Выканаўцам абавязкаў галоўнага рэдактара газэты «„Комсомольская правда“ в Белоруссии» стаў журналіст маскоўскай рэдакцыі Аляксандар Коц.
Сёньня яго прадставілі калектыву, расказаў сам Коц «Медиазоне».
Пры гэтым у артыкуле 31 «Закону аб СМІ» адзначана, што галоўным рэдактарам беларускага выданьня можа быць толькі грамадзянін Беларусі.
Коц удзельнічаў у асьвятленьні канфліктаў у Косаве, Аўганістане, Сырыі, Украіне і іншых краінах, апошнім часам знаходзіўся ў Карабаху, — пісала пра яго «Наша ніва».
За аднабаковае інфармацыйнае забесьпячэньне анэксіі Крыму і вайны на Данбасе ён уключаны ў сьпіс украінскага «Міратворца».
Коц доўгі час працаваў у тандэме зь іншым ваенным журналістам расейскай «Камсамольскай праўды» Дзьмітрыем Сьцешыным. Сьцешын вядомы тым, што ў маладосьці быў ультраправым актывістам, быў у рэдакцыйнай радзе часопіса «Русский образ». Расейскія СМІ пісалі, што ў яго кватэры хаваўся лідэр «Баявой арганізацыі расейскіх нацыяналістаў» Мікіта Ціханаў, які пасьля быў асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне за забойствы. Такое ж пакараньне атрымаў і галоўны рэдактар «Русского образа» Ігар Гарачоў, кум Сьцешына.
З «Камсамолкі» днямі сышлі журналісты Мікіта Недаверкаў, Эвіка Ота, Вольга Івашэнка і намесьніца галоўнага рэдактара Іна Качаткова.
У жніўні ў газэце ўжо мянялі галоўнага рэдактара. Тады прыехала кіраваць газэтай Марына Бунакова — колішняя рэдактарка КП у Хабараўску.
Раней дзяржаўны «Беларускі дом друку» адмовіўся браць у працу «Комсомольскую правду», якая расказвала пра шматтысячныя акцыі прыхільнікаў пераменаў. «Белсаюздрук» перастаў прымаць газэту ў распаўсюд, а «Белпошта» не ўключыла яе ў падпісны каталёг на 2021 год.