На сустрэчы ў СІЗА КДБ Аляксандар Лукашэнка дазволіў Сяргею Ціханоўскаму патэлефанаваць Сьвятлане, калі даведаўся, што вязень не камунікуе з жонкай. Размова адбывалася ў прысутнасьці аховы. Пра гэта расказаў Tut.by адвакат Ціханоўскага Віктар Мацкевіч.
Для сустрэчы ў СІЗА КДБ Ціханоўскага рана раніцай 10 кастрычніка вывезьлі з жодзінскага СІЗА ў суправаджэньні людзей у масках. Прывезьлі ў менская КДБ, завялі ў невялікую залю. На стале ўжо стаялі таблічкі зь імёнамі вязьняў, якія прысутнічалі на сустрэчы. Для ўсіх вязьняў мерапрыемства стала нечаканасьцю.
Ціханоўскі сказаў, што не хацеў, каб на сустрэчы яго здымалі на камэру для тэлебачаньня. Таксама не паціснуў руку Лукашэнку, бо асьцерагаецца каранавірусу.
Размова доўжылася каля 5 гадзін, але гаварыў пераважна Лукашэнка, перадаў Ціханоўскі.
«Як растлумачыў мой падабаронны, пры размове пра канстытуцыйную рэформу ён, Ціханоўскі, сказаў, што ён і тыя з прысутных, хто зацікаўлены, гатовыя і маглі б выказаць свае прапановы, але не ў кайданках, знаходзячыся ў турме, а па добрай волі», – сказаў Мацкевіч.
Ціханоўскі спрабаваў давесьці сваю пазыцыю, што ён знаходзіцца пад вартай па неабгрунтаваных абвінавачваньнях. Ён абураўся прэс-сакратару Лукашэнкі Натальлі Эйсмант тым, што дзяржаўныя СМІ распаўсюджваюць пра яго недакладную інфармацыю пра тое, што ён працуе на РФ, на захад, пра яго знаёмства са Шкляравым і гэтак далей.
Ціханоўскі таксама пытаўся, за што абвясьцілі ў вышук ягоную жонку Святлану Ціханоўскую, чаму на сустрэчы не было Марыі Калеснікавай.
З адказаў Лукашэнкі, як сказаў Ціханоўскі, яму стала ясна, што той добра абазнаны аб ходзе расьсьледаваньня крымінальных спраў і пра тое, у які момант якія ўмовы ўтрыманьня і чаму былі ў Сяргея ў СІЗА. Выказваліся таксама супрацьлеглыя пункты гледжаньня з нагоды таго, ці павінен удзел у палітыцы ўплываць на крымінальныя абвінавачваньні. Ціханоўскаму далі зразумець, што яго выпусьцяць з-пад варты ня хутка.
Дзяржаўныя СМІ і блізкі да прэс-службы Лукашэнкі тэлеграм-канал апублікавалі змантаваныя відэакадры сустрэчы, ні на водным зь якіх не відаць Сяргея Ціханоўскага. Можна заўважыць толькі край кепкі, руку і вуха чалавека.