Незадоўга да 14-й гадзіны каля Чырвонага касьцёла пачалі зьбірацца жанчыны на «Марш матуляў». Каля 15-й гадзіны яны рушылі па праспэкце Незалежнасьці. Марш завяршыўся на плошчы Якуба Коласа.
14 кастрычніка ў Беларусі афіцыйна адзначаецца Дзень маці.
Большая частка ўдзельніц акцыі разышлася адразу, некалькі дзясяткаў — ненадоўга засталіся, вітаючы кветкамі аўтамабілі, якія праяжджалі па праспэкце Незалежнасьці. Яшчэ адна група жанчын падышла да помніка Коласу, дзе яны пакінулі кветкі, пагутарылі і пасьпявалі.
Удзельніцы дэманстрацыі несьлі кветкі і былі пазначаныя бел-чырвона-белай сымболікай. Яны скандавалі: «У нас сёньня сьвята!», «Жыве Беларусь!», «Верым, можам, пераможам!», «Свабоду!», «Нашы дзеці лепшыя за ўсіх!», «Сыходзь!», «Пошел вон, ты и твой ОМОН!», «Трыбунал!». У жанчын былі плякаты з надпісамі «Газам мяне труціў, гранатамі закідаў, апамятайся, сынок» і іншымі.
Многія прахожыя, якія ішлі насустрач, віталі ўдзельніц маршу знакам «вікторыя», аўтамабілісты сыгналілі ў іх падтрымку.
На плошчы за акцыяй назіралі два супрацоўнікі міліцыі ў форме з гучнагаварыцелем, але ніякіх папярэджаньняў не прагучала
Напярэдадні прадстаўнік пракуратуры паведаміў на БТ, што ўжо ёсьць выпадкі, калі ў бацькоў-пратэстоўцаў забіралі дзяцей. Апроч гэтага, 300-м дзецям і іх бацькам вынесьлі папярэджаньні, з 400-мі правялі прафіляктычныя гутаркі.
У Менску Дзень маці адзначылі таксама «ланцугом салідарнасьці» каля мэтро «Ўсход».
Тым часам у Наваградку сёньня выйшлі на акцыю салідарнасьці з плякатам «Сэрца маці разьбілі дручкі».