Пасьля апублікаваньня відэазвароту выкладчыкаў МДМУ ўжо звольненыя два выкладчыкі — Юлія Матусевіч і Арцём Зяцікаў.
Арцём Зяцікаў патлумачыў Свабодзе, як пагадзіўся на звальненьне па ўласным жаданьні, чаму спадзяецца хутка вярнуцца ў МДМУ і што плянуе рабіць далей.
«Калі мы пісалі тэкст, прадумвалі, каб не было ніякіх заклікаў»
Зварот запісалі 14 неабыякавых выкладчыкаў — каманду сабралі праз тэлеграм-канал «Рупар МДМУ». Тэкст звароту — плён калектыўнай працы.
«Калі мы пісалі тэкст, прадумвалі, каб не было ніякіх заклікаў. Але ў нашай краіне як цяпер: калі ты выказваесься супраць гвалту, за выкананьне правоў чалавека і Канстытуцыі, гэта азначае, што ты выказваесься супраць дзейнай улады», — кажа Арцём.
Асабіста ў яго тэкст быў такі: «І самае галоўнае — стаць для вас годным прыкладам, навучыць расстаўляць прыярытэты, паказаць, што значыць быць прафэсіяналам і быць чалавекам».
На наступны дзень пасьля апублікаваньня звароту ўсіх удзельнікаў запрасілі ў рэктарат на гутарку.
«Паседжаньне рэктарату, я б сказаў, прайшло ў добразычлівай атмасфэры. Вядома, нам спрабавалі намякнуць, што мы штосьці парушылі. Але мы ж нічога не парушалі! Нам не пагражалі, але намёк быў. Зрабілі заўвагу, што запісалі зварот у абыход кіраўніцтва.
Я ня ведаю, ці быў ціск на астатніх, хто запісваў зварот. Ведаю толькі пра Юлію Матусевіч — яна падтрымала студэнтаў, якія зладзілі сядзячы пратэст, і звольнілася 2 кастрычніка.
Для кіраўніцтва апошняй кропляй стала тое, што я падтрымаў студэнтку, якая сядзела каля рэктарату з плякатам у падтрымку tut.by, сфатаграфаваўся зь ёй. Для іх паслужыла гэта спускавым мэханізмам. То бок у нас зь Юліяй было яшчэ па адным эпізодзе», — кажа Арцём.
«Ва ўсёй вэртыкалі ўлады „ўкараніліся“ людзі, гатовыя выканаць любы абсурдны загад»
6 кастрычніка Арцёму Зяцікаву перадалі словы рэктара, што «ён перайшоў мяжу».
«То бок ні рэктара, ні прарэктараў я ня бачыў. Яны даручаюць гэта ляяльнаму да іх чалавеку, які знаходзіцца значна ніжэй за іх па пасадзе. Мне было прапанавана тэрмінова напісаць заяву „па ўласным жаданьні“. І гэта рабілася нават не праз катэдру. Страшна, што ва ўсёй вэртыкалі ўлады настолькі глыбока „ўкараніліся“ людзі, гатовыя выканаць любы абсурдны загад. Ня ведаю, колькі павінна прайсьці часу, каб усе гэтыя карані выкарчаваць», — разважае Арцём.
Заяву Арцём напісаў 6 кастрычніка, і ад 7-га ён ужо вольны чалавек. На пытаньне, навошта выкладчык пагадзіўся адразу напісаць заяву па ўласным жаданьні, адказаў, што не хацеў, каб былі непрыемнасьці ў катэдры.
«Калектыў катэдры ў мяне цудоўны! Гэта найлепшая катэдра ў БДМУ. Таму я пагадзіўся на прапанову сысьці па ўласным жаданьні, каб катэдру не падстаўляць. Катэдра мяне якраз падтрымала», — адказвае ён.
Арцём Зяцікаў працуе старшым выкладчыкам на катэдры фармацэўтычнай хіміі 7 гадоў — з дня заснаваньня фармацэўтычнага факультэту ў сталічным мэдунівэрсытэце. Скончыў Віцебскі мэдунівэрсытэт з адзнакай, і яго разьмеркавалі ў Менск як лепшага студэнта.
«Заробак у аптэцы — 1800 рублёў, на катэдры — 800. Ва ўнівэрсытэце працуюць фанаты»
У Арцёма малое дзіця, жонка ў дэкрэтным адпачынку. Кажа, што сям’я спачатку крыху напалохалася, але ўсе паставіліся з разуменьнем. Прапановы новай працы ўжо мае, мяркуе ўладкавацца па спэцыяльнасьці — у аптэку.
«Калі яшчэ абмяркоўвалі пытаньне з запісам відэазвароту, я ўжо разумеў, што могуць быць наступствы. Таму маральна я быў гатовы, што пайду працаваць у аптэку.
Заробак у аптэцы — 1800 рублёў. На катэдры — 800 рублёў. Натуральна, ва ўнівэрсытэце працуюць фанаты сваёй справы. Мне падабаецца выкладаць, працаваць са студэнтамі. Але каб мець прыстойны ўзровень жыцьця, трэба падпрацоўваць. Таму многія ў нас працуюць на дзьвюх працах. Я думаю, калі ўсё зьменіцца, усе мы вернемся на працу ва ўнівэрсытэт», — перакананы Арцём Зяцікаў.
«Мяне асабіста пакуль не чапалі. Але ў сьнежні сканчаецца кантракт, і ўсё можа быць»
Яшчэ два ўдзельнікі звароту на ўмовах ананімнасьці расказалі Свабодзе, што на наступны дзень пасьля апублікаваньня відэазвароту ўсіх запрасілі на паседжаньне рэктарату. Папярэдзілі, але асабіста для іх наступстваў пакуль не было.
«Нас тады мякка папярэдзілі, што калі вы яшчэ штосьці падобнае зробіце, з намі, так бы мовіць, спыняць супрацоўніцтва. Выходзіць, тыя двое, каго вымусілі звольніцца, падтрымлівалі студэнтаў.
Мяне асабіста пакуль не чапалі. Але ў мяне і яшчэ некалькіх чалавек з тых, хто запісваў зварот, у сьнежні сканчаецца кантракт. І ўсё можа быць. Ёсьць высокая верагоднасьць таго, што яго папросту могуць не падоўжыць», — сказаў Свабодзе практыкуючы лекар і выкладчык БДМУ.