Раніцай 13 кастрычніка разам з жонкай затрымалі аднаго з уласьнікаў менскай крамы «Первый цветной» Максіма Харошына. Яго брутальна пабілі пры затрыманьні і пасьля ў РУУС, так што адразу зь міліцыі адправілі ў шпіталь.
Максім Харошын зьмясьціў сёньня ў Інстаграме зварот да беларусаў, якія падтрымалі яго ў цяжкія дні. Да яго затрыманьня ён быў вядомы тым, што на жаночых маршах раздаваў дзяўчатам кветкі.
Пасьля таго, як навіна пра жорсткае затрыманьне Харошына разышлася па сацыяльных сетках, каля яго крамы стаялі доўгія чэргі па кветкі на знак салідарнасьці з уласьнікам крамы.
«Мы з сям’ёй на некалькі тыдняў вырашылі выехаць на рэабілітацыю.
Нягледзячы на тое, што гэта было зрабіць вельмі няпроста, я толькі цяпер выдыхнуў і абняў сына, жонку і расплакаўся. Ад былога страху і ад той падтрымкі, якую я атрымаў ад Вас.
Дзякуй Вам вялікі, Беларусы Вы неверагодныя, і мы абавязкова пераможам. Я вярнуся і зусім хутка буду дастаўляць Вам любімыя кветкі.
Дзякуй Вам і беражыце адны адных», — напісаў Максім у Інстаграме..