Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марш «Народны ўльтыматум» у Менску сабраў больш за 100 тысяч чалавек і завяршыўся жорсткім разгонам


Дзясяткі тысяч чалавек каля стэлы
Дзясяткі тысяч чалавек каля стэлы

У Менску сілавікі ўжылі сьвятлашумавыя гранаты і гумовыя кулі супраць мірных удзельнікаў маршу «Народны ўльтыматум». Гэта адбылося ўжо пры канцы акцыі на вуліцы Арлоўскай у Менску.

У МУС заявілі, што спэцсродкі ўжылі пасьля таго, як пратэстоўцы паспрабавалі нападаць на супрацоўнікаў праваахоўных органаў, аднак гэтую інфармацыю абвяргаюць відэакадры з месца падзеі.

Гэта быў ужо адзінаццаты марш прыхільнікаў перамен пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня. Паводле ацэнак журналістаў, якія пастаянна асьвятляюць нядзельныя акцыі, ён стаў самым шматлікім за апошнія паўтара месяца — у пікавыя моманты колькасьць дэманстрантаў набліжалася да 200 тысяч, адзначае БелаПАН.

Акрамя таго, гэта быў адзін з самых «гучных» маршаў: многія яго ўдзельнікі прыйшлі са сьвісткамі і «гудзелкамі», мэталічным посудам, плястыкавымі бутэлькамі, у якіх зьвінелі розныя прадметы.

Марш называўся «Народны ўльтыматум» у сувязі з ультыматумам, які выставіла 13 кастрычніка беларускім уладам экс-кандыдат у прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская. Асноўныя патрабаваньні — адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, спыненьне гвалту і вызваленьне палітвязьняў. Калі да 25 кастрычніка гэтыя патрабаваньні не будуць выкананыя, «уся краіна мірна выйдзе на вуліцы з Народным ультыматумам», а 26 кастрычніка «пачнецца нацыянальная забастоўка ўсіх прадпрыемстваў, блякаваньне ўсіх дарог, абвал продажу ў дзяржаўных крамах», заявіла Ціханоўская.

У розных гарадах Беларусі затрымалі больш за 200 чалавек.

Праваабаронцы «Вясны» зафіксавалі затрыманьні ў Менску, Берасьці, Віцебску, Гомлі, Горадні, Магілёве, Бабруйску, Барысаве, Жабінцы, Жодзіне, Лідзе, Ляхавічах, Наваполацку, Пінску, Рэчыцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG