22 паверхі даўжынёй. У Менску вывесілі гіганцкі бел-чырвона-белы сьцяг
У менскім мікрараёне Каскад вывесілі агромністы бел-чырвона-белы сьцяг. Ён недзе з 22 паверхі даўжынёй.
У дваровым тэлеграм-канале пішуць, што гэта была спроба ўсталяваць рэкорд на самы вялікі сьцяг у сьвеце.
Паводле каналу, сьцяг 71 мэтраў у даўжыню і 36 у шырыню, ягоная плошча — 2556 м².
Праз гіганцкія памеры сьцяг заблытаўся падчас вывешваньня.
Неўзабаве прыехала група людзей у чорным, каб гэты сьцяг зьняць. Але жыхары зьнялі яго самі.
У Наваградку раніцай курган Міцкевіча стаў бел-чырвона-белым
У цэнтар гораду ад «Менск-арэны» едзе калёна пад чырвона-зялёнымі сьцягамі
У Менску абмежавалі рух мэтро
Закрылі станцыі мэтро «Кастрычніцкая», «Купалаўская», «Плошча Леніна», «Няміга», «Першамайская» і «Пралетарская».
«Першамайскую» і «Пралетарскую» закрылі ўпершыню за ўвесь час сёлетніх пратэстаў. Раней ў сацсетках зьявіліся заклікі правесьці марш ад цэнтру да Заводзкага раёну па Партызанскім праспэкце.
У Менску адключылі мабільны інтэрнэт
Апэратар МТС пацьвердзіў, што абмежаваў доступ у інтэрнэт на патрабаваньне дзяржаўных органаў.
У Горадні жанчыны гуляюць з кветкамі
У Горадні жанчыны з кветкамі гуляюць па Савецкай вуліцы. Савецкая плошча агароджаная і пустая. У папярэднія выходныя збор пратэстоўцаў прызначалі на плошчы, дзе ішоў кірмаш.
Дзясяткі гарадзенцаў без сымболікі накіраваліся па Савецкай вуліцы ў бок парку Жылібэра.
Менск. Першая калёна ўтварылася на пачатку Партызанскага праспэкту
На скрыжаванні Партызанскага праспэкту і вуліцы Леніна ўжо ўтварылася калёна з сотняў людзей з нацыянальнымі сьцягамі. Адусюль на праспэкт выходзяць дзясяткі і дзясяткі чалавек. Карэспандэнты «Нашай Нівы» ацэньваюць агульную колькасьць пратэстоўцаў цяпер у тысячу чалавек.
Першыя затрыманьні пратэстоўцаў
У Менску, пішуць «Наша ніва» і #МотолькоПомоги, затрымалі маладых людзей ля мэтро «Партызанская». У Сьветлагорску затрымалі 8 чалавек, перадае чытач Tut.by.
Таксама зьявіліся кадры затрыманьняў на вуліцы Аранскай.
Вядома, што ў Менску ля стадыёна «Дынама» затрымалі журналіста «Белорусы и рынок» Арцёма Маёрава, у Сьветлагорску затрымалі праваабаронцу «Вясны» Алену Масьлюкову.
У Менску пачалі перакрываць вуліцы
ДАІ перагарадзіла вуліцу Леніна у раёне КЗ «Менск». У райне вуліц Сьвярдлова, Ульянаўскай, Леніна людзі сьцякаюцца ў бок Партызанскага праспэкту.
Перакрылі таксама рух па вуліцы Аранскай у бок Партызанскага праспэкту, піша Tut.by.
Менск. Дэманстранты занялі праспэкт
Калёна пратэстоўцаў заняла праезную частку ля «МотаВелаЗавода» і скандуе «Забастоўка». Наперад на вуліцы Куляшова сілавікоў столькі, што нібы яны сабраліся на парад. Колькасць дэманстрантаў рэпарцёры «Наша нівы» ацэньваюць у дзясяткі тысяч чалавек.
Менск: у бок Партызанскага праспэкту едзе калёна вайсковай тэхнікі
У бок Партызанскага праспэкту па вуліцы Казлова паехала калёна вайсковай тэхнікі.
Тым часам галава калёны дайшла да скрыжаваньня з вуліцай Кашавога. Тут да яе далучаюцца калёны зь іншых раёнаў. Час ад часу галава калёны спыняецца, каб пачакаць іншых. Шмат людзей сталага веку. Шмат сьцягоў раёнаў — Уручча, Сухарава, Серабранка і іншыя. Журналісты адзначаюць, што многія людзі ў масках, каб засьцерагчыся ад каранавірусу.
На сёньняшнім маршы ў пратэстоўцаў новая крычалка — «Ультыматум!».
Горадня: сілавікі перакрываюць турнікетамі цэнтральную вуліцу
На Савецкай вуліцы дзяўчына пачала жангляваць, людзі скандуюць «Жыве Беларусь» і пляскаюць у ладкі.
Сілавікі ў чорнай форме і шаломах перакрываюць Савецкую турнікетамі. Міліцыянты папярэджваюць людзей, што за несанкцыянаваныя мерапрыемствы пагражае адказнасьць.
У Віцебску — «ланцуг салідарнасьці». Ёсьць затрыманыя
Гомель: людзі гуляюць з кветкамі, затрымалі дваіх жанчын
На вуліцы Савецкай у Гомлі затрымалі дзьвюх жанчын, якія гулялі пад бел-чырвона-белымі парасонамі. Людзі ходзяць па Савецкай групамі, з кветкамі і букетамі з восеньскага лісьця. На ўсіх скрыжаваньнях стаяць міліцыянты, АМАП.
У Наваградку затрымалі каля 10 чалавек
Каля 60 жыхароў Наваградку сабраліся на цэнтральнай плошчы. Спачатку міліцыянты затрымлівалі пратэстоўцаў па адным. Каля 15:10 на плошчу прыехалі паўсотні сілавікоў, іх начальнік скамандаваў затрымліваць усіх. Людзі разьбегліся, прыкладна 5 чалавек яшчэ затрымалі.
Менск: У калёне пратэстоўцаў – лідэр незалежнага працоўнага руху Генадзь Быкаў
У калёне пратэстоўцаў журналісты заўважылі аднаго са старых лідэраў незалежнага працоўнага руху Генадзя Быкава. Ён сказаў, што сёньня адмыслова выйшаў на акцыю, абураны заявай сілавікоў пра тое, што яны будуць ужываць зброю супраць людзей. У 90-я Быкаў быў удзельнікам шматлікіх акцый рабочых. Пазьней узначальваў Свабодны прафсаюз.
Менск: пачаліся затрыманьні
Толькі што адбыліся затрыманьні каля ГЦ «Ленінград». Таксама «Наша Ніва» паведамляе пра хапун на скрыжаваньні Партызанскага праспэкту і вуліцы Кашавога, людзі разьбягаюцца па дварах.
Гомель: сілавікі сталі ў ланцуг і не даюць людзям прайсьці
Менск: на Партызанскім — яшчэ адна калёна пратэстоўцаў
На Партызанскім праспэкце заўважылі яшчэ адну калёну пратэстоўцаў. Паводле «Нашай Нівы», яна спрабуе дагнаць асноўную.
Менск: затрыманьні ля Мотавелазаводу, на Куляшова — шмат аўтазакаў
Тым часам насупраць Мотавелазаводу ідуць затрыманьні. Каля 10 бусаў ездзяць па Партызанскім праспэкце і пэрыядычна хапаюць людзей.