Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Поўнае беззаконьне сілавікоў». Нэйрахірург зь Берасьця расказаў пра ноч у ізалятары


Марш супраць насільля ў Берасьці. Ілюстрацыйнае фота
Марш супраць насільля ў Берасьці. Ілюстрацыйнае фота

Урача-нэйрахіруга зь Берасьця Сяргея Гетманюка выпусьцілі з ізалятара часовага ўтрыманьня без складаньня пратаколу. Яго затрымалі 25 кастрычніка.

Доктар расказаў Свабодзе, што яго затрымалі на скрыжаваньні вуліц Савецкай і Гогаля. Ён разам з жонкай ішоў з боку гандлёвага цэнтру «Дыдас Пэрсія».

«Там рухалася калёна, ня вельмі аформленая, нехта ішоў у адзін бок, нехта ў іншы. Калі мы падыходзілі да скрыжаваньня, пад’ехалі бусікі, зь якіх выйшаў АМАП. Яны сказалі: „Затрымліваем гэтага, гэтага і гэтага“. На мяне паказалі пальцам, узялі за руку і завялі ў бусік. Я не супраціўляўся», — кажа Сяргей Гетманюк.

Нэйрахірурга даставілі ў Ленінскі РАУС. Там склалі пратакол затрыманьня і зьмясьцілі Сяргея ў ІЧУ.

«Я там пераначаваў, раніцай пасьнедаў. Ніякіх допытаў не было, потым узялі і адпусьцілі. Нічога мне не тлумачылі, аддалі мае рэчы, далі даведку, што я там знаходзіўся».

Сяргей Гетманюк правёў у зьняволеньні амаль суткі.

«Я быў у шасьцімеснай камэры. Спачатку туды пасялілі мяне і яшчэ аднаго хлопца, а потым яна была цалкам запоўненая. Потым аднаго хлопца некуды вывелі з рэчамі. Вызвалілася адно месца, пасялілі яшчэ трох чалавек: аднаго на гэтае месца і двух на падлогу. Атрымліваецца, што ў шасьцімеснай камэры было 8 чалавек».

Паводле Сяргея Гетманюка, людзі, зь якімі ён начаваў у камэры, былі затрыманыя падчас пратэставай акцыі. Ці былі сярод іх зьбітыя, якія мелі патрэбу ў мэдычнай дапамозе?

«Не, усе адчувалі сябе добра, хоць некаторыя казалі, што іх білі па сьпіне, нагамі, дубінкамі, адзін хлопец казаў, што яго білі ў аўтазаку, другога — пры затрыманьні каля стадыёну „Дынама“. Але скаргаў яны асабліва не прад’яўлялі, настрой быў добры».

Сяргей Гетманюк кажа, што такога «ў нармальнай краіне ў прынцыпе быць не павінна».

«Гэта нейкае поўнае беззаконьне сілавікоў, калі амапаўцы не называюцца, не тлумачаць за што, чаму, хапаюць, заводзяць у бус, вязуць у ізалятар, і там начуеш невядома навошта і чаму. Я ж не ўяўляю небясьпекі для грамадзтва. Я ня ведаю, гэта робіцца дзеля застрашваньня ці дзеля чаго? Але гэта ня страшна».

Доктар кажа, што пасьля затрыманьня яму дазволілі патэлефанаваць жонцы, а яна зьвязалася з адвакатам.

Пасьля вызваленьня а 13-й гадзіне Сяргей Гетманюк на працу ў Берасьцейскую абласную клінічную бальніцу не паехаў. Кажа, што прад’явіць даведку зь міліцыі, і праблем ня будзе, а ягоная прафэсія нэйрахірурга наогул «дэфіцытная».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG