Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не чапайце дзяцей». Што адбываецца ў горадзенскім дзіцячым госьпісе пасьля візыту ДФР


У сэнсорным пакоі госьпісу, архіўнае фота
У сэнсорным пакоі госьпісу, архіўнае фота

Горадзенскі дзіцячы госьпіс прыйшла аглядаць міліцыя. Яго высяляюць з памяшканьня. За суткі сума пералічаных госьпісу ахвяраваньняў вырасла ўдвая. Што цяпер адбываецца ў арганізацыі, якая дапамагае невылечна хворым дзецям, расказала дырэктарка госьпісу Вольга Вялічка.

Што адбылося?

Візыт міліцыі. 22 кастрычніка ў Горадзенскі дзіцячы госьпіс імя сьвятога Губэрта прыйшлі супрацоўнікі дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. Правялі «агляд памяшканьня». Падстава — ананімная заява, нібыта госьпіс недаплачвае падаткі. Міліцыя вядзе праверку, справу не заводзілі. Забралі два кампутары, дакумэнты па спонсарскай дапамозе, працоўны нататнік дырэктаркі з кантактамі. Пастанову на агляд падпісваў лейтэнант Дораш А.М.

Пастанова на агляд памяшканьня
Пастанова на агляд памяшканьня

Скасаваньне арэнды. Тады ж супрацоўнікі госьпісу даведаліся, што іх высяляюць з памяшканьня дзіцячай паліклінікі № 2 Горадні. Там яны арандавалі кабінэты ад самага пачатку працы — усе 12 гадоў. Вызваліць памяшканьні трэба да 23 сьнежня. Афіцыйная прычына — нібыта кабінэты госьпісу спатрэбіліся паліклініцы з прычыны эпідэміі каранавірусу. Гэта вынікае зь ліста за подпісам намесьніцы дырэктара дзіцячай паліклінікі № 2 Горадні Ірыны Голуб.

Адмова ў арэндзе
Адмова ў арэндзе
Уваход у дзіцячы госьпіс
Уваход у дзіцячы госьпіс

Што яшчэ адбывалася з госьпісам?

Сёлета ў красавіку валянтэры майстэрні, якая працуе пры госьпісе, пачалі бясплатна шыць засьцерагальныя касьцюмы для мэдыкаў. Іх лік ідзе на тысячы.

Майстэрня, дзе шыюць мэдыкам засьцерагальныя сродкі
Майстэрня, дзе шыюць мэдыкам засьцерагальныя сродкі

У чэрвені майстэрню выгналі з памяшканьня паліклінікі. Пасьля розгаласу за майстэрню заступіліся гарадзкія ўлады і перадалі пад яе пусты будынак камбінату школьнага харчаваньня. Дамова дзейнічала да канца году. У кастрычніку майстэрню пры госьпісе выгналі з будынку — ён спатрэбіўся пад патрэбы камбінату.

16 кастрычніка суд аштрафаваў дырэктарку госьпісу за ўдзел у пратэставым мітынгу на 405 рублёў. Перад гэтым Вялічка амаль суткі правяла ў ізалятары.

Вольга Вялічка перад судом разам з мужам
Вольга Вялічка перад судом разам з мужам

Што кажа дырэктарка?

Пра падаткі. Па словах Вялічкі, госьпіс спраўна плаціць падаткі. На ейную думку, хутка праверыць гэта можна праз падатковую інспэкцыю, не абавязкова прыцягваць ДФР. Яна лічыць дзіўным, што ўлады пачалі праверку акурат пасьля таго, як яе асудзілі за ўдзел у мітынгу. Да таго ж з грошай госьпісу падаткі плацяцца фактычна двойчы.

Вольга Вялічка
Вольга Вялічка

«Чаму падвойная сыстэма падаткаабкладаньня? Чалавек прыйшоў у госьпіс і ахвяраваў 20 рублёў са свайго заробку. З заробку ён сплаціў падаходны падатак. Мы за гэтыя 20 рублёў вырашылі набыць лекі. Мы з гэтых 20 рублёў заплацілі яшчэ падатак на дададзеную вартасьць. Гэта верх цынізму. Замест таго каб думаць, як для дабрачыннасьці зрабіць падатковыя прэфэрэнцыі, мы падпадаем пад падвойную сплату падаткаў», — тлумачыць Вялічка.

Пра агляд памяшканьня. Дырэктарцы дзіўна, чаму забралі ейны працоўны нататнік і дамовы спонсарскай дапамогі, бо яны ня маюць дачыненьня да падаткаў.

Пра скасаваньне арэнды. Вольга Вялічка зьдзіўляецца, чаму іх высяляюць толькі напрыканцы году ў сувязі з эпідэмічнай сытуацыяй.

«Паліклініка прагназуе, што да сьнежня эпідэмічная сытуацыя ўскладніцца. Гэта вельмі ўразрэз зь Міністэрствам аховы здароўя. Калі ў паліклінікі ёсьць зьвесткі, яны абавязаныя іх зрабіць публічнымі. Інакш яны ставяць жыцьцё і здароўе людзей у небясьпеку. Яны павінны патлумачыць людзям. Бо, відаць, яны нешта ведаюць пра каранавірус у сьнежні», — кажа дырэктарка госьпісу.

Вольга Вялічка з падапечнай госьпісу
Вольга Вялічка з падапечнай госьпісу

Пра грамадзянскую пазыцыю. Вольга Вялічка думае, што ціск на госьпіс адбываецца з прычыны ейнай грамадзянскай пазыцыі. Яна выступае супраць гвалту. Мяркуе, што варта ня ўносіць папраўкі ў Канстытуцыю, а сесьці за стол перамоваў і вырашыць канфлікт з уладай цывілізавана. Яна хадзіла на мітынгі пратэсту ў Горадні, уваходзіла ў раду народнага даверу, якая мелася аб’яднаць прадстаўнікоў дзейнай улады і грамадзкіх актывістаў.

«Калі яны маюць прэтэнзіі да мяне, то хай прыходзяць да мяне. Ня трэба блытаць мяне і госьпіс. Не чапайце дзяцей, не чапайце супрацоўнікаў. Прыходзьце асабіста да мяне, задавайце мне пытаньні. Або ў іх сьмеласьці не хапае?» — кажа суразмоўніца.

Пра далейшую працу. Госьпіс працягвае працаваць у штатным рэжыме, працуе паліятыўны цэнтар пры госьпісе. Майстэрня, дзе шылі засьцерагальныя касьцюмы, пакуль прыпыніла дзейнасьць.

Госьпіс і паліятыўны цэнтар працягваюць працаваць, майстэрня засьцерагальных сродкаў прыпыніла працу
Госьпіс і паліятыўны цэнтар працягваюць працаваць, майстэрня засьцерагальных сродкаў прыпыніла працу

Пра рэакцыю людзей. Па словах дырэктаркі госьпісу, людзі, калі даведаліся пра ціск на арганізацыю, пачалі актыўна падтрымліваць госьпіс грашыма. За суткі пералічылі столькі ж, колькі ўжо было ва ўстановы на рахунку.

Як жыве госьпіс?

Горадзенскі дзіцячы госьпіс імя сьвятога Губэрта быў утвораны 19 верасьня 2008 году. Гэта недзяржаўная, некамэрцыйная арганізацыя, якая існуе толькі за кошт дабрачынных ахвяраваньняў.

Пад апекай госьпісу цяпер больш за 70 цяжка і невылечна хворых дзяцей. Дзеці жывуць у сем’ях, але наведваюць заняткі і сьвяты ў госьпісе, да іх дадому прыходзяць валянтэры.

Дзякуючы госьпісу іхнія сем’і могуць атрымліваць гуманітарную дапамогу: лекі, мэдычнае абсталяваньне, цацкі, адзеньне. Зь дзецьмі і бацькамі працуюць псыхолягі. Могуць дапамагчы і матэрыяльна, калі сям’я ў цяжкім становішчы. Калі трэба, у сем’і падапечных запрашаюць сьвятароў.

У паліятыўным цэнтры
У паліятыўным цэнтры

Сёлета ўлетку пры госьпісе адкрыўся цэнтар паліятыўнай дапамогі. Тут аказваюць сацыяльныя паслугі невылечна хворым дзецям. Сярод іх паслугі псыхоляга, клясычныя ЛФК і масаж, нетрадыцыйныя формы ўсходняй мэдыцыны — су-джок-тэрапія, іншыя мэтодыкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG