Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што 25 кастрычніка — у дзень выбараў у мясцовыя органы ўлады — у краіне пройдзе ўсенароднае апытаньне.
Грамадзянам будзе прапанавана адказаць на 5 пытаньняў — сказаў Зяленскі ў аўторак у відэазвароце. Відэазварот быў стылізаваны як даверлівая размова з грамадзянінам Украіны — Зяленскі зьвяртаўся ў ім на «ты».
«25 кастрычніка на выбарчым участку я задам табе 5 важных пытаньняў пра тое, што мы абмяркоўваем на вуліцы, на кухні і ў інтэрнэце, пра што спрачаемся з сябрамі, бацькамі ці таксістамі. Пра тое, пра што нас раней ніколі не пыталі. 5 важных пытаньняў, каб даведацца тваё меркаваньне... Ледзьве не ўпершыню ў гісторыі незалежнасьці мы спытаем: «А што думаеш ты?» — сказаў прэзыдэнт Украіны.
Пры гэтым ён не ўдакладніў ні фармулёўку пытаньняў, ні нават іх агульны сэнс, сказаўшы, што пра гэта будзе абвешчана дадаткова.
Гаворка ідзе не пра юрыдычна абавязковы рэфэрэндум, а, па сутнасьці, пра сацыялягічнае апытаньне.
25 кастрычніка ва Украіне павінны прайсьці выбары ў мясцовыя органы ўлады. Апытаньні паказваюць, што партыя прэзыдэнта «Слуга народу» ў многіх буйных гарадах, хутчэй за ўсё, не даб’ецца посьпеху, па апытаньнях лідзіруюць дзейсныя мэры Кіева, Адэсы, Харкава, Дняпра.