Сытуацыя ў Беларусі не паляпшаецца, працягваюцца беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў, журналістаў і сябраў Каардынацыйнай рады, і Эўразьвяз рыхтуе новыя санкцыі супраць афіцыйных асобаў, заявіў кіраўнік дыпляматыі ЭЗ Жузэп Бурэль.
«Вы добра ведаеце, што Эўрапейскі зьвяз не прызнаў фальсыфікаваныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў», — сказаў высокі прадстаўнік ЭЗ у замежных справах, зьвяртаючыся ў аўторак да эўрадэпутатаў на пленарнай сэсіі Эўрапейскага парлямэнту ў Брусэлі.
«Мы ясна заявілі, што Лукашэнка ня мае ніякай дэмакратычнай легітымнасьці. Мы не прызнаем яго як законнага прэзыдэнта Беларусі», — працягнуў Бурэль.
У санкцыйны сьпіс уключаць Лукашэнку
Паводле яго, з гэтым рэжымам больш нельга весьці «бізнэс, як звычайна». Ён нагадаў, што ЭЗ прыняў дадатковыя санкцыі супраць 40 беларускіх афіцыйных асобаў за фальсыфікацыю выбараў і прымяненьне гвалту ў дачыненьні да грамадзянаў. Але з таго часу, адзначыў Бурэль, сытуацыя ў Менску не пераставала пагаршацца, і, падобна, не назіраецца ніякіх пэрспектываў дыялёгу.
«Рада Эўразьвязу палітычна дала сваё „зялёнае сьвятло“ для абмеркаваньня наступнага пакету санкцый, і гэтым разам яны пашырацца на самога Аляксандра Лукашэнку. Тэхнічная праца пачалася адразу пасьля пасяджэньня Рады і хутка завершыцца. Ні ў воднай дзяржавы-ўдзельніцы ня ўзьнікла пярэчаньняў на гэты конт», — паведаміў кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі.
Дапамога новай дэмакратычнай Беларусі
Бурэль лічыць, што прынцыпы дачыненьняў ЭЗ зь Беларусьсю мусяць быць перагледжаныя, але Эўразьвяз салідарны зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю. Ідзе праца над глябальным пакетам эканамічнай дапамогі, якую эўрапейскія інстытуты гатовыя аказаць «новай дэмакратычнай Беларусі».
Ён пагадзіўся з рэкамэндацыямі Эўрапарлямэнту што да новых дачыненьняў ЭЗ зь Беларусьсю, у якіх зварачаецца ўвага на тое, што «толькі нацыянальны інклюзіўны дыялёг з удзелам Каардынацыйнай рады можа прывесьці да надзейнага мірнага вырашэньня». ЭЗ будзе настойваць на пасярэдніцкай місіі АБСЭ для спрыяньня такому дыялёгу. Пры гэтым Бурэль прызнаў, што беларускія ўлады ня схільныя да дыялёгу, і ўсе намаганьні ЭЗу гэтым пытаньні да гэтага часу не прынесьлі выніку.
Грошы ЭЗ не павінны трапіць у кішэню ўраду
Ён запэўніў, што ЭЗ будзе працягваць падтрымліваць беларускі народ у яго барацьбе за свае дэмакратычныя правы, за права абраць прэзыдэнта на свабодных выбарах і пад наглядам АБСЭ. Эўразьвяз гатовы падтрымліваць беларусаў, грамадзянскую супольнасьць, незалежныя СМІ «ўсімі наяўнымі інструмэнтамі — фінансавымі і палітычнымі».
«Мы паспрабуем ізаляваць урад Лукашэнкі, аказваючы фінансавую дапамогу грамадзянам і пазьбягаючы таго, каб гэтыя грошы трапілі ў кішэню ўраду», — паабяцаў кіраўнік дыпляматыі ЭЗ, пацьвердзіўшы меркаваньне Брусэлю, што адзіным выхадам з сытуацыі ёсьць правядзеньне новых, свабодных і справядлівых прэзыдэнцкіх выбараў.
Бурэль таксама запэўніў, што ЭЗ ня мае намеру ператвараць беларускую сытуацыю ў геапалітычную праблему і ставіць беларусаў перад выбарам таго або іншага лягеру. «Тое, чаго хочуць грамадзяне, — гэта такога палітычнага рэжыму, пры якім паважаюцца правы чалавека. Яны хочуць дэмакратычнай сыстэмы, якая паважае волю народу», — патлумачыў высокі прадстаўнік ЭЗ у замежных справах.