Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арцемiй Троiцкi: Летам ніякага Лукашэнкі на пасадзе самадзержца ўжо ня будзе


Арцемiй Троiцкi
Арцемiй Троiцкi

Расейскі журналіст і музыказнаўца, аўтар папулярнага праекту «Хижина дяди Тёма» на ARU TV Арцемiй Троiцкi расказвае, хто ў Расеі падтрымлівае мірны пратэст беларусаў, прагназуе, калі беларусы атрымаюць Нобэлеўскую прэмію міру.

Глядзіце размову на відэа цалкам.

Сьцісла

  • Ціханоўская — малайчына. Я рады, што яна так здорава дае рады і прынятая ў найлепшых дамах Эўропы.
  • Наступным летам ніякага Лукашэнкі на пасадзе беларускага самадзержца ўжо ня будзе. Я быў бы шчасьлівы, каб Каляды і Новы год у Беларусі прайшлі не ў рэжыме супраціву дыктатуры.
  • Прэміі даюць пераможцам. Калі беларуская рэвалюцыя пераможа, тады ў народу Беларусі, у жанчын Беларусі, у палітычных лідэраў будуць усе шанцы атрымаць Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Відавочна, што той жа Кіркораў губляе беларускі рынак і больш яму ў Беларусі ня выступіць ніколі, бо закідаюць гнілым памідорамі.
  • Пра рэакцыю Лукашэнкі на сустрэчы Ціханоўскай з сусьветнымі лідэрамі

Арцемій Троіцкі
Арцемій Троіцкі

Думаю, што ён шалее і локці кусае, бо ў яго ніякіх сустрэчаў з сусьветнымі лідэрамі не было, за выключэньнем сустрэчы з Пуціным у Сочы, дзе ён ледзь не на каленях перад ім стаяў. Мова цела Аляксандра Лукашэнкі настолькі была падлізьніцкая і ўгодлівая, што можна было і ня слухаць, што ён там гаворыць, а толькі паглядзець на фота, дзе ён сьцелецца перад Пуціным, вымольвае нейкія падачкі. Сьвятлана Ціханоўская — малайчына. Удалае супадзеньне, што яна паводле прафэсіі выкладчыца ангельскай мовы і свабодна валодае гэтай мовай. Гэта вельмі дапамагае ў яе сёньняшняй няпростай місіі. Я рады, што яна гэтаму так здорава дае рады і прынятая, як кажуць, у найлепшых дамах Эўропы. Спадзяюся, яе місія будзе мець посьпех, на які і беларусы, і Ціханоўская, і мы, усе тыя, хто перажывае за Беларусь, вельмі спадзяемся.

Ці будзе 31 сьнежня навагодні зварот Лукашэнкі да беларусаў

Пяцьдзясят на пяцьдзясят. Калі запытаецеся, ці будзе зварот Лукашэнкі напярэдадні 2022 году, я ўпэўнена скажу, што ня будзе. Думаю, што час Лукашэнкі палічаны, але ці гэта тыдні, ці месяцы, ці больш працяглы пэрыяд — паўгода ці год, — мне сказаць складана. Больш чым магчыма, што наступным летам ніякага Лукашэнкі на пасадзе беларускага самадзержца ўжо ня будзе. Чым раней, тым лепей. Я быў бы шчасьлівы, каб Каляды і Новы год у Беларусі прайшлі не ў рэжыме супраціву дыктатуры, а ў рэжыме нармальнай свабоднай краіны, якая ажыцьцяўляе кідок у будучыню.

Што будзе, калі не атрымаецца

Гэта будзе варыянт не Паўночнай Карэі, а Вэнэсуэлы, дзе таксама былі масавыя пратэсты супраць дыктатарскага, папулісцкага рэжыму Мадуры, дзе ўсталявалася дваяўладзьдзе: Мадура, сілавікі, урад — і народ з парлямэнтам. Яно працягваецца ўжо некалькі гадоў і, на жаль, ніяк ня можа скончыцца канчатковай перамогай дэмакратычных сілаў. Такі варыянт у Беларусі ня выключаны, але, на маю думку, малаімаверны. Думаю, што беларускі народ зьбярэ сілы, пяройдзе да больш рашучых дзеяньняў і завершыць той працэс, які беларусы вельмі прыгожа і ўдала і пераможна пачалі.

Чаму ня трэба параўноўваць пратэсты ў Беларусі і Кіргізстане

Беларусь — іншая краіна, іншыя традыцыі. З аднаго боку, гэта добра, з другога — ня вельмі. Вельмі шмат адрозьненьняў сытуацыі ў Беларусі і Кіргізстане. У Кіргізстане за 15 гадоў гэта ўжо трэцяя рэвалюцыя такога пляну. Там грамадзтва кланавае, ёсьць паўночны, ёсьць паўднёвы клан. Цяпер відавочна адбылося паўстаньне ня толькі народу супраць эліты, але і поўначы супраць поўдня. У Беларусі такога падзелу няма.

Калі беларусы атрымаюць Нобэля

Cёлета ў беларусаў не было шанцаў. Прэміі даюць пераможцам. Пакуль што народ Беларусі перамог маральна. Дыктатар па-ранейшаму на месцы. Калі беларуская рэвалюцыя пераможа, тады ў народу Беларусі, у жанчын Беларусі, у палітычных лідэраў цяперашняй беларускай апазыцыі будуць усе шанцы атрымаць Нобэлеўскую прэмію міру.

Пра падтрымку расейскімі рокерамі беларускага мірнага пратэсту

Адкрыты ліст супраць гвалту і ў падтрымку пратэстоўцаў у Беларусі падпісалі больш за 300 расейскіх музыкаў, практычна ўсе самыя вядомыя рок-музыкі — Барыс Грабеншчыкоў, Юры Шаўчук, Андрэй Макарэвіч, Жэня Хаўтан ды іншыя. Расейскія рокеры запісалі некалькі песьняў у падтрымку народу Беларусі. Апошняя — кліп гурту «Ногу свело». Найлепшая частка расейскіх музыкаў займае пэўную сфармуляваную пазыцыю і не баіцца яе выказаць.

Пра расейскіх папсавікоў, які падтрымліваюць Лукашэнку

Кіркораў, Газманаў, Валерыя ды іншыя — уся гэтая папсовая кліка вельмі моцна залежыць ад расейскай дзяржавы. Што загадваюць зьверху, тое яны і робяць. Калі расейскія папсовыя артысты мелі перад выбарамі выступаць у Беларусі на перадвыбарчых мітынгах Лукашэнкі, ім далі каманду з адміністрацыі прэзыдэнта ня ехаць (Лукашэнка паводзіць сябе дрэнна, нейкіх расейскіх наймітаў арыштаваў, супраць Расеі выказваецца, ня трэба яго падтрымліваць). Адпаведна, усе гэтыя Баскавы і Валерыі тармазнулі. А потым з таго ж апарату прэзыдэнта далі каманду Кіркораву, Баскаву, яшчэ некаму запісаць песьню, відэакліп у падтрымку Лукашэнкі. І яны зрабілі, хоць ім гэта не асабліва выгадна, бо відавочна, што той жа Кіркораў траціць беларускі рынак і больш яму ў Беларусі ня выступіць ніколі, бо закідаюць гнілымі памідорамі.

Пра заяву Ўладзіміра Сьпівакова супраць гвалту

Думаю, што ў яго былі свае, асабістыя прычыны для такога шчырага выступу. Можа, у яго ёсьць сябры ці родныя ў Беларусі, што ён так блізка да сэрца сытуацыю ўспрыняў. Якія артысты рассыпаюцца перад Пуціным і прэзыдэнцкім апаратам? Як правіла, дастаткова бяздарныя артысты, тыя, чыя папулярнасьць трымаецца на тэлеэфірах і дзяржаўных мерапрыемствах. Мікалай Баскаў — тыповы прыклад. За выключэньнем адной убогай песьні «Шарманка», няма ў Баскава ніводнага гіта, затое ён увесь час на тэлеэкране. Ён зробіць усё на загад зьверху. Сапраўды вялікіх, таленавітых артыстаў, як Уладзімір Сьпівакоў, гэта ня тычыцца. Ён можа сьмела выказвацца, і яго не забароняць. А калі б Лукашэнка паспрабаваў гэта зрабіць у Беларусі, як зрабіў зь Міхалком, то нічога — акрамя Беларусі і Расеі, ёсьць уся Эўропа і Амэрыка для Ўладзіміра Сьпівакова.

Пра памылку Пуціна наконт Ціханоўскай

Ціханоўская ў вышуку — чарговы ляп з боку ўладаў Расеі. МЗС, ФСБ, Міністэрства абароны, апарат прэзыдэнта апошнія гады робяць неймаверную колькасьць памылак. Зь Ціханоўскай — чарговая, відавочная памылка. Для Расеі гэта вельмі нявыгадна. Гэта перашкодзіць прэзыдэнту Пуціну ў ягоных кантактах, у дамоўленасьцях з эўрапейскімі і сусьветнымі лідэрамі. Гэта зрабілі не падумаўшы.


Пра «першую лінію» абароны на ўзор Чылі

Год таму мы зь сям'ёй каля месяца былі ў Чылі. Там тады ішлі масавыя пратэсты, на вуліцы выходзілі дзясяткі, сотні тысяч чалавек. У выходныя дні да двух з паловай мільёнаў людзей ува ўсёй краіне выходзілі. Было жорсткае супрацьстаяньне паміж паліцыяй і пратэстоўцамі.

Былі вадамёты, гумовыя кулі, дубінкі і сьлезацечны газ. І вельмі хутка чылійцы арганізавалі так званую «першую лінію». Знайшліся сьмелыя хлопцы, у асноўным зь бедных гарадзкіх ваколіц, якія ўзялі на сябе ролю абаронцаў 100-тысячных масаў. Яны адпаведна выстройваліся — матацыклетныя шаломы, матацыклетныя акуляры, каб гумовыя кулі ў вочы ня трапілі (там такіх выпадкаў было вельмі шмат). Адпаведнае адзеньне, накаленьнікі, самаробныя ці адбітыя ў паліцыянтаў шчыты. І яны станавіліся пластом паміж паліцыяй і простымі людзьмі, якія выйшлі на акцыю пратэсту (пэнсіянэры, дзеці, жанчыны), і іх абаранялі.

У Беларусі, на жаль, з таго, што я бачу, гэтага няма. І таму ўвесь час кадры — амапаўцы, «чорныя чэрці» — наскокваюць на людзей, выцягваюць з натоўпу і пачынаюць біць, бо няма першай лініі абароны, лініі самаабароны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG