Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Угаворы зьмяняюцца жорсткім ціскам». Кіраўнік страйкаму «Гродна Азот» аб пратэстах на прадпрыемстве


13 жніўня. Рабочыя «Гродна Азот» страйкуюць
13 жніўня. Рабочыя «Гродна Азот» страйкуюць

Кіраўнік страйкаму «Гродна Азот» Юры Рававы расказаў «Настоящему времени» пра ад’езд зь Беларусі, ціск на рабочых і ўмовы працы на прадпрыемстве.

— Я знаходжуся ў Варшаве з 24 жніўня. Я спрабаваў арганізаваць страйк законным шляхам. Мы зьбіралі подпісы, гэта было рашэньне большасьці калектыву. Але 21-га да мяне прыйшлі дадому людзі з КДБ, спрабавалі затрымаць. Празь некалькі дзён мне ўдалося выехаць за мяжу.

— Што адбываецца цяпер на прадпрыемстве, колькі людзей гатовыя пратэставаць, які ціск на іх чыніцца?

— Нязгодных, вядома, пераважная большасьць. Гатовых пратэставаць ня так шмат. Вельмі вялікая сіла за тэхналягічным пэрсаналам, які абслугоўвае буйнатанажныя цэхі на нашым прадпрыемстве, таму што яны разумеюць, што яны незаменныя, на іх стажаваньне ідзе вельмі вялікі час. Іх 26-га жніўня раніцай заганялі сілавікі з драбавіком у руках, адціскалі са шчытамі, заганялі на прахадную, у той час як яны не хацелі туды заходзіць і сабраліся каля прахадной на пратэст. Але гэта, наадварот, яшчэ больш раззлавала людзей, яны сядзелі ўжо ўнутры на тэрыторыі, адмаўляліся ад прахадной. Да іх далучаліся людзі зь дзённага пэрсаналу. Цяпер на апэратарскіх месцах, на пультах дыстанцыйнага кіраваньня нашай бесьперапыннай хімічнай вытворчасьці знаходзяцца не кваліфікаваныя людзі, а начальства. Людзі працуюць па 24 гадзіны. Былі два чалавекі, якія працавалі 36 гадзін.

— Юры, колькі чалавек пратэстуе — менавіта адмаўляецца працаваць?

— Вельмі цяжка сказаць. Адкрыта страйкуюць быццам на сёньняшні момант 17 чалавек, якія напісалі заявы і выклалі іх у адкрыты доступ.

— Колькі людзей усяго ў калектыве?

— Дзесяць тысяч. Вы думаеце, што гэта мала, але гэта людзі, якія адкрыта выказалі сваю пазыцыю. Шмат хто проста не прыходзіць, не паднімае слухаўку і застаецца дома, многія на бальнічным. Тэхналягічны пэрсанал адкрыта не выступае, не ўступае ў страйк, але ў іх ужо ідуць прагулы. Мне цяжка сказаць, якая гэта канкрэтная колькасьць людзей, але яна блізкая да сотні. Прычым гэтыя людзі незаменныя, гэта важны тэхналягічны пэрсанал. Напэўна, той, хто нешта разумее ў бесьперапынных вытворчасьцях, лепей мяне зразумее. Угаворы зьмяняюцца жорсткім ціскам. У сераду 12 чалавек звольнілі, потым кіраўніцтва зразумела, што звольнілі іх няправільна, што ўсё гэта лёгка рассыплецца нават у цяперашняй сытуацыі. Кіпеньне адбываецца калясальнае на нашым прадпрыемстве. Пэрсаналу, асабліва тэхналягічнага, проста жорстка бракуе.

— А калі б адмовіліся працаваць не 17 чалавек публічна, а тысяча, тры тысячы, — ня звольнілі ж бы ўсіх?

— Вы вельмі талковыя рэчы кажаце, але ў Беларусі людзі жывуць без якой-небудзь фінансавай падушкі. І заробкі ў некаторых па 300 эўра, а ў тэхналягічнага пэрсаналу — па 500 эўра, у той час як людзі зарабляюць велізарныя грошы на аналягічных прадпрыемствах нават у Расеі.

— А фонды дапамогі, пра якія гавораць сябры Каардынацыйнай рады, як яны гатовыя дапамагаць, у тым ліку і звольненым?

— Усё выдатна, Каардынацыйная рада — гэта добра. Але цяпер мы арганізуем дапамогу самастойна, маем кантакт з фондамі BYSOL, ініцыятывамі, якія аказваюць харчовую дапамогу. Гэтыя 12 чалавек атрымаюць дапамогу ад BYSOL у памеры 1,5 тысячы эўра, і яны будуць атрымліваць прадукты. Я спрабую гэта данесьці ўсім астатнім, якія сумняваюцца. На наш рахунак, які займаецца дапамогай для людзей, якія далучаюцца да страйку, сыплецца проста неймаверная колькасьць прапановаў дапамогі. Дапамогі значна больш, чым тых, хто па яе зьвяртаецца. Такі вось парадокс.

— А як на гэта ўсё рэагуе кіраўніцтва прадпрыемства? Акрамя таго, што проста звальняюць людзей, ці вядуць нейкія перамовы, што абяцаюць, чым завабліваюць?

— Абяцаюць усё што заўгодна — залатыя горы. Акрамя таго, што людзі, якія працуюць больш за 12 гадзін, па 24 гадзіны, працуюць за двайную аплату. Ім яшчэ зьверху абяцаюць бонусы. І яны гатовыя даваць значна больш грошай, таму што яны разумеюць, што гэта можа стаць рыўком для ўсіх астатніх, хто сумняваецца. Акрамя гэтага, «Гродна Азот» вырабляе аміяк, патрэбны для нафтаперапрацоўкі ў Наваполацку на прадпрыемстве «Нафтан». І калі наша прадпрыемства спыніцца, то спыніцца і нафтаперапрацоўчы завод «Нафтан», што моцна ударыць па бізнэсе Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG