Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У вачах дагэтуль два целы нерухома ляжаць на дарозе». Жанчыну, якой амапаўцы да крыві разьбілі галаву, выклікалі ў СК


Марш гонару ў Менску, 11 кастрычніка 2020
Марш гонару ў Менску, 11 кастрычніка 2020

Ганна Чаркас зьмясьціла ў Інстаграме сваё фота з акрываўленай галавой, да якога дадала ўзрушальны допіс.

«Дакладна ведаю, што тое, што адбываецца апошнія дзесяцігодзьдзі, тое, што адбылося сёньня — гэта не нармальна, гэта вар’яцтва, гэта подла і бесчалавечна», — напісала Ганна. У размове з карэспандэнтам Свабоды Ганна расказала пра падзеі, якія папярэднічалі яе зьбіцьцю.

Не заўважылі, як аказаліся ў хвасьце калёны

Гэта адбылося на Машэрава прыкладна за сто мэтраў ад вуліцы Ціміразева. Цяпер Ганна ведае, што на Маршы годнасьці, які прайшоў у Менску 11 кастрычніка, калёнаў дэманстрантаў было некалькі, але аб’яднацца ім так і не далі. «Дзеля таго якраз нас зьбівалі, хапалі, палівалі з вадамётаў. Такую задачу ім паставілі — каб не было карцінкі статысячнага шэсьця», — лічыць Ганна.

Ганна Чаркас зь сяброўкай Сашай аказаліся ў калёне, якая пасьля трэцяй гадзіны дня адышла ад стэлы на праспэкце Пераможцаў па Машэрава ў бок вуліцы Ціміразева. Да скрыжаваньня заставалася каля ста мэтраў, ззаду напіралі амапаўцы, і нечакана для сябе Ганна ўбачыла, што яны зь сяброўкай засталіся ў апошніх шэрагах калёны. Але і тады яна не прадбачыла таго, што пачалося праз хвіліну.

«Што такое затрыманьне, я ўжо ведала. Тры тыдні таму зь сябрам нас затрымалі каля Акадэміі навук. Выскокваюць з бусікаў, цягнуць. Потым пакаралі штрафамі... А тут проста напіраюць, адціскаюць. Таму мы былі спакойныя, а галоўнае, ніхто з нас не супраціўляўся, сілавікоў не правакаваў, паступова адыходзілі да Ціміразева. І раптам пачалася каша. Нас сталі біць проста ўсіх: дзяўчат, хлопцаў, сталых людзей. Дубінкамі па галовах, плячах, руках. Мне разы, можа, тры дасталася па галаве, колькі па руках, ня ведаю. Відаць, закрывалася рукамі, але не дапамагала. Шмат дэталяў ня памятаю, бо ўсё ж па галаве атрымала моцна», — расказвае Ганна.

Зь яе словаў, у нейкі момант адзін з амапаўцаў сказаў ім прыціснуцца да сьцяны, каб там перачакаць, пакуль яны пройдуць. Гэтак яны зь сяброўкай і зрабілі. Ды яшчэ павярнуліся тварам да сьцяны. Такі быў загад?

«Хутчэй інстынктыўная рэакцыя, каб ня бачыць той жудасьці, якая вакол адбывалася. У вачах дагэтуль стаіць апошняя карціна за намі: зламаныя парасоны, абутак, нейкія кавалкі і два целы нерухома ляжаць на дарозе. Нават ня памятаю дакладна, гэты былі мужчыны ці жанчыны. Усё ж, бадай, мужчыны. Яны ляжалі як забітыя, з рукамі на галовах», — згадала Ганна.

«Нацягнулі капюшоны на галовы і гэтак вывезьлі»

Ганна Чаркас не выключае, што яе зь сяброўкай не затрымалі проста таму, што да першага шэрагу сілавікоў, якія малацілі людзей дубінкамі, не пасьпела падысьці група, адказная за затрыманьні. Як бы там ні было, дзяўчаты не разгубіліся і забеглі ў двор. Там, кажа Ганна, зь ёю здарылася яшчэ адна неверагодная гісторыя.

«Мяне з акрываўленай галавой убачылі зусім незнаёмыя хлопцы і пачалі дапамагаць. Адзін зьбіраўся выклікаць хуткую, але вырашылі, што лепш самі нас вывезуць. Сказалі нацягнуць на галовы капюшоны і, рызыкуючы натрапіць на АМАП, правезьлі праз горад у шпіталь хуткай дапамогі. Потым 4 гадзіны чакалі, пакуль агледзелі і апрацавалі мне рану, і адвезьлі дамоў».

Пра рану на галаве Ганна расказвае спакойна. «Зашываць не давялося — зажыве так, а шышка пройдзе. Здаецца, страсеньня мозгу няма, бо галаву ўжо ня кружыць, не ванітуе. Магло быць горш, але пашанцавала. Ўсё абышлося».

Чаму вучыцца на псыхоляга?

Ганна працуе мэнэджарам, шмат вандруе, у тым ліку па Беларусі, займаецца спортам і захапляецца фатаграфіяй. Адносна палітычных падзей у краіне мае свой погляд, які сфармаваўся раней за цяперашнюю выбарчую кампанію. Дзівіцца людзям, для якіх учорашняя жорсткасьць сілавікоў стала адкрыцьцём. «Ды яны такія былі і раней».

Ганна дзеліцца ўспамінамі, як пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году і раптоўнага абясцэньваньня рубля ўлетку наступнага году на плошчы Менску таксама выходзіла моладзь з пратэстамі.

«Памятаеце маўклівыя акцыі? Людзі зьбіраліся на вуліцах і проста пляскалі ў ладкі на знак салідарнасьці, а ўлада вар’яцела, пачаліся хапуны, як цяпер. У нашай фірме тады працавала жонка амапаўца, і яна не хацела верыць, што могуць схапіць каго заўгодна. Ня верыла, пакуль яе саму не затрымалі, калі выходзіла з ГУМу. На ёй жа не напісана, што яна жонка амапаўца. Толькі тады прызнала, што нешта яе муж у дом не даносіць, нешта замоўчвае з таго, што ў іх там адбываецца», — кажа Ганна.

Ужо маючы адну вышэйшую адукацыю, Ганна атрымлівае другую — цяпер вучыцца на псыхоляга. Вырашыла, што гэтая прафэсія дапаможа ёй лепш разумець учынкі людзей. Сярод прычын, якія падштурхнулі Лукашэнку аддаць загад на ўчорашняе жорсткае абыходжаньне з пратэстоўцамі, Ганна найперш называе псыхалягічныя.

«У мяне даверу да ягоных словаў пра дыялёг не было — ведаючы ягоныя ранейшыя ўчынкі, на гэта ня варта разьлічваць. Але тое, што было ўчора, — гэта яўна рэакцыя на прыніжэньне, якое ён адчуў. Прыніжэньнем для яго была сустрэча ў турме КДБ, і потым тое, што людзі зноў выйшлі на вуліцы, каб пратэставаць. Але, зноў паказаўшы сябе надзвычай помсьлівым, ён толькі прайграў. Яму цяпер зусім няма веры», — мяркуе Ганна Чаркас.

Паводле Ганны Чаркас, яна яшчэ ня вырашыла, ці будзе скардзіцца на сілавікоў, якія яе зьбілі.

«Ня думаю. Мне маральна будзе цяжка да гэтага вяртацца», — прызнае Ганна. Але зазначае, што дзяржава наўрад ці дасьць забыць гэтую гісторыю.

«Учора зьбілі, а сёньня ўжо пазванілі і запрасілі ў Сьледчы камітэт. Нават ня ведаю, чаго ад іх чакаць», — кажа Ганна Чаркас.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG