Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 16 кастрычніка назваў усе пяць пытаньняў, якія будуць уключаны ў апытаньне грамадзян у дзень мясцовых выбараў 25 кастрычніка. Што варта ведаць пра ўсеўкраінскае апытаньне, якое менш чым за два тыдні да выбараў ініцыяваў кіраўнік украінскай дзяржавы?
Не рэфэрэндум і не сацыялёгія
Заканадаўства Ўкраіны не прадугледжвае такой формы дачыненьняў грамадзян з уладай, як агульнадзяржаўнае апытаньне. Але паўгода таму праўладная фракцыя ў парлямэнце спрабавала заканадаўча замацаваць за Цэнтральнай выбарчай камісіяй паўнамоцтва адначасова з выбарамі праводзіць апытаньні. Дэпутацкі корпус тады адхіліў гэтую ініцыятыву, а закон аб рэфэрэндуме, нягледзячы на перадвыбарчыя абяцаньні каманды Зяленскага, дагэтуль ня ўхвалены.
Такім чынам, апытаньне ня мае юрыдычнага статусу, а ягоныя вынікі ня будуць мець праўных наступстваў. Улада можа толькі ўлічыць думку грамадзян пры фармаваньні палітыкі ў пытаньнях, унесеных у апытальнік.
З гэтага вынікае, што такія кансультацыі з народам ня могуць фінансавацца зь дзяржаўнага бюджэту. Улады абяцаюць, што ў арганізацыю апытаньня будуць залучаныя грамадзкія арганізацыі і мецэнаты. Але пакуль што іх не называюць.
Адзін супраць усіх
Усе парлямэнцкія палітычныя сілы, апроч прэзыдэнцкай партыі «Слуга народу», ініцыятыву раскрытыкавалі.
У фракцыі Пятра Парашэнкі «Эўрапейская салідарнасьць» назвалі гэта спробай Уладзіміра Зяленскага пераключыць увагу на сябе, бо рэйтынг ягонай палітычнай сілы імкліва коціцца ўніз.
У фракцыі «Голас» лічаць, што такія апытаньні парушаюць выбарчае заканадаўства і супярэчаць міжнародным стандартам дэмакратычных выбараў.
У фракцыі «Бацькаўшчына» заявілі, што апытаньне ня будзе мець юрыдычных наступстваў, бо яно арганізоўваецца з парушэньнем заканадаўства і зь невядомымі крыніцамі фінансаваньня.
Не падтрымалі ініцыятыву Зяленскага і ў фракцыі Віктара Медведчука «Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё», назваўшы апытаньне «псэўдарэфэрэндумам».
Што цікавіць Зяленскага
Крытыку палітыкаў ды экспэртаў выклікала ня толькі прапанаваная ўладамі форма кансультацый з народам, але і пытаньні, уключаныя ў апытальны ліст. Паводле Ўладзіміра Зяленскага, пералік фармаваўся з тых пытаньняў, што «украінцы абмяркоўваюць на сваіх кухнях»:
- Ці падтрымліваеце вы ідэю пажыцьцёвага зьняволеньня за карупцыю ў асабліва буйным памеры?
- Ці падтрымліваеце вы стварэньне свабоднай эканамічнай зоны на Данбасе?
- Ці падтрымліваеце вы скарачэньне колькасьці народных дэпутатаў да 300?
- Ці падтрымліваеце вы легалізацыю канабісу (канопляў) у мэдычных мэтах (для зьмяншэньня болю ў цяжка хворых)?
- Ці падтрымліваеце вы права Ўкраіны на выкарыстаньне гарантыяў бясьпекі, вызначаных у Будапэшцкім мэмарандуме, для аднаўленьня яе дзяржаўнага сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці?
Экспэрты нагадваюць, што ў 2000 годзе на рэфэрэндуме ўкраінцы ўжо выказваліся за скарачэньне колькасьці дэпутатаў парлямэнту, але гэтая ініцыятыва так і не рэалізаваная, і лічаць, што ў Будапэшцкім мэмарандуме не прадугледжана гарантыяў, якія магчыма было б скарыстаць.
Прадстаўнікі фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы» перакананыя, што апытаньне хутчэй іміджавае і палітычнае, чым сапраўды мае на мэце вывучыць стаўленьне ўкраінцаў да пэўных падзеяў ці зьяваў.
«Гэта спосаб маніпуляцыі грамадзкай думкай і прыцягненьня на выбары свайго электарату, а менавіта электарату «Слугі народу», — перакананы экспэрт фонду Андрэй Сухарына.
Паводле яго, прафэсійнае апытаньне на нацыянальным узроўні павінна прапарцыйна прадстаўляць усе катэгорыі насельніцтва, а ня толькі найбольш актыўных грамадзян, якія будуць удзельнічаць у выбарах.
«Без удзелу сацыёлягаў апытаньне можа быць небесстароньнім»
Адзін з найбольш аўтарытэтных ва Ўкраіне сацыёлягаў, намесьнік дырэктара Інстытуту сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Яўген Галаваха лічыць, што да фармуляваньня пытаньняў варта было залучыць сацыёлягаў, каб само апытаньне ня выйшла заангажаваным.
«Сацыёлягі абавязкова павінны прысутнічаць пры абмеркаваньні фармулёвак пытаньняў і нават тэмаў, якія выносяцца на такое ўсенароднае галасаваньне. Была б дарэчнай думка сацыёлягаў наконт гэтых пытаньняў, бо ад гэтага залежыць увогуле іх дапушчальнасьць. Да таго ж, дарэчы, вельмі важны пункт аб сумяшчальнасьці такіх апытаньняў з выбарамі: ці ня будуць яны адцягваць ад выбараў, ці не будуць яны ўплываць на думку выбарнікаў. Тут вельмі важна пракансультавацца з прафесіяналамі», — заявіў Яўген Галаваха.
Як будзе праходзіць апытаньне
Пакуль дакладна невядома, як будзе арганізавана апытаньне. Асобныя прадстаўнікі ўлады пераконваюць, што яно будзе праводзіцца за межамі выбарчых участкаў, каб не перашкаджаць галасаваньню на мясцовых выбарах, у адмыслова ўсталяваных намётах. Будзе надрукавана каля 5 мільёнаў бюлетэняў-апытальнікаў.
Колішні намесьнік старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны Андрэй Магера мяркуе, што партыі ўлады будзе даволі складана забясьпечыць валянтэрамі ўсе выбарчыя участкі для апытаньня, і раіць выбарнікам ігнараваць яго.
«Памятайце, што толькі закон, у тым ліку Выбарчы кодэкс, а ня нечыя „хацелкі“, вызначае, што такое выбарчы дакумэнт. А Крымінальны кодэкс (у тым ліку і пра выбарчыя дакумэнты альбо дакумэнты рэферэндуму) таксама адштурхоўваецца толькі ад закону».