Фармацэўтычная кампанія Johnson & Johnson часова прыпыніла трэцюю фазу клінічных выпрабаваньняў вакцыны ад COVID-19 з прычыны «невытлумачальнай» хваробы ў аднаго з добраахвотнікаў. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні кампаніі.
Зьяўленьне ў добраахвотніка невядомага захворваньня ў Johnson & Johnson назвалі «чаканай часткай любога клінічнага дасьледаваньня». Аналізам хваробы займаецца незалежная Рада маніторынгу дадзеных і бясьпекі ўдзельнікаў дасьледаваньняў (DSMB), а таксама мэдыкі самой кампаніі.
Кампанія прыступіла да трэцяга этапу выпрабаваньняў вакцыны 23 верасьня. Меркавалася, што ў іх прымуць удзел да 60 тысяч добраахвотнікаў з трох кантынэнтаў.
У выпадку ўдалага завяршэньня выпрабаваньняў і рэгістрацыі вакцыны Johnson & Johnson плянуе выпускаць адзін мільярд доз у год.
Раней швэдзка-брытанская кампанія AstraZeneca двойчы прыпыняла выпрабаваньні сваёй вакцыны, якую распрацоўвае сумесна з Оксфардзкім унівэрсытэтам. Першы раз гэта адбылося ў ліпені, другі ў верасьні. Тады Reuters паведамляў, што прычынай сталі нэўралягічныя сымптомы ў аднаго з удзельнікаў. Цяпер выпрабаваньні аднавіліся.
У сьвеце на сёньня выяўлены амаль 37 з паловай мільёнаў выпадкаў заражэньня каранавіруснай інфэкцыяй, больш за мільён чалавек памерлі.