Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі да дзіцячай сьмерці ставяцца іначай, чым у Швэцыі. Дырэктарка госьпісу пра жыцьцё, адыход і жалобу


34-гадовая Вольга Вялічка працуе дырэктаркай Горадзенскага дзіцячага госьпісу дзесяць гадоў. За гэты час памерла трынаццаць дзяцей, якімі апекаваўся госьпіс. Вольга распавяла Свабодзе, як сутыкнулася са сьмерцю ў сваім жыцьці, як па-рознаму перажываюць жалобу таты і мамы, швэды і беларусы, жыхары Менску і вёскі, і ці можна агулам падрыхтавацца да сьмерці.

Вольга Вялічка
Вольга Вялічка

«Мы нараджаемся адны і сыходзім адны»

Праз два гады працы ў госьпісе я дацяміла: мы нараджаемся адны і сыходзім адны. Чалавек сыходзіць са сваімі думкамі. Ніхто ня ведае, што там адбываецца пасьля. Усё астатняе — філязофія.

Пра чалавека, які зрабіў нешта вельмі значнае, успамінаюць недзе раз на год: пра Караткевіча, Гілевіча, пра Вітаўта ўжо менш.

Мы ў жыцьці шмат значэньня надаём таму, што зрабілі. А людзі пра гэта пагаварылі і забыліся. Пасьля сьмерці цябе будуць успамінаць твае родныя. Але ў маштабах Сусьвету гэта ня лічыцца. Мне падаецца, ты павінен зрабіць крыху больш, чым хадзіць на працу, нарадзіць дзяцей, быць добрай дачкой ці сынам. Гэта праграма-мінімум.

«Прыйдзе дзень, калі я рэальна памру»

Сёлета я ўзяла на адпачынак кнігу «Каханьне падчас халеры» Габрыэля Гарсія Маркеса. Пакуль чытала, зразумела, што прыйдзе дзень, калі я рэальна памру, што я ня буду дыхаць, размаўляць, ня ўбачу родных. І ў мяне быў шок. Спрабавала з мужам пагаварыць, ён не разумее, пра што я кажу. Я пачала разважаць і зразумела, што сьмерць — гэта ня толькі пра тое, каб не балела.

Мой дзядуля памёр сёлета ў 86 год. Ён часта казаў: «Вось бы памерці ў сьне». Ці дастаткова гэтага, «каб не балела», каб заснуць і не прачнуцца?

Гэтага вельмі мала зь сёньняшнім узроўнем мэдыцыны. Нармальна паміраць бяз болю. Нават людзям, якія хварэюць на анкалёгію, можна зрабіць іньекцыю, і ім балець ня будзе. У Беларусі сёньня вельмі рэдка, калі цяжкахвораму дзіцяці нельга прапісаць абязбольвальнае. Гэта адзінкавая памылка, бо альгарытмы ў сыстэме аховы здароўя прапісаныя.

«Баяцца трэба не таго, каб не балела»

Думаю, у момант сьмерці важна асэнсаваць, што ты зрабіў у 20, 30, 40 год і далей.

Я зразумела, што мне вельмі важна, каб справа, якую я раблю, працягвалася, каб мае дзеці былі годнымі людзьмі, каб мой муж разумеў, што тыя гады, якія мы прабылі разам, ён не хацеў бы быць зь іншым чалавекам.

Баяцца трэба не таго, каб табе не балела, а таго, што ты пакрыўдзіў чалавека, жыў з чалавекам, якога не кахаў, калі табе сорамна за сваіх дзяцей, і калі ты жывеш як у камандзіроўцы, ставісься да Беларусі, нібы прыехаў у госьці.

Баюся я ці не баюся паміраць, у мяне ніхто не пытае. Тут пытаньне не пра тое, як паміраць, а пра тое, як жыць. Тады будзеш спрабаваць за локаць сябе ўкусіць — і ня здолееш, захочаш памяняць нешта — і ня зможаш.

Я зразумела, што кожны дзень вельмі важны. Табе далі гэты дзень — скажы дзякуй. Ня верыш у Бога — сам сабе скажы, бацькам, іншым. Можа, тады эфэктыўней будзеш кожны свой дзень выбудоўваць.

«Першую сьмерць перажывала вельмі цяжка»

Сёлета ў госьпісе памерла адно дзіця. Увогуле першае дзіця, Максім, памерла празь некалькі месяцаў пасьля рэгістрацыі арганізацыі. Калі ты блізка ведаеш сям’ю, гэта вельмі цяжка, калі бачыш сьмерць, як дзіця ўдыхнула, выдыхнула і больш не ўдыхнула. Або калі трупныя плямы зьяўляюцца.

Пасьля першай сьмерці дзіцяці мне падавалася, што я памру ўва сьне. Тады быў страх прыродны, жывёльны. Я не магла спаць нейкі час, піла лекі. З кожнай наступнай сьмерцю ўспрымаеш гэта прасьцей. Для мяне цяпер сьмерць — нармальная зьява. Раней так не было.

Сталы чалавек памірае — гэта нармальна, дзіця — ненармальна?

У нашым грамадзтве замацавалася ідэя: сталы чалавек памірае — гэта нармальна, дзіця — ненармальна. Гэта навязаная штука. А хто сказаў, што такое «норма»? Чаму менавіта гэтае дзіця захварэла і мусіць сысьці, ніхто ня ведае.

У нас цяпер ёсьць дзіця, якое стамілася жыць, і маці стамілася. Але мы ніколі ня кажам бацькам, што дзіця будзе паміраць, бо гэтага ніхто ня ведае.

Калі мы разважаем пра дзіцячую сьмерць, мы разважаем пра бацькоў. Аднойчы мая дачка памірала падчас прыступу. Прыехала «хуткая», усё скончылася добра. Але падчас прыступу дзіця заплюшчыла вочы, пабялела і ня дыхала. Гэта ня выказаць ніякімі словамі, што ты адчуваеш.

Жыцьцё зьмяняецца, калі ў цябе было дзіця і яго ня стала. Ня варта раіць бацькам пераключыцца на іншых дзяцей. Любоў да аднаго дзіцяці немагчыма замяніць любоўю да іншага.

Калі дзіця памерла, трэба, каб спрацаваў мэханізм пераключэньня

Калі бацькі думаюць, што іх дзіця памрэ, тады мы пачынаем тэарэтычна абмяркоўваць, што трэба рабіць, калі гэта адбудзецца, чыста тэхнічныя моманты: дакумэнты, службы. Лезьці глыбока ў душу, мяркую, ня трэба.

Калі дзіця памірае дома, яго па законе абавязкова трэба ўскрываць. Гэта вельмі цяжка для бацькоў, калі дзіця забіраюць у морг, а потым трэба яго забраць з моргу. Нашмат лягчэй, калі ўсё адбываецца дома. Але па законе, калі дзіця знаходзілася пад паліятыўным назіраньнем, яго ўскрываць не абавязкова. Мы гэта тлумачым бацькам.

Дзіця памерла, ідзе працэс жалобы. Тады гэта трэба прапрацоўваць, калі бацькі, прыкладам, шкадуюць пра тое, чаго не зрабілі або што зрабілі.

Вольга Вялічка
Вольга Вялічка

Калі дзіця захварэе, тата часта сыходзіць зь сям’і. Ён можа ня бачыць дзіця 15 год. Калі яно памірае, ён, бывае і на пахаваньне ня прыйдзе. Такі тата будзе сябе вінаваціць у сьмерці дзіцяці. Але тут час лечыць.

Нашмат горш будзе маці, якая ўвесь гэты час была прыкаваная да дзіцяці: 24 гадзіны ў суткі, 365 дзён у годзе. Гэта становіцца сэнсам ейнага жыцьця. Калі памірае дзіця, яны часта ня ведаюць, куды сябе падзець. У іх часта няма прафэсіі, стажу. Думаю, гэтае пытаньне павінна абмяркоўвацца на дзяржаўным узроўні. Маці пазьней часта ўладкоўваецца на працу, не зьвязаную з дапамогай людзям.

Я тлумачу мамам, што трэба, каб спрацаваў мэханізм пераключэньня на працу, іншую дзейнасьць. Не сядзець цэлы дзень у чатырох сьценах, а каб мозг пераключыўся на іншае хоць на некалькі гадзін у дзень.

У нас быў выпадак, калі маці цэлы год штодня была на могілках. Яна забывала пра сябе, пра жывых дзяцей, мужа. Там прысутнічае вялікае пачуцьцё віны. Гэта праца псыхоляга, каб паказаць, што сьмерць у нас не пытаецца, калі забіраць дзяцей. Гэтая праца праводзіцца ня месяц, два, тры. Але такі стан сыходзіць. Гэта цяжкая праца.

Няма ўнівэрсальнага рэцэпту, як падрыхтавацца да сьмерці. Гэта не шарлётку пячы. Паўсюль усё стракаціць выказваньнямі разумных людзей, па тэлебачаньні, у інтэрнэце, нават я магу расказаць, цытуючы некага. Я як маці зразумела, што ўсё ня так. Ёсьць два правілы: любіць і разумець дзіця і навучыць яго жыць безь цябе.

Швэды прасьцей адпускаюць дзяцей, чым беларусы

Па нашых назіраньнях, людзі, якія вераць у Бога, праходзяць гэтыя выпрабаваньні нашмат лягчэй. Той, хто быў няверуючы, зьвяртаецца да Бога. Той, хто адварочваецца, усё роўна пасьля да веры вяртаецца.

Швэды, прыкладам, прасьцей адпускаюць дзяцей. Я была ў іхнім госьпісе. Беларусы больш эмацыйныя, у нас гэта цяжэй. Швэды будуць кіравацца ў прыманьні рашэньняў здаровай лёгікай. А беларусы — «мне падаецца, так будзе добра». Як я магу сваё дзіця адпусьціць? Гэта эгаістычныя рэчы.

Я заўважыла, як у Менску і Ваўкавыскім раёне людзі перажываюць гора. На 100% па-рознаму. У Менску ўсё больш прынята выпраўляць чалавека на могілкі з пахавальнага дома. Зьбіраюцца ў кавярні па 15–20 чалавек, дзе ніхто ня плача, а ўсё больш кажуць, якім яны гэтага чалавека запомнілі.

У рэгіёнах па-іншаму. Там плачуць ад пачатку і далей, на памінках, праз 9, 40 дзён. Гэта зьвязана зь вялікім эмацыйным перажываньнем жалобы. Менск набліжаецца да таго, як перажываюць швэды. Потым гэта разыдзецца па рэгіёнах.

Сьмерць з падзеі для ўсёй вёскі пераходзіць у стадыю паслугі

Калі памёр мой дзядуля, у нас было каля 100 чалавек на памінках. Мы ня ведалі, як гэта арганізаваць, як усіх пасадзіць, як фінансава справіцца. У вёсках часьцей клічуць пеўчых. У Менску, у Горадні гэта ўжо рэдкасьць.

Сёньня мы можам замовіць людзей, якія выносяць труну, ад ста эўра да тысячы, каб было «годна». Раней сьмерць чалавека была падзеяй, якую перажывала ўся вёска. Цяпер гэта пераходзіць у стадыю паслугі, якую аказвае бізнэс.

Кожны абірае сам, як перажываць. Калі чалавек пазьбягаў жалобы, у час сваёй сьмерці яго гэта дагоніць. Вядома, лягчэй, калі людзі селі за стол, крыху выпілі і ўзгадваюць пра нябожчыка толькі пазытыўныя моманты. Гэта прыгожа глядзіцца, тут не задзейнічаныя вялікія эмоцыі.

Але людзям ня трэба казаць, што ім рабіць. Няхай чалавек сам абірае. Хоча плакаць — хай плача, ня хоча — няхай ня плача. Хоча пры ўсіх — няхай пры ўсіх, хоча пайсьці ў лес — няхай у лесе паплача. Менш даваць характарыстыку іншым і больш займацца сабой.

* * *

Горадзенскі дзіцячы госьпіс быў утвораны 19 верасьня 2008 году. Гэта недзяржаўная, некамэрцыйная арганізацыя, якая існуе толькі за кошт дабрачынных ахвяраваньняў.

Пад апекай госьпісу цяпер 86 цяжка і невылечна хворых дзяцей. Дзеці жывуць у сем’ях, але наведваюць заняткі і сьвяты ў госьпісе, або да іх дадому прыходзяць валянтэры. Дзякуючы госьпісу іхнія сем’і могуць атрымліваць гуманітарную дапамогу: лекі, мэдычнае абсталяваньне, цацкі, адзеньне. Зь дзецьмі і бацькамі працуюць псыхолягі. Супрацоўнікі госьпісу дапамагаюць зразумець законы, датычныя дзяцей з інваліднасьцю. Могуць дапамагчы і матэрыяльна, калі сям’я ў цяжкім становішчы. Калі трэба, у сем’і падапечных запрашаюць сьвятароў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG