20 кастрычніка звольнілі намесьніка дэкана па вучэбнай працы факультэту прыродазнаўства БДПУ Мікалая Страху. Афіцыйна — «па згодзе бакоў», паводле звольненага намдэкана — за актыўную грамадзянскую пазыцыю ў сацсетках.
Мікалай Страха працаваў у БДПУ імя Танка з 1998 году, выкладаў геаграфію сусьветнай гаспадаркі і насельніцтва. Ён аўтар больш як 180 навуковых прац, распрацоўшчык дзясятка вучэбных праграм, ягоныя падручнікі зацьверджаныя Міністэрствам адукацыі.
Родам са Століншчыны. Скончыў з адзнакай Берасьцейскі пэдынстытут, спачатку працаваў у «альма матэр». У 1997 годзе скончыў юрыдычны факультэт Белдзяржунівэрсытэту — таксама з адзнакай.
Усе іспыты на юрфаку здаваў па-беларуску. У БПДУ таксама доўгі час чытаў лекцыі па-беларуску. Але цяпер, паводле ягоных слоў, на факультэце вучыцца шмат туркмэнскіх студэнтаў, таму давялося выкладаць па-расейску.
Дарэчы, інфармацыя пра яго на афіцыйным сайце БДПУ ня выдалена.
«Умова была такая: альбо ты спынісься, ня пішаш, выдаляеш пасты, альбо працаваць ня будзеш»
«Гэта пачалося яшчэ ў жніўні. Безумоўна, я ня мог маўчаць, бачачы, што робіцца ў краіне, выстаўляў у сеціве свае пасты, камэнтары ў фэйсбуку, „Аднаклясьніках“, „УКантакце“. Мяне папярэджвалі: не хадзіце на акцыі, не пішыце, прыбярыце з сацыяльных сетак свае пасты і камэнтары. Потым былі прафіляктычныя выклікі да рэктара, да прарэктараў, бо я працаваў намесьнікам дэкана», — расказаў звольнены выкладчык.
Паводле яго, галоўная «ідэалягіня» ў БДПУ — прарэктарка Сьвятлана Іванаўна Копцева доўга была ў адпачынку, а потым «узялася ўжо ўшчыльную».
«Умовы былі такія: «альбо ты спыняесься, нідзе ня пішаш, прыбіраеш пасты — ты ж пры пасадзе, цябе студэнты чытаюць у сацыяльных сетках. Калі ня спынісься — працаваць ня будзеш», — кажа Мікалай Страха.
Ён не спыніўся. На пачатку кастрычніка выкладчык быў у адпачынку, яго выклікалі і прапанавалі звольніцца па згодзе бакоў. Чаму пагадзіўся?
«Я ж юрыст па другой адукацыі, разумею, што калі не пагаджуся, знойдуць прычэпку, каб звольніць па артыкуле. Не дадуць працаваць там, дзе цябе ня хочуць. Я ж ведаю ўсю гэтую кухню. Пайду на акцыю, забяруць, пасадзяць на 15 сутак. Знойдуць зачэпку. Так пабудаваная наша сыстэма адукацыі», — тлумачыць ён.
Студэнты БДПУ зладзілі акцыю ў падтрымку намесьніка дэкана
19 кастрычніка ў Мікалая Страхі быў апошні дзень адпачынку. Ён вырашыў прыйсьці ва ўнівэрсытэт, каб разьвітацца са студэнтамі. Яго пусьцілі — але толькі ў суправаджэньні кіраўніцтва.
«З суботы заблякавалі мой пропуск ва ўнівэрсытэт. У суботу я павінен быў чытаць лекцыю, але мне ўжо не дазволілі: маўляў, „да студэнтаў вам нельга“. А ў панядзелак увайшоў у вучэбны корпус ужо „ў суправаджэньні“. Але студэнты зладзілі акцыю ў маю абарону, і мне загадалі тэрмінова пакінуць унівэрсытэт», — кажа пра ўчорашнія падзеі Мікалай Страха.
У фае студэнты сабраліся на акцыю салідарнасьці са звольненым намесьнікам дэкана. Акцыя, як яны паведамілі ў сваім тэлеграм-канале, ператварылася «ў сядзячы пратэст». Потым была сустрэча з кіраўніцтвам.
«Пазьней частка студэнтаў перайшла ў аўдыторыю для дыялёгу з адміністрацыяй, але большасьць засталася на прыступках. З кучы вады, якая лілася з вуснаў Копцевай, стала зразумела, што факт псыхалягічнага ціску на Страху М.Л. яны адмаўляюць. Каму верыць — вырашаць вам», — напісалі студэнты ў сваім тэлеграм-канале і выклалі фатаздымкі.
Дэкан Натальля Навуменка: «Я лічу, што ён сышоў дарма»
Зьвязацца зь першай прарэктаркай Сьвятланай Копцевай Свабодзе не ўдалося. «Увесь дзень яна на нарадзе», — адказвала сакратарка.
Дэкан факультэту прыродазнаўства Натальля Навуменка кажа, што вельмі шкадуе пра звальненьне свайго намесьніка Мікалая Страхі.
«Я лічу, што ён сышоў дарма. Ён напісаў заяву і сказаў, што працаваць больш ня хоча. Я яго ўгаворвала застацца. Ніхто на яго ня ціснуў. У нас зь ім трывалыя добрыя чалавечыя адносіны, дзелавыя — падручнікі зь ім разам рабілі.
Мікалай Леанідавіч — клясны спэцыяліст, і студэнты яго любяць, і аўтарытэт у яго ёсьць. Але ён вырашыў, што нейкія ягоныя прынцыпы супярэчаць нейкім яшчэ прынцыпам. Яго звальненьне сярод навучальнага году стварае шмат праблем. Я паўтараю: я лічу, што ён дарма звольніўся», — кажа дэкан Натальля Навуменка.
Мікалай Страха кажа, што вырашыў пакуль крыху адпачыць.
«Сваякі нармальна паставіліся да майго звальненьня, разумеюць, падтрымліваюць. Я трывалы чалавек, устойлівы псыхічна. Мне ўпікалі, што я, маўляў, зарабляю палітычны капітал, каб зьехаць за мяжу. Але не дачакаюцца. Я нікуды не зьбіраюся зьяжджаць. Ад сваёй пазыцыі я не адступлюся. Жартую: унук некалі запытаецца: «Дзед, а чаму ты не сядзеў?» — разважае Мікалай Страха, які з 20 кастрычніка ўжо не працуе ў БДПУ.
Гэта ня першы выпадак звальненьняў выкладчыкаў ВНУ з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй. Два тыдні таму «па згодзе бакоў» быў звольнены выкладчык Менскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Арцём Зяцікаў.