Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гранаты і стрэльбы супраць кветак і сьвечак. Як у Менску прайшоў марш «Дзяды супраць тэрору». ФОТА і ВІДЭА

абноўлена

Людзі бясстрашна ішлі на сілавікоў са зброяй, скіраванай на іх
Людзі бясстрашна ішлі на сілавікоў са зброяй, скіраванай на іх

Некалькі дзясяткаў тысяч чалавек выйшлі на праспэкт Незалежнасьці 1 лістапада на традыцыйны нядзельны марш пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту. Людзі патрабуюць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, вызваленьня палітвязьняў і правядзеньня новых свабодных выбараў.

Гэтым разам марш быў прымеркаваны да дня памінаньня продкаў і меў назву «Дзяды супраць тэрору», адзіная калёна не змагла сфармавацца з прычыны разгонаў і затрыманьняў, як мінімум тры асобныя калёны прарываліся праз ланцугі АМАПу і ўнутраных войскаў, якія актыўна выкарыстоўвалі свае стрэльбы і шумавыя гранаты.

Некаторыя ўдзельнікі маршу ўсё ж дайшлі да мэмарыялу Курапаты, дзе пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсій, паклалі кветкі і паставілі сьвечкі на магілы.

32 гады таму, яшчэ ў часы СССР, на Дзяды ў Курапаты прайшло адно зь першых шэсьцяў, яно было брутальна разагнана міліцыяй. Сёлетняе шэсьце, у адрозьненьне ад ушанаваньня ахвяр сталінізму на Дзяды ў папярэднія гады, таксама разганялі.

Удзельнікі пачалі зьбірацца каля станцыі мэтро «Парк Чалюскінцаў» а 13 гадзіне. Марш рушыў традыцыйным маршрутам на праспэкт Незалежнасьці ў 14:30.

Але сілавікі ў чорным і зялёным адзеньні, у балаклавах і масках, з ужываньнем сьвятлашумавых гранат і стрэльбаў з гумавымі кулямі пачалі разгон шэсьця яшчэ на пачатку, каля будынку Дзіцячай чыгункі на праспэкце Незалежнасьці. Там прагучалі першыя выбухі шумавых гранат і затрымалі дзясяткі пратэстоўцаў.

Калёна падзялілася і з таго часу не змагла зьяднацца, людзі ішлі рознымі маршрутамі, ухіляючыся ад гвалту сілавікоў. Стрэлы гранат гучалі, сутычкі і разгоны адбываліся на вуліцы Каліноўскага, на Лагойскім тракце, на вуліцы Мірашнічэнкі і ўжо непасрэдна ля Курапатаў, у полі паміж мэмарыялам і комплексам «Экспабел».

Калі адна з калён прайшла праз падземны пераход пад кальцавой дарогай, яе спынілі сілавікі. Пачаўся разгон, падчас якога мікрааўтобусы зь сілавікамі ганяліся за дэманстрантамі па полі каля Курапатаў.

Тут было чуваць стрэлы і выбухі шумавых гранат, машыны даганялі людзей на высокай хуткасьці. Шмат людзей затрымалі.

На прылеглых вуліцах сілавікі ганяліся за тымі, хто ўцякаў ад іх.

Пасьля гэтага разгону яшчэ адна група ўдзельнікаў акцыі ўсё ж змагла дайсьці ў мэмарыял з цэнтрк Менскк, каля 1,5-2 тысяч чалавек, паведаміла агенцтва ТАСС. Там яны паклалі сьвечкі і кветкі прасьпявалі песьню «Муры», наведалі месца курапацкай варты ля рэстарану «Поедем поедим».

Людзі зь іншых калёнаў падыходзілі да Курапатаў падыходзілі яшчэ да 18 гадзін, пасьля чаго пачалі разыходзіцца.

Па стане на 21:00 праваабаронцам былі вядомыя прозьвішчы больш як 220 затрыманых.

Пазьней менская міліцыя прызнала выкарыстаньне несьмяротнай зброі на маршы ў Курапаты, заявіўшы, што стралялі ў паветра. Прынамсі адзін чалавек быў паранены гумовымі кулямі ў ногі, для яго выклікалі хуткую мэдычную дапамогу.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG