Зоркі расейскага шоў-бізнэсу — Філіп Кіркораў, Мікалай Баскаў, Аляксандар Буйноў, Аніта Цой і іншыя — запісалі музычны кліп у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Ролік, у якім зьняліся ня менш за 20 выканаўцаў і калектываў з Расеі і Беларусі, 17 верасьня быў разьмешчаны на хостынгу YouTube і да цяперашняга часу набраў каля 40 тысяч праглядаў, зьвяртае ўвагу Znak.com.
Назва песьні — «Любімую не аддаюць». У песьні артысты заклікаюць беларусаў жыць у міры, любові і згодзе, а таксама згадваюць час, які «імчыць наперад» і «ня будзе ранейшым».
Музыку і словы песьні напісалі Юлія Быкава і Яўген Алейнік, якія жывуць у Беларусі і ўжо 15 гадоў зьяўляюцца сямейным і творчым дуэтам. Ролік разьмешчаны на канале гурту «Аўра», створанага беларускімі музыкамі.
Як адзначае выданьне, пры разьмяшчэньні кліпу ў YouTube была адключаная функцыя камэнтаваньня.
Раней расейскія і заходнія артысты масава адмаўляліся ад выступаў на бясплатных канцэртах «За Беларусь», якія павінны былі адбыцца 8 жніўня — за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі — у 13 буйных гарадах краіны. Жыхары Беларусі сталі пісаць артыстам тысячы камэнтароў у сацсетках, заклікаючы іх адмяніць выступы і «не падтрымліваць дыктатуру».
17 верасьня Мікалай Баскаў стаў хэдлайнэрам канцэрту ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі на «Менск-Арэне». Перад гэтым старонкі сьпевака ў сацыяльных сетках запоўніліся патрабаваньнямі ад жыхароў Беларусі не выступаць у падтрымку «дыктатуры і забойстваў».