Кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі пазбавіла адвакацкай ліцэнзіі Юлію Леванчук.
Сама Юлія сытуацыю пакуль не камэнтуе.
«Я яшчэ не азнаёмілася з дакумэнтамі. Калі ўбачу ўсе дакумэнты, вывучу іх, падам скаргу, тады змагу пракамэнтаваць. Адзінае — магу сказаць, што я з гэтым рашэньнем ня згодная, лічу яго несправядлівым і абавязкова буду абскарджваць», — заявіла Свабодзе Юлія Леванчук.
На пытаньне, ці мае яна меркаваньні, праз што ці каго гэта адбылося, Юлія адказала: «Падазрэньні ёсьць, але выказваць ня буду. Ня проста так гэта ўсё».
Вядома, што Юлія Леванчук літаральна два дні таму пачала абараняць жорстка пабітага ў Першамайскім РУУС ўладальніка кветкавай крамы «Первый цветной» Максіма Харошына. Аднак рашэньне аб пераглядзе яе ліцэнзіі было прынята два тыдні таму.
Цяпер кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі разглядае справу адваката Аляксандра Пыльчанкі.