Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошняй кропляй сталі гранаты і газ супраць пэнсіянэраў. Як шахтар Курбан далучыўся да страйку


Аляксандар Курбан
Аляксандар Курбан

Свой пратэст Аляксандар Курбан зьвязаў з палітычнай сытуацыяй у краіне пасьля выбараў, якія ён лічыць сфальшаванымі.

15 кастрычніка працаўнік «Беларуськалію» Аляксандар Курбан пасьля зьмены на знак пратэсту прыкаваў сябе да клеці шахты на глыбіні 440 мэтраў. А 9-й раніцы тэхнічныя адмыслоўцы разрэзалі замок, і Курбан добраахвотна падняўся на паверхню.

«Хацеў, каб людзі бачылі, што я пераадолеў свой страх»

«Гэта мая грамадзянская пазыцыя, — кажа Аляксандар Курбан. — Прадуманая, нікім не навязаная мне, ніхто мяне не падбухторваў. Апошняй кропляй стала тое, што супраць старых, якія выйшлі на марш пэнсіянэраў, ужылі гранаты, труцяць іх газам. Жанчыне сталага веку зламалі руку — гэта стала апошнім краем».

Гэта другі выпадак на «Беларуськаліі», калі шахтар прыкаваў сябе ў шахце. Раней гэтак зрабіў шахтар Юры Корзун.

Аляксандар Курбан тлумачыць, што выбраў месца для свайго пратэсту невыпадкова.

«Я гэта зрабіў каля клеці, дзе зьбіраецца вельмі шмат шахтароў, калі падымаецца на паверхню ўся зьмена. Хацеў, каб людзі бачылі, што я пераадолеў свой страх, я не хачу больш быць рабом гэтай сыстэмы. Не хачу плаціць падаткі тым, хто зьбівае нашых мірных беларускіх людзей».

Як цяпер Аляксандар ацэньвае вынік сваёй акцыі? Лічыць, што яго пачулі?

«Так, мне вельмі шмат пішуць словаў падтрымкі. Толькі што сустрэў на вуліцы свайго былога начальніка, дык ён, чалавек сталага веку, таксама цалкам падтрымаў», — адказаў Аляксандар Курбан.

Паводле яго, рэакцыя шахтароў на ягоны ўчынак там, у шахце, была розная.

«Большасьць усё ж калі праходзілі міма, дык адводзілі вочы. Гэта пазьней у камэнтах, у асабістай перапісцы пішуць словы адабрэньня і падтрымкі, але ўсё ж страх яшчэ жыве ў людзях. І ён пакуль мацнейшы за салідарнасьць. Але я лічу, што сваю місію я выканаў. Нават тыя, хто прайшоў міма, апусьціўшы галаву, яны ўсё роўна ўбачылі мяне, задумаліся, што ёсьць людзі, якія не баяцца і будуць адстойваць сваю пазыцыю, мірнае неба над Беларусьсю. Каб тут была магчымасьць і працаваць, і бізнэс разьвіваць, не апасаючыся за будучыню дзяцей. Вось што я хацеў данесьці».

«Дзеля будучыні сваіх дзяцей я гатовы праз усё прайсьці»

Паводле Аляксандра Курбана, пры пад’ёме з шахты гвалту да яго не ўжывалі. Ён абверг зьвесткі, што яго адчаплялі ад клеці шахты з дапамогай горных ратавальнікаў.

«Не, былі толькі тэхнічныя працаўнікі. Проста разрэзалі замок, і я падняўся, як усе, добраахвотна. Начальства мне потым нічога не наракала. Мяркую, у душы яны мяне падтрымліваць, але ў іх такія пасады, што не павінны нешта паказваць. Кажуць, што гэта твая пазыцыя, кожны мае права на сваю пазыцыю».

Аляксандар Курбан пацьвердзіў, што па выхадзе з шахты яго павезьлі ў псыханэўралягічны дыспансэр на праверку.

«Праверылі на алькаголь, нічога не знайшлі, і ацанілі псыхічны стан здароўя. Таксама ўсё добра. Перадалі даведку мне і супрацоўніку РАУС. Але ніякага ціску ад міліцыі ці адміністрацыі не было», — сказаў Аляксандар Курбан. Зь ягоных словаў, міліцыя не складала на яго пратакол аб парушэньні, але ў далейшым ён такога не выключае.

«Напэўна ж нешта прыдумаюць, бо яны ж нічога без наступстваў не пакідаюць. Паглядзіце, як дзейнічаюць адносна дзеячоў культуры, навукі, спорту. Да ўсіх, хто не з рэжымам, у той ці іншай меры ўжываюць санкцыі. Але што мне наканавана прайсьці, тое я прайду. Дзеля будучыні сваіх дзяцей, дзеля будучыні сваёй краіны, каб мы жылі ўсё ж у вольнай краіне, я гатовы праз усё прайсьці».

«Увесь сьвет у нас закахаўся»

Як Аляксандар ставіцца да народнага ўльтыматуму, які Сьвятлана Ціханоўская абвясьціла Аляксандру Лукашэнку?

«Напэўна, калі народ аб’яднаецца вакол адной ідэі, калі па кроплі аб’яднаюцца ў адну плынь, дык вынік будзе. Кожны мусіць па кроплі ад сябе ўнесьці. Можа, хто ня выйдзе на вуліцу, але, можа, нейкія грошы пералічыць таму ж страйкаму. Вось я шмат разоў пералічаў грошы „Нашай Ніве“, калі яны прасілі дапамагчы фінансава. Калі вось так кожны нешта зробіць, тады мы зможам паказаць вынік, я ў гэта веру. Калі б ня верыў і баяўся, я б гэтага не зрабіў».

Аляксандар Курбан мяркуе, што беларусы ўжо дасягнулі шмат на шляху да дэмакратыі.

«Увесь сьвет у нас закахаўся, убачыў, што з намі можна мець справу, што мы ня нейкія лайдакі, дармаеды, хуліганы, наркаманы ды прастытуткі, а мы прыстойныя людзі. Працоўныя, ня здраднікі. Калі мы аб’яднаемся і пераможам, нам будзе дапамагаць увесь сьвет. Да нас будуць прыяжджаць самыя вядомыя людзі».

Да тых беларусаў, якія не падзяляюць ягоных палітычных поглядаў, у Аляксандра збольшага ляяльнае стаўленьне.

«За гэта мы і змагаемся, каб яны адумаліся. Беларускі народ такі, што ён і даруе, калі чалавек адумаецца, і дапаможа зноў стаць на ногі. Калі недзе ў казарме чалавеку задурылі галаву, то магчыма і дараваньне».

У Аляксандра Курбана дзьве дачкі. Шахтар спадзяецца, што дочкі будуць яго заўсёды падтрымліваць.

«Падрастуць і зразумеюць, што тата гэта рабіў ня дзеля нейкай выгады, а дзеля іх будучыні. Каб яны жылі ў вольнай краіне і не баяліся людзей у пагонах. Каб перад імі не стаяў выбар: альбо стаць карнікам-наглядчыкам, альбо нявольнікам. А такая будучыня чакае нашых дзяцей, калі краіна падзеліцца на два лягеры: нечыя дзеці пойдуць дубінкамі махаць, а нечыя — гарбаціцца за капейкі ў шахту. Я супраць такога выбару».

З 15 кастрычніка Аляксандар Курбан далучыўся да страйку працаўнікоў «Беларуськалію», якія патрабуюць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, вызваленьня палітвязьняў і правядзеньня новых свабодных выбараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG