Абарона Марыі Калесьнікавай атрымала ад яе новыя камэнтары пра суботнюю сустрэчу ў СІЗА КДБ і інтэнсыфікацыю працы над Канстытуцыяй.
Сябру прэзыдыюму Каардынацыйнай рады вось ужо больш за месяц трымаюць у ізалятары Жодзіна за нібыта «заклікі да захопу ўлады».
10 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка нечакана зьявіўся ў так званай «амэрыканцы» і, як сьцьвярджаюць афіцыйныя рэсурсы, больш за 4 гадзіны абмяркоўваў канстытуцыйную рэформу са зьняволенымі апанэнтамі. За сталом — Віктар Бабарыка, Лілія Ўласава, Максім Знак, Сяргей Ціханоўскі ды іншыя.
Чым скончыўся «дыялёг», дакладна невядома, але на наступны дзень ён працягнуўся на вуліцы — больш за 700 жорстка затрыманых і пабітых, сотні атручаных газам і палітых з вадамётаў.
Неўзабаве праўладны тэлеграм-канал «Пул первого» абвінаваціў Марыю Калесьнікаву ў «набіваньні цаны» заявай пра тое, што яна адмовілася сустракацца з Лукашэнкам.
«Рэальныя ўдзельнікі як адзін кажуць: да прыбыцьця прэзыдэнта ня ведалі, куды і навошта іх прывезьлі. А спадарыню Калесьнікаву нібыта апавясьцілі загадзя. Ну-ну», — іранізаваў пралукашэнкаўскі канал.
Марыя Калесьнікава перадала праз адвакатаў, што ніякага дыялёгу цяпер быць ня можа ў прынцыпе. На яе перакананьне, ўсе перамоўнікі мусяць знаходзіцца ў роўных умовах. Гаварыць пра нейкія «вынікі» немагчыма, пакуль палітвязьні застаюцца ў турме.
«Такі крок паказвае слабасьць улады. На жаль, так і не пачутыя патрабаваньні народу, хоць усе апошнія месяцы нястомна гаварылася аб неабходнасьці дыялёгу і кампрамісах», — цытуюць адвакаты сваю падабаронную.