Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні супрацьстаяньне сілавікоў і пратэстоўцаў скончылася сотняй затрыманьняў. ФОТА

абноўлена

Марш пратэсту ў Горадні 25 кастрычніка сканцэнтраваўся на Савецкай вуліцы. На піку ў ім удзельнічалі каля тысячы чалавек. Гарадзенцы ўпершыню не разьбегліся пасьля затрыманьняў. Сярод прыкладна сотні затрыманых прафэсар гісторыі Алесь Краўцэвіч, актор тэатру лялек Іван Дабрук, некалькі непаўналетніх.

Гарадзенцы сабраліся ўдзень на пешаходнай Савецкай вуліцы. Жанчыны былі з кветкамі, чырвона-белымі парасонамі і шалікамі. Некалькі ўваходаў на Савецкую вуліцу перакрылі турнікетамі. Дзяжурылі міліцыянты, побач з Савецкай стаялі машыны міліцыі, аўтазакі, аўтобусы без азнакаў, за гарвыканкамам — вадамёт.

Пратэстоўцы пачалі пляскаць у далоні, скандаваць «Жыве Беларусь», «Верым, можам, пераможам». Міліцыя папярэджвала, што мерапрыемства недазволенае. Пратэстоўцы хадзілі туды-сюды па вуліцы. Сілавікі заблякавалі выхады ў вуліцы.

Пасярэдзіне вуліцу перакрыла сьцяна амапаўцаў у раёне моладзевага цэнтру «Гродна». Потым туды ж прыйшлі каля сотні сілавікоў у чорнай форме і шаломах, а таксама ў вайсковай форме са зброяй з гумовымі кулямі і шчытамі. Аднак пратэстоўцы не сыходзілі з вуліцы, скандавалі «Гэта наш горад!», «Выпускай!». Некаторыя падыходзілі гутарыць зь сілавікамі, паказвалі Канстытуцыю.

Сілавікі пачалі выцясьняць пратэстоўцаў з вуліцы і затрымліваць. Аднак людзі супрацьстаялі, упіраліся ў шчыты. Упершыню за час пратэстаў у Горадні яны не разьбягаліся. Па сьведчаньнях пратэстоўцаў, больш жорстка затрымлівалі людзі ў вайсковай форме. Адзін сказаў жанчынам: «Я буду вас біць, забіваць, і мне за гэта нічога ня будзе».

Двум мужчынам разьбілі галовы, іх не забіралі. Гарадзенцы перабінтавалі ім раны. Маладзейшы трапіў пад дручкі адным зь першых. Чаму на яго накінуліся сілавікі, невядома. Мужчына старэйшых гадоў зь перабінтаванай галавой потым шпацыраваў па Савецкай вуліцы зь бел-чырвона-белым сьцягам з плямамі крыві.

Падчас разгону гарадзенцы сышлі ў двары, крамы, кавярні. Па словах пратэстоўцаў, некаторыя — прыкладам, крама «Міла», рэстарацыя «Барашка», кавярня «Размарын» — зачынілі перад імі дзьверы на замок і не дазволілі схавацца. Упершыню пасьля разгону пратэстоўцы масава вярнуліся на месца пратэсту. Каля сотні гарадзенцаў зноў пляскалі ў ладкі, скандавалі пратэставыя лёзунгі.

Вядома прыкладна пра сотню затрыманых. Большасьць адправілі ў Ленінскі РАУС, частку — у Кастрычніцкі.

Затрымалі прафэсара, доктара гістарычных навук Алеся Краўцэвіча, актора тэатру лялек Івана Дабрука (яго пазьней выпусьцілі), прынамсі чатырох непаўналетніх падлеткаў. Пазьней стала вядома, што Алесь Краўцэвіч застанецца ў ізалятары да суду.

Тацяна Краўцэвіч, жонка прафэсара Алеся Краўцэвіча, пад Ленінскім РАУС.
Тацяна Краўцэвіч, жонка прафэсара Алеся Краўцэвіча, пад Ленінскім РАУС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG