Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусы адчулі сябе сілай, якая можа рабіць цуды». Баскетбаліст Ягор Мешчаракоў пра сваю пазыцыю і ўдзел у маршах пратэсту


Ягор Мешчаракоў з будучымі баскетбалістамі
Ягор Мешчаракоў з будучымі баскетбалістамі

«Няма ніякіх рэжысэраў, якім плацяць „лялькаводы“. Беларусы самі сталі валянтэрамі свабоды, бо баліць душа і сэрца абліваецца крывёю ад таго, што адбываецца». Чэмпіён моладзевага першынства Эўропы ў баскетболе, экс-капітан нацыянальнай зборнай, герой Залі славы ўнівэрсытэту імя Джорджа Вашынгтона пра рухальную сілу спорту.

Сям’я Мешчараковых на маршы 16 жніўня
Сям’я Мешчараковых на маршы 16 жніўня

Адзін з самых вядомых беларускіх баскетбалістаў Ягор Мешчаракоў — у авангардзе спартоўцаў, якія змагаюцца за перамены ў роднай краіне. Ён сярод першых далучыўся да шматтысячных маршаў прыхільнікаў пераменаў, разам з малодшым братам, гульцом зборнай Беларусі і бронзавым мэдалістам Эўрапейскіх гульняў-2019 у баскетболе 3Х3 Мікітам Мешчараковым яны сярод падпісантаў адкрытага ліста з палітычнымі патрабаваньнямі да ўладаў.

Ягор ходзіць на мірныя акцыі, валянтэрыць падчас ланцугоў салідарнасьці, падвозіць удзельнікам ваду і харч.

«Ад нядзелі да нядзелі супольная энэргія толькі набірае сілу»

Што падштурхнула да адкрытага выказваньня пазыцыі, калі разумееш, што без наступстваў гэта не застанецца? Ягор пагутарыў з карэспандэнтам Свабоды назаўтра пасьля акцыі 30 жніўня, куды ягоныя аднадумцы выйшлі зь вялікім плякатам: «Спартоўцы — з народам».

— Ягор, упершыню ў гісторыі Беларусі спартоўцы выйшлі на марш арганізаванай калёнай, выразна падкрэсьліўшы, што яны — з народам. Як думаеце, ці будуць пашырацца шэрагі? Ці стане гэта прыкладам для тых, хто яшчэ сумняецца ды, што хаваць, элемэнтарна пабойваецца?

Калёна спартоўцаў на маршы 30 жніўня
Калёна спартоўцаў на маршы 30 жніўня

— Сапраўды, гэта добры прыклад. Усе цудоўна бачаць, што адбываецца ў краіне, добрасумленныя спартоўцы ў тым ліку. Ня хочацца разьмяжоўваць на «чэсных» і «нячэсных», бо ў кожнага свая гісторыя. Але рана ці позна ўсе прыйдуць да высновы, што трэба выходзіць на маршы, дэманстраваць грамадзянскую пазыцыю. Асабліва спартоўцам, якія верай і праўдай змагаліся за радзіму (не пустыя словы, калі ў цябе на грудзях напісана Беларусь). Для нас гэта была і ёсьць мэта ўсяго жыцьця. Таму пазыцыя такая: мы з сваім народам, бо яго неад’емная частка.

Нягледзячы на кар’еры, звыкліся, што нас заўсёды палохалі: не атрымаецца перамагчы — то мо ня трэба і спрабаваць. Кожны вельмі няпроста выходзіў на вяршыню, але хто нечага дасягнуў, — тыя людзі з моцным характарам. Значыць, выпрабаваньняў не баімося... Было вельмі клясна, што нас так віталі. Можна сказаць, з элемэнтам зьдзіўленьня, бо дагэтуль ніхто такіх транспарантаў не насіў. Людзі ўзрушаныя, што мы праявілі салідарнасьць. Неперадавальная сынэргія і энэргетыка.

Беларускія баскетбалісты на ІІ Эўрапейскіх гульнях у Менску
Беларускія баскетбалісты на ІІ Эўрапейскіх гульнях у Менску

— Кіраўніцтва спартовай галіны спрабуе зьбіць хвалю пратэстаў — дзесьці пагрозамі, дзесьці ўгаворамі, дзесьці прымусовымі прабегамі за Лукашэнку. Ужо пацярпеў алімпійскі прызэр Андрэй Краўчанка, цэлая кампанія разгарнулася супраць футбалістаў. Такая тактыка плённая?

— Думаю, такіх прыкладаў будзе шмат. Ці прынясе плён? Наўрад ці. Мне сёлета споўніцца 44 гады, я прапусьціў празь сябе ўсе асноўныя падзеі найноўшай гісторыі нашай краіны. Беспэрспэктыўна дзяліць беларусаў, мы вельмі скансалідаваная магутная нацыя. І я надзвычай рады, што народ акрыяў у гэты гістарычны жнівень 2020-га. Мы рэальна адчулі сябе сілай, якая можа тварыць цуды. Думаю, усе пагодзяцца са мной, хто быў яшчэ на першым маршы, што здарылася калясальнае яднаньне нацыі, і ад нядзелі да нядзелі супольная энэргія толькі набірае сілу.

Баскетбалісты Мешчараковы — Мікіта і Ягор
Баскетбалісты Мешчараковы — Мікіта і Ягор

Калі вярнуцца да першага пытаньня, упэўнены, што на наступнай акцыі спартоўцаў будзе яшчэ больш. Ужо атрымліваем пытаньні, калі і дзе збор. Хтосьці ня змог, нехта не пасьпеў, іншыя асьцерагаліся.

Цяпер страхі адкінутыя. І наша грамадзянская задача — аб’яднаць спартоўцаў, паказаць, што мы насамрэч разам зь людзьмі добрай волі.

Не сакрэт, што звычайна гуртуюцца па відах спорту — сэзонны графік трэнаваньня, выступаў, адпачынку. Таму важна мець пляцоўку, дзе можна стаць адзінай сілай.

«Памылкова думаць, што гвалт ці рэпрэсіі ніяк не закрануць»

— За гэты час размаўляў зь немалой колькасьцю спартоўцаў, дык бальшыня прызнаваліся: да сёлетніх выбараў збольшага лічылі сябе апалітычнымі. Але, як у вядомым выразе, палітыка сама пагрукалася і стала рэальнасьцю — праз сфальсыфікаваныя выбары, праз садысцкія зьдзекі ў ізалятарах.

— У кожнага свой шлях да прасьвятленьня, разуменьня рэчаў, якія адбываюцца навокал. Элітныя спартоўцы — людзі вялікай канцэнтрацыі на адной мэце, усё астатняе робіцца другасным. Памятаю па сабе: хвалюе перадусім сваё цела, партнэры ў камандзе, вынікі гульні. Але цяпер усё інакш, бо занадта высокая цана пытаньня — наагул нашай будучыні.

З корпусам судзьдзяў
З корпусам судзьдзяў

Сёньня ніхто ня можа застацца ўбаку. Памылкова думаць, што мяне гэта ніяк не закране, бо тычыцца абсалютна кожнага і на ўсіх узроўнях. Грамадзтва прачнулася і акрыяла. Ня ведаю, ад летаргічнага сну ці не, але ўсё цудоўна разумеюць: як раней, ужо ня будзе.

— Сярод 350 спартоўцаў, якія падпісалі досыць жорсткі ліст з палітычнымі патрабаваньнямі да ўладаў, шмат баскетбалістаў. Пры тым, што бос беларускага баскетболу Максім Рыжанкоў — зацяты прыхільнік дзейнай улады і неаднойчы крытыкаваў калегаў за апазыцыйныя настроі. А вось іншыя гульнявыя віды прадстаўленыя эпізадычна. Гэта да пытаньня салідарнасьці...

— Казаць за іншых вельмі няпроста, таму ўстрымаюся. Але цалкам магу адказваць за людзей, якія былі на маршы 30 жніўня. Думка многіх спартоўцаў адназначная: мы з народам, бо цудоўна бачым, што адбываецца. Адпаведна ня можам заставацца абыякавымі назіральнікамі.

Баскетбольныя «глыбы»: Аляксандар Куль і Ягор Мешчаракоў
Баскетбольныя «глыбы»: Аляксандар Куль і Ягор Мешчаракоў

Дарэчы, самі бачыце навіны апошніх содняў пра футбалістаў «Крумкачоў»: у хлопцаў нявыкрутка, трапілі ў Ленінскае РУУС. Гэта зноў жа да таго пытаньня, што ніхто ня можа заставацца ўбаку, бо павыхопліваюць па адным. Трэба рэальна праяўляць грамадзянскую пазыцыю. Разумею, што зараз хтосьці ў актыўным сэзоне, ня мае фізычнай магчымасьці выказваць пазыцыю, але тым ня меней...

«Для бальшыні беларусаў падзеі жніўня сталі выбухам сьвядомасьці»

— Асабіста ў вас які настрой на аглядную будучыню? Звычайна пасьля пасьпяховай выходнай акцыі накрывае эўфарыя, якая паступова зьмяняецца будзённасьцю, аналізам, высновамі, што ўлада добраахвотна здавацца не зьбіраецца.

— Трэба разумець, што гэта працэс. Трываньне — напэўнае, тут ключавое слова. Ну і разуменьне таго, што праўда за намі. Мы ня чэрпаем падставы да гэтай праўды зь нейкай адной крыніцы — балазе ў век інтэрнэту можна чытаць розныя рэсурсы і самому рабіць высновы. Паўтаруся, ёсьць дзьве рэчы: трываньне і разуменьне таго, што маеш рацыю. Гэта дапамагае жыць, прачынацца і глядзець зь вялікай надзеяй у будучыню.

Назіраньне за гульнёй
Назіраньне за гульнёй

— Ягор, ці можна казаць, што для вас, як і для многіх беларусаў, пераломнымі сталі менавіта вынікі выбараў і наступны за імі гвалт з боку сілавікоў? Дарэчы, за беспрычынны садызм іх пачалі называць «слабавікамі» — перадусім у маральным сэнсе, бо сіла неканечне прыкмета розуму.

— У маім выпадку гэта стала, хутчэй, апошняй кропляй. Я ўжо казаў, што мне не 15 гадоў і я бачыў многія рэчы. Таму апошнім часам усё акумулявалася, назапашвалася. Не пабаюся сказаць, што для бальшыні беларусаў падзеі 9-11 жніўня сталі сапраўдным выбухам сьвядомасьці. Уцямілі, што зваротнага шляху няма. Як некаторыя параўноўваюць — пасту зь цюбіка выціснулі і вярнуць яе назад немагчыма. Гэта абсалютна відавочна.

Выхаванцы баскетбольнай школы Мешчаракова
Выхаванцы баскетбольнай школы Мешчаракова

Няма ніякіх «лялькаводаў» ці рэжысэраў, якім нехта плаціць. Беларусы самі сталі валянтэрамі свабоды, бо баліць душа і сэрца абліваецца крывёю ад таго, што адбываецца. І ў той жа час вялікая радасьць і шчасьце за нашых людзей. Паглядзіце на кансалідацыю грамадзтва, на песьні ў гандлёвых цэнтрах, на маршы жанчын, на ўзаемавыручку, узаемадапамогу. Прывозяць ваду, слодычы. Я і сам гэта неаднакроць рабіў. Такія рэчы, пра якія месяц таму нават не задумваўся. Вялікі гонар за наш народ. Кажу без усялякага патасу.

«Час няпросты, але гэта час разьвіцьця і фармаваньня новай нацыі»

— Цяпер фактычна кожны чалавек у Беларусі рызыкуе трапіць пад амапаўскую дубінку ці нават на «суткі» ў ізалятар. Але градус страху пры гэтым істотна меншы, чым у ранейшыя палітычныя кампаніі. Ці згодныя з такой думкай?

— Страх — гэта такая ілюзія. У спорце, дарэчы, гэта таксама часта здараецца. Калі твая каманда сустракаецца з крутым супернікам, у разьдзявальні бачыш і страх, і паніку. Дасьведчаны спартовец разумее, што гэта проста ілюзія, зь якою трэба справіцца. Зноў жа вяртаемся да словаў пра трываньне і разуменьне, што праўда на тваім баку. Яны даюць унутраны спакой. Няпроста, але трэба справіцца.

Сацыяльная аватарка Ягора Мешчаракова
Сацыяльная аватарка Ягора Мешчаракова

Калі недалёка ад нашага дому выбухалі сьвятлашумавыя гранаты, мая дачка запыталася: «Тата, што гэта — вайна?». Давялося суцешыць, што апона ў машыны лопнула, таму грукат. І яна адразу заснула проста ад шоку, бо нават дзеці малодшага школьнага ўзросту разумеюць: нешта ў краіне ня так. Час няпросты, але гэта час разьвіцьця, час фармаваньня новай нацыі.

— Гатовыя самі цярпець за свае выказваньні, дзеяньні? Абсалютна зразумела, што цяперашняя ўлада ўсякім чынам будзе помсьціць «здраднікам». Як мінімум, кар’еру давядзецца паставіць на паўзу...

— Вядомая ж праўда — нішто ня вечнае... Адчуваньне праўды, разуменьне таго, што мы на сьветлым баку, шчасьлівыя вочы навокал, падтрымка блізкіх і незнаёмых людзей — гэта тое, што рухае ўсімі беларусамі, якім не абыякавая будучыня сваёй радзімы.

Заканчэньне чарговага сэзону
Заканчэньне чарговага сэзону

Калі мы ішлі ў калёне 30 жніўня, нас суправаджалі сотні, нават тысячы крыкаў — «Хлопцы, дзякуй, што вы з намі!». Яны натхнялі і давалі сілы. І мы адказвалі: «Дзякуй, мы заўсёды з вамі!». Усё жыцьцё мы выступалі для прыхільнікаў, для заўзятараў, а не для нейкіх справаздачаў у Міністэрства спорту. Гэта народная любоў, і яна ўзаемная...

Спартоўцы — з народам
Спартоўцы — з народам

Ягор Мешчаракоў нарадзіўся 9 кастрычніка 1976 году ў Менску. Выхаванец сталічнай СДЮШАР № 10. Адзін з самых вядомых і пасьпяховых беларускіх баскетбалістаў: чэмпіён Эўропы сярод моладзевых камандаў, шматразовы чэмпіён Беларусі, чэмпіён Украіны, срэбны прызэр чэмпіянату Расеі. Гуляў на пазыцыі «цяжкага форварда».

Падчас выступаў у ЗША
Падчас выступаў у ЗША

У 1994 годзе ў складзе зборнай Беларусі (U-22) выйграў моладзевы чэмпіянат Эўропы. Пасьля гэтага разам зь іншым вядомым баскетбалістам Аляксандрам Кулём паехалі ў ЗША, там вучыліся і выступалі за каманду ўнівэрсытэту Джорджа Вашынгтона.

Сталі галоўнай рухальнай сілай, падняўшы аўтсайдэраў у лідэры. Абодва мелі рэальныя шанцы загуляць у Нацыянальнай баскетбольнай лізе, але празь недахоп досьведу магчымасьцю не скарысталіся. У лютым 2018-га Ягор Мешчаракоў уведзены ў Залю славы ўнівэрсытэту імя Джорджа Вашынгтона.

Пасьля завяршэньня амэрыканскага пэрыяду пераехаў у Эўропу, дзе гуляў у клюбах Італіі, Грэцыі, Турэччыны, Расеі, Украіны. З сваіх 43 гадоў амаль два дзясяткі пражыў за мяжой.

Беларускі выпускнік унівэрсытэту імя Джорджа Вашынгтона
Беларускі выпускнік унівэрсытэту імя Джорджа Вашынгтона

Цягам 1995-2012 гадоў выступаў за нацыянальную каманду, быў яе капітанам. Паводле апытаньня газэты «Прессбол» прызнаны найлепшым баскетбалістам краіны 1998, 2000, 2001, 2008 і 2009 гадоў.

У 2010-м прыпыніў кар’еру, каб завершыць вучобу ва ўнівэрсытэце Вашынгтона, а ў 2012-м вярнуўся ў зборную Беларусі для ўдзелу ў адборачным турніры чэмпіянату Эўропы.

У канцы 2014-га быў прызначаны на пасаду спартовага дырэктара каманды «Цмокі-Менск». Адначасова працаваў намесьнікам старшыні Беларускай фэдэрацыі баскетболу, а таксама асыстэнтам галоўнага трэнэра зборнай Беларусі і памочнікам галоўнага трэнэра «Цмокаў».

Ягор і Мікіта Мешчараковы на амэрыканскім выпускным
Ягор і Мікіта Мешчараковы на амэрыканскім выпускным

Ягор Мешчаракоў стаў адным з заснавальнікаў дзіцячага баскетбольнага клюбу, названага яго імем. Ягоны малодшы брат Мікіта — дзейны баскетбаліст, апошнім часам выступаў за менскіх «Цмокаў», гулец нацыянальнай зборнай Беларусі ў баскетболе 3х3.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG