Расейскі «Газпром» фіксуе павелічэньне доўгу Беларусі за пастаўлены газ, паведамляе Tut.by, паводле крыніц якога ён ужо перавышае 250 мільёнаў даляраў.
У красавіку, калі цэны на газ на эўрапейскім рынку істотна зьнізіліся на фоне пандэміі і падзеньня нафтавых цэнаў, Менск стаў патрабаваць ад «Газпрома» перагляду сёлетняга кантракту. Цана на газ была захаваная на ўзроўні 2019 году — 127 даляраў за тысячу кубамэтраў. Тады як на спотавым рынку яна апусьцілася ніжэй за 100 даляраў.
29 траўня кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер заявіў, што гатовы пачаць перамовы зь Беларусьсю пасьля пагашэньня доўгу за пастаўлены газ у памеры 165 млн даляраў. У адказ Мінэнерга Беларусі заявіла, што ня мае запазычанасьці, проста ёсьць рознагалосьсі паміж суб’ектамі гаспадараньня ў вызначэньні цаны на газ з улікам яго калярыйнасьці.
Паводле экспэртаў, доўг мог утварыцца праз тое, што Беларусь ня плаціць надбаўку ААТ «Газпром Трансгаз Беларусь» («дачка» «Газпрома») за дастаўку газу спажыўцам. Па словах крыніцы парталу ў энэргетычным комплексе, спрэчка да гэтага часу ня вырашана, памер доўгу «перавысіў 250 млн даляраў». Паводле крыніц агентцва Інтэрфакс, гэты доўг склаў 273 млн даляраў.
У Мінэнэрга Беларусі адмовіліся камэнтаваць інфармацыю пра рост доўгу за газ.
«Такога роду інфармацыйныя ўкіды са спасылкай на крыніцы не ідуць на карысьць агульнаму ходу перамоваў дзьвюх краін у газавай сфэры. Наяўныя спрэчныя пытаньні ляжаць у плоскасьці суб'ектаў гаспадараньня»,— сказалі TUT.BY ў Міністэрстве энэргетыкі.
17 ліпеня міністар энэргетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч заявіў, што перамовы працягваюцца. Ён падкрэсьліў, што цана на газ «павінна быць канкурэнтаздольнай» у першую чаргу для беларускіх кампаній.
Беларусь штогод імпартуе з Расеі каля 20 млрд кубамэтраў газу. Менск неаднаразова прапаноўваў зьнізіць цану да ўзроўню Смаленскай вобласьці.
Аднак прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Мішусьцін заявіў, што бакі могуць абмеркаваць адзіныя кошты на энэрганосьбіты толькі пасьля зацьвярджэньня дарожных мапаў і пачатку рэальнай «паглыбленай інтэграцыі».
«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць
- Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
- Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
- Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
- У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
- Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
- 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
- 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
- Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
- Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
-
Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.
- 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»