Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзясяткі тысяч чалавек ідуць па Кальварыйскай вуліцы ў Менску
Дзясяткі тысяч чалавек ідуць па Кальварыйскай вуліцы ў Менску

Дзясяткі тысяч менчукоў выйшлі на «Марш гонару» насуперак брутальным затрыманьням. Што адбываецца ў Беларусі 11 кастрычніка

абноўлена

На 64-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі заклікалі да правядзеньня «Маршу гонару». Штонядзельныя акцыі пратэсту зьбіраюць дзясяткі тысячаў чалавек.

13:47 11.10.2020

У Менску перад пачаткам маршу затрымалі журналістаў ТАСС

Журналістку Натальлю Федосенку, фатографа Гаўрыіла Грыгорава і апэратара Валерыя Сцепчанкова з ТАСС затрымалі на праспэкце Пераможцаў каля гандлёвага цэнтру «Галерэя». Яны мелі акрэдытацыі. Праз паўгадзіны пасьля праверкі дакумэнтаў іх адпусьцілі.

13:51 11.10.2020

Звычайная нядзеля ў Менску: зачыненыя станцыі, калючы дрот, бронемашыны

У горад увайшла спэцтэхніка: ад грузавікоў з калючым дротам да бронемашынаў з кулямётамі.

Перакрыты праспэкт Пераможцаў, ачэплены тэлецэнтар на Макаёнка.

Закрылі станцыі мэтро «Кастрычніцкая», «Купалаўская», «Няміга», «Плошча Перамогі», «Плошча Леніна».

14:00 11.10.2020

Сьпіс затрыманых журналістаў

  • Тацяна Каравянкова, Сяргей Сацюк (БелаПАН),
  • Алена Талкачова (раней Tut.by),
  • Юры Шамшур (ТАСС),
  • Наста Бойка,
  • Аляксей Івашкевіч,
  • Зьміцер Міцкевіч.

Tut.by паведаміў, што затрымалі таксама журналіста БелТА.

Праваабаронцы «Вясны» пачалі абнаўляць сьпіс затрыманых на акцыі 11 кастрычніка.

14:16 11.10.2020

Прэвэнтыўныя затрыманьні на праспэкце Пераможцаў у Менску

У Менску ідуць адзіночныя затрыманьні на праспэкце Пераможцаў – каля гандлёвага дома Galleria і гатэлю «Плянэта». Таксама затрымліваюць на Нямізе.

14:24 11.10.2020

У Менску адключылі мабільны інтэрнэт

Інтэрнэт стаў недаступным для абанэнтаў мабільных сетак каля 14.00. Апэратар А1 ужо прызнаў, што «адпаведна распараджэньню ўпаўнаважаных органаў» будзе «зьніжаная прапускная здольнасьць» мабільнага інтэрнэту

14:44 11.10.2020

Жорсткія затрыманьні каля гатэля «Плянэта» ў Менску

На ўзгорку каля гатэля «Плянэта» ў Менску сабралася некалькі соцень пратэстоўцаў са сьцягамі. Пачаліся жорсткія затрыманьні. Амапаўцы з дапамогай людзей у цывільным разрэзалі натоўп пратэстоўцаў і цяпер усіх хапаюць паасобку.

Пусьцілі газ. Людзі кашляюць. Цяжка дыхаць.

14:44 11.10.2020

У Менску затрымалі і журналістаў дзяржаўных СМІ

Каля будынку Фэдэрацыі прафсаюзаў на рагу праспэкту Пераможцаў і вуліцы Мельнікайце ў Менску затрымалі чатырох журналістаў. Сярод іх — фатограф дзяржаўнага агенцтва БелТА Раміль Насібулін. Усе яны былі ў камізэльках з пазнакай «Прэса». Супрацоўнікаў СМІ павезьлі на «праверку дакумэнтаў».

Тым часам людзі з крыкамі «Пайшоў вон!» адганяюць прапагандыста СТВ Азаронка, які намагаўся ўзяць інтэрвію ў пратэстоўцаў

14:49 11.10.2020

Людзі выходзяць у Баранавічах, Горадні, Лідзе

У Жодзіна пачаліся затрыманьні. Людзі нават не пасьпелі сабрацца.

14:55 11.10.2020

Працягваюць затрымліваць журналістаў

У Горадні затрымалі журналістку Tut.by і «Народнай волі» Вольгу Камягіну.

У Менску другі раз за дзень затрымалі карэспандэнтаў ТАСС Грыгорава і Сьцепчанкава

Карэспандэнт Onliner.by Аляксандар Ружачка паведаміў рэдакцыі пра сваё затрыманьне. Яшчэ два карэспандэнты выданьня, Аляксандар Уладыка і Аляксей Носаў, не выходзяць на сувязь.

Таксама затрымалі фатографа «Камсамольскай праўды» Сьвятаслава Зоркага, пазьней і журналістку «Камсамольскай праўды» Алесю Добыш

14:57 11.10.2020

Жорсткі разгон і затрыманьні на праспэкце Пераможцаў. ВІДЭА

Паведамляюць пра жорсткі разгон людзей на праспэкце Пераможцаў. Людзей затрымліваюць сілавікі, ёсьць моцна пабітыя.

15:01 11.10.2020

Пратэстоўцы перакрылі Мельнікайце

Каля трох тысяч пратэстоўцаў перакрылі вуліцу Мельнікайце ў раёне мэмарыялу «Яма». АМАП стаў ланцугом на падыходзе да праспэкта Пераможцаў, каб не дазволіць людзям туды прайсьці.

Вельмі шмат затрыманых каля «Планэты», шмат пабітых, людзей затрымліваюць вельмі жорстка. У легкавых машынах ДАІ падвозяць сілавікоў. Сьведкі чулі выбух сьвятлашумавой гранаты. Відавочцы паведамляюць, што сілавікі пусьцілі сьлезацечны газ, людзі кашляюць, цяжка дыхаць.

АМАП пачаў наступ на людзей, якія ідуць па Мельнікайце ў бок Юбілейнай плошчы.

#МотолькоПомоги піша пра хапун у дварах на вуліцы Заслаўскай, што каля Стэлы

15:03 11.10.2020

Людзі ўсё адно зьбіраюцца каля Стэлы ў Менску

Нягледзячы на затрыманьні, людзі працягваюць зьбірацца каля стэлы.

15:05 11.10.2020

Новыя затрыманьні журналістаў у Віцебску, Горадні, Магілёве

У Віцебску затрымалі журналістаў Зьмітра Казакевча і Вячаслава Лазарава, якія супрацоўнічаюць зь «Белсатам», а таксама журналістаў Тацяну Мацьвееву (Tut.by, БелаПАН) і Алеся Пілецкага (Tut.by, «Народная воля»)

У Горадні затрымалі журналістаў Марысю Харэвіч, Сяргея Людкевіча, Вольгу Камягіну і Дар'ю Сьпевак.

У Магілёве затрымалі журналіста БелаПАН Алеся Асіпцова.

15:06 11.10.2020

Пратэсты ўжывую. Эфір Настоящего времени

Тэлеканал «Настоящее время» (праект Радыё Свабода) ад 15:00 вядзе трансьляцыю зь беларускіх гарадоў у жывым эфіры.

15:10 11.10.2020

Гомель: АМАП патрабуе пратэстоўцаў разысьціся

15:14 11.10.2020

Менск: зноў разгоны, новыя калёны працягваюць рух

Каля стэлы «Менск — горад-герой» зьявіўся кіраўнік менскага АМАП Дзьмітры Балаба, піша «Эўрарадыё». Ён спрабаваў даць інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу АНТ, але людзі абкружылі яго і скандавалі «Прэч адсюль».

Пасьля гэтага аднавіўся разгон, сьведкі чулі выбух, падобны да сьвятлашумавой гранаты.

Калёна людзей тым часам зьбіраецца на Ціміразева. Яшчэ адна ідзе па Раманаўскай слабадзе — галава дзесяцітысячнай калёны дайшла да Нямігі. Там спынілася, бо вуліцу перагарадзілі аўтамабілямі ДАІ. Пратэстоўцы спыніліся, іх вітаюць аўтамабільнымі гудкамі з машын. На скрыжаваньні Нямігі і Раманаўскай слабады пачаўся хапун. Людзі адступаюць уверх па Раманаўскай слабадзе.

15:23 11.10.2020

Менск: пратэстоўцаў выціснулі зь Юбілейнай, але людзі зьбіраюцца зноў

Зь Юбілейнай плошчы спачатку выціснулі пратэстоўцаў — людзі разьбегліся ў розныя бакі, фармуюць чарговыя калёны. Хутка шмат людзей зноў сабраліся на Юбілейнай.

Частка пратэстоўцаў вяртаецца да Стэлы.

Вялікая калёна ідзе ад «Кароны» у бок цэнтру.

15:27 11.10.2020

Шэсьце ў Віцебску

15:28 11.10.2020

У Гомлі затрымалі траіх журналістаў

У Гомлі затрымалі журналістаў Алену Бычкову (Tut.by і «Народная воля»), Алену Германовіч (БелаПАН) і Паўла Міцкевіча («Камсамольская праўда»), піша Tut.by.

15:33 11.10.2020

Менск: на скрыжаваньні Нямігі і Пераможцаў пратэстоўцаў разганяюць вадамётам

Вялікая калёна пратэстоўцаў рушыць па менскім праспэкце Пераможцаў, дайшла да скрыжаваньня зь Нямігай і павярнула ў бок Раманаўскай слабады. У гэты ж час калёна, якая ідзе па Раманаўскай слабадзе, абʼядналася з калёнай, што прыйшла з Кальварыйскай. Яны таксама рушаць у бок скрыжаваньня зь Нямігай.

Калёна з Раманаўскай слабады ўпёрлася ў ланцуг АМАПу і вяртаецца з воклічамі «на Стэлу».

На скрыжаваньні праспэкта Пераможцаў зь Нямігай працуе вадамёт. Людзей паліваюць жоўтай вадой.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG