Суд Заводзкага раёну Менска разгледзеў справу вядомага беларускага баскетбаліста Ягора Мешчаракова. Судзьдзя Жанна Хвайніцкая прысудзіла яму 540 рублёў штрафу.
Спартоўца абвінавацілі паводле арт. 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Ягор Мешчаракоў — актыўны ўдзельнік Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў, адзін зь першых падпісантаў адкрытага ліста больш як 900 прадстаўнікоў галіны з палітычнымі патрабаваньнямі да ўладаў.
Пасьлядоўна выступае супраць гвалту сілавікоў і фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. На чале калёны спартоўцаў браў удзел у нядзельных маршах.
«Усе цудоўна бачаць, што адбываецца ў краіне, добрасумленныя спартоўцы ў тым ліку. Ня хочацца разьмяжоўваць на „чэсных“ і „нячэсных“, у кожнага свая гісторыя. Але рана ці позна ўсе прыйдуць да высновы: трэба выходзіць на маршы, дэманстраваць грамадзянскую пазыцыю. Асабліва спартоўцам, якія верай і праўдай змагаліся за радзіму — не пустыя словы, калі ў цябе на грудзях напісана „Беларусь“. Для нас гэта была і ёсьць мэта ўсяго жыцьця. Мы з сваім народам, яго неад’емная частка», — казаў Ягор Мешчаракоў у нядаўнім інтэрвію Свабодзе.
Ягора Мешчаракова пяць разоў прызнавалі найлепшым баскетбалістам Беларусі. Чэмпіён Эўропы сярод моладзі. Гуляў у камандзе Ўнівэрсытэту Джорджа Вашынгтона ў ЗША, выступаў за клюбы Беларусі, Грэцыі, Італіі, Расеі, Украіны, Турэччыны.
У 2010 годзе завяршыў прафэсійную кар’еру. Заснаваў і фінансаваў у Менску ўласную баскетбольную школу для дзяцей, працаваў спартовым дырэктарам клюбу «Цмокi». Да нядаўняга часу быў намесьнікам старшыні Беларускай фэдэрацыі баскетболу, якою кіруе першы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Максім Рыжанкоў.