андрэй Бушыла і першы сакратар упраўленьня Эўропы МЗС Павел Слюнькін самі пайшлі ў адстаўку.