Чакаецца, што ад сярэдзіны лістапада беларусы, у якіх ёсьць гуманітарныя візы, змогуць легальна працаўладкавацца ў Польшчы. Пра гэта паведаміў 14 кастрычніка падчас прэс-канфэрэнцыі Цэнтру беларускай салідарнасьці дэпутат польскага Сэйму Міхал Шчэрба.
Галасаваньне па папраўках да законапраекту адбудзецца 27 кастрычніка. У гэтым пытаньні сярод польскіх дэпутатаў ёсьць адзінства, адзначаецца ў паведамленьні цэнтру.
Тым часам Польскае радыё паведамляе, што сёлета ўжо больш за 150 беларусаў падалі заявы на міжнародную абарону ў Польшчы. Гуманітарную візу і палітычны прытулак грамадзяне Беларусі могуць папрасіць на польскай мяжы.
Гуманітарная віза дазваляе ўехаць без дакладнага месца знаходжаньня. Яна дазваляе нармальна перасекчы мяжу, адбыць 10 дзён карантыну і заставацца на тэрыторыі Польшчы.
Беларускія ініцыятывы, такія як BySOL, ByHelp і цяпер створаная ByPOl для былых міліцыянтаў, дапамагаюць забясьпечыць знаходжаньне беларусаў у чужой краіне. У Польшчы па любы від дапамогі можна зьвяртацца ў Цэнтар беларускай салідарнасьці, у Беларускі дом або ў ініцыятыву «Свабодная Беларусь».