Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Без абароны ніхто не застанецца» – што робяць пазбаўленыя ліцэнзіі адвакаты


Адвакат Юлія Леванчук
Адвакат Юлія Леванчук

Адвакаты Аляксандар Пыльчанка і Юлія Леванчук, якіх 15 кастрычніка Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзій, былі гатовыя да такога разьвіцьця падзей. Таму справы сваіх падабаронных, сярод якіх многія пад вартай, перадалі іншым калегам. Адвакаты будуць аспрэчваць рашэньне, хоць у Беларусі яшчэ не бывала, каб хто перамог Мін'юст.

Міністэрства юстыцыі на сваім сайце патлумачыла, чаму ў адвакатаў Аляксандра Пыльчанкі і Юліі Леванчук забралі ліцэнзіі. Прычыны – «грубыя парушэньні заканадаўства аб ліцэнзаваньні, дзеяньні, якія дыскрэдытуюць званьне адваката і адвакатуру».

Прычына – публікацыя на tut.by

Аляксандар Пыльчанка
Аляксандар Пыльчанка

Што да Аляксандра Пыльчанкі, падставай для пазбаўленьня ліцэнзіі стала публікацыя на партале Tut.by ад 14 жніўня. У ёй юрыст расказаў, якімі паўнамоцтвамі валодае генпракурор і якія дзеяньні можа распачаць па апублікаваных у СМІ відэа і сьведчаньнях зьбіцьця людзей 9–12 жніўня ў РУУС і ІЧУ.

Мін’юст жа лічыць, што «адвакат Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў Аляксандар Пыльчанка дапусьціў у СМІ некампэтэнтныя камэнтары і фактычна заклікаў да проціпраўных дзеяньняў, у тым ліку «да блякаваньня і раззбраеньня воінскіх падразьдзяленьняў. Пры гэтым заявы Пыльчанкі ўводзяць грамадзкасьць у зман адносна паўнамоцтваў дзяржаўных органаў».

«Пакуль мару схадзіць у грыбы, але не ўдаецца за справамі»

Аляксандар Пыльчанка расказаў Свабодзе, што на паседжаньні Кваліфікацыйнай камісіі прысутнічалі 14 чалавек. Прычым адвакатаў там была меншасьць. Не было старшыні Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктара Чайчыца, не было і прадстаўнікоў дзьвюх абласных калегій. Затое прысутнічалі прадстаўнікі пракуратуры, Вярхоўнага Суду, Міністэрства юстыцыі. Бальшыню ён ня ведае. Іншага рашэньня і не чакаў, таму ўсе пытаньні з справамі, якія вядзе, вырашыў загадзя.

«Перадаў справы калегам, без абароны ніхто не застанецца. Віктара Бабарыку па-ранейшаму будуць абараняць Дзьмітры Лаеўскі і Натальля Мацкевіч. Па астатніх падабаронных таксама ўсе пытаньні закрытыя. Тыя справы, што дайшлі да суду, дакладна перададзеныя калегам. Засталося пару спраў на пачатковай стадыі, вырашым і зь імі», – запэўніў Аляксандар Пыльчанка.

Плянаў, чым займацца далей, Аляксандар Пыльчанка пакуль ня мае. Але не губляе аптымізму.

«Праблемы будзем вырашаць па меры іх паступленьня. Пакуль мару схадзіць у грыбы, але не ўдаецца за справамі».

Аляксандар Пыльчанка ачольваў Менскую гарадзкую калегію адвакатаў з красавіка 2010 па сакавік 2012 году. Менавіта ў гэты час былі пазбаўленыя ліцэнзій альбо не прайшлі атэстацыі адвакаты, якія абаранялі ўдзельнікаў Плошчы-2010: Алег Агееў, Тацяна Агеева, Тамара Гараева, Тамара Сідарэнка, Уладзімер Тоўсьцік. Адваката Паўла Сапелку пазбавіў ліцэнзіі прэзыдыюм Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў паводле прадпісаньня Міністэрства юстыцыі.

У сьнежні 2011 году быў прыняты Закон аб адвакатуры. Артыкул 4 Закону сьцьвярджае, што арганізацыя адвакатуры і адвакацкай дзейнасьці заснаваная «на незалежнасьці адвакатаў пры ажыцьцяўленьні прафэсійнай дзейнасьці».

Ці выконваецца гэты артыкул закону?

«Не. Чаму адвакатура не незалежная – гэта пытаньне рытарычнае», – адказаў Аляксандар Пыльчанка.

«У мяне забралі адвакацкую ліцэнзію, але не забралі веды і досьвед»

Адвакатку Юлію Леванчук фармальна пазбавілі ліцэнзіі за перапіску ў сацыяльных сетках зь сяброўкай, якая працуе сьледчай.

«Як стала вядома Міністэрству юстыцыі, адвакат Берасьцейскай абласной калегіі адвакатаў Леванчук зьявілася ініцыятарам перапіскі са сьледчым, у якой дапусьціла пагрозы на ягоны адрас і на адрас чальцоў ягонай сям’і», – тлумачыць Міністэрства юстыцыі.

Юлія кажа, што яшчэ не азнаёмілася з заключэньнем. Але абскарджваць рашэньне будзе – гэтым зоймуцца яе прадстаўнікі-адвакаты.

Што за перапіска, за якую спадарыню Леванчук, паводле Мін’юсту, пазбавілі ліцэнзіі, яна расказваць ня стала.

«Падазрэньні ў мяне ёсьць, але на дадзеным этапе я б не хацела іх агучваць. Хацелася б гэтыя абставіны выкласьці ў судзе, бо любому больш-менш адэкватнаму чалавеку зразумела, што гэта ня тое, што напісалі», – кажа Юлія Леванчук.

Што да яе падабаронных, яна разумела, што ўсё магчыма. І таксама папярэдне пачала перадаваць свае справы калегам.

«На мяне ўскладзена адказнасьць за людзей, якіх я абараняю. Многія зь іх знаходзяцца пад вартай, і пакінуць іх без увагі я таксама не магу, з майго боку гэта было б некарэктна. Таму абавязкова вырашу гэтую праблему», – запэўніла яна.

Адвакатка мяркуе, што пазбаўленьне ліцэнзій чакае бліжэйшым часам пэўную праслойку адвакатаў, якая найбольш актыўная, якая вядзе палітычна матываваныя справы.

«Але цяпер зусім ня тая сытуацыя, што была ў 2011 годзе. Паміж 2011 і 2020 гадамі – вялікая бездань. У мяне забралі адвакацкую ліцэнзію, але не забралі веды і досьвед, і я ім, спадзяюся, знайду прымяненьне», – мяркуе Юлія Леванчук.

«Сьвежы падыход у знаходжаньні падставаў для пазбаўленьня ліцэнзіі»

Адвакат праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка на пачатку 2000-х гадоў прадстаўляў інтарэсы жонкі зьніклага палітыка Віктара Ганчара, абараняў Зьмітра Дашкевіча, Мікалая Аўтуховіча, Андрэя Саньнікава. У сакавіку 2011 году па прадпісаньні Міністэрства юстыцыі прэзыдыюм Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў выключыў Паўла Сапелку з шэрагаў адвакатаў. Тады гэтае рашэньне Павал не абскарджваў.

На яго думку, пазбаўленьне ліцэнзій – гэта даўно апрабаваная форма ціску на ўдзельнікаў палітычна матываваных працэсаў, спосаб запалохваньня адвакацкага корпусу, калі адвакат пачынае актыўна выбудоўваць пазыцыю па крымінальных справах, па абароне ахвяраў палітычнага перасьледу.

«Нічога новага. Толькі сьвежы падыход у знаходжаньні падставаў для пазбаўленьня ліцэнзіі. Але сутнасьці ён не мяняе. Гэта цынічнае ўмяшаньне ў дзейнасьць самакіраванага інстытуту, якім павінна быць адвакатура.

Але заканадаўства ў Беларусі такое, што адвакатура ні дэ-факта, ні дэ-юрэ не зьяўляецца незалежным інстытутам. Бо кваліфікацыйная камісія складаецца ня толькі з адвакатаў, але і з чальцоў выканаўчай улады, і іх бальшыня. А скаргі разглядаць і вырашаць лёс абаронцаў павінны іх калегі – адвакаты», – мяркуе Павал Сапелка.

Ён перакананы, што ад перасьледу адвакатаў пакутаваць будуць кліенты, якія могуць быць пазбаўленыя кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі.

«Ціск будзе мець наступствы, складана будзе знайсьці адваката па палітычна матываванай справе. Адвакаты будуць апасацца займаць актыўную пазыцыю, абараняючы ахвяраў палітычнага перасьледу», – перакананы юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка.

Як склаўся лёс адвакатаў, пазбаўленых працы

Першай выключылі з калегіі адвакатаў гарадзенку Валянціну Бусько – яна была затрыманая за ўдзел у акцыі 19 сьнежня 2010 году. Цяпер Валянціна працуе юрыстам.

Тамара і Алег Агеевы, Тамара Сідарэнка, як і Павал Сапелка, – праваабаронцы. Алег Агееў працуе ў Беларускай асацыяцыі журналістаў, Тамара Агеева – у Беларускім дакумэнтацыйным цэнтры, Тамара Сідарэнка – у Беларускім Хэльсынскім камітэце.

Адвакаты Ірыны Халіп Уладзімер Тоўсьцік і Марына Кавалеўская зьехалі ў ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG