Сытуацыя з прымяненьнем вышэйшай меры пакараньня ў Беларусі за апошні год фактычна не зьмянілася. Такую думку выказаў каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня» Андрэй Палуда ў камэнтары БелаПАН з нагоды Сусьветнага дня супраць сьмяротнага пакараньня, які адзначаецца сёньня.
Ён адзначыў, што цяпер у камэры сьмяротнікаў знаходзяцца чатыры чалавекі: браты Ільля і Станіслаў Косьцевы, Віктар Сергель і Віктар Паўлаў. У той жа час праваабаронца зьвярнуў увагу на рэдкі для судовай практыкі ў Беларусі выпадак, які адбыўся ў гэтым годзе, — быў адменены сьмяротны прысуд у дачыненьні да Віктара Скрундзіка.
«Гэта не звышунікальны выпадак, паколькі і да таго былі такія сытуацыі. Быў кейс Аляксандра Грунова, якому адмянілі сьмяротны прысуд, аднак пасьля публічнага камэнтаваньня гэтай справы Аляксандрам Лукашэнкам сьмяротны прысуд зноў вынесьлі», — нагадаў Палуда.
«Па справе Скрундзіка цяпер таксама ідзе перагляд. Гэта значыць, што прысуд ня проста адмянілі і замянілі пажыцьцёвым зьняволеньнем. Менскі абласны суд зноў разглядае гэтую справу, і пракурор зноў запытаў для Скрундзіка сьмяротны прысуд. Чым гэта скончыцца, сказаць досыць складана, паколькі вельмі часта вынясеньне такіх прысудаў алягічнае і да канца не зразумелае. Часам здаецца, што ўсё гэта мае пэўную палітычную афарбоўку — у залежнасьці ад таго, што адбываецца ў краіне ці вакол яе», — дадаў праваабаронца.
Нягледзячы на сытуацыю са Скрундзікам, «падыходы дзяржавы і асабіста Лукашэнкі да пытаньня сьмяротнага пакараньня не зьмяніліся», адзначыў Палуда. Ён нагадаў, што ў канцы 2019 года Лукашэнка даваў інтэрвію «Эхо Москвы», падчас якога галоўны рэдактар Аляксей Венядзіктаў згадаў справу братоў Косьцевых.
«Адказ Лукашэнкі зводзіўся ўмоўна да таго, што, маўляў, яны забілі настаўніцу, як іх зямля можа насіць — сэнс быў такі. Мы кантактуем са сваякамі Косьцевых, і яны казалі, што адразу пасьля таго стаўленьне суда вельмі рэзка зьмянілася. Пазьней, як нам вядома, Косьцевым былі вынесеныя сьмяротныя прысуды», — сказаў праваабаронца.
Паводле слоў Палуды, сьмяротнае пакараньне зьяўляецца элемэнтам «цэлай сыстэмы гвалту, якая існуе ў Беларусі». «Гвалтам прасякнута ўсё грамадзтва і ўся краіна», — падкрэсьліў ён.
«Тое, што адбылося 9–11 жніўня і ў пэўнай ступені працягваецца цяпер, заканамерна. Мы ўвесь час казалі і кажам да гэтага часу, што гэта фармавалася на працягу многіх гадоў, дзесяцігодзьдзяў. Сьмяротнае пакараньне — гэта савецкая спадчына. Сыстэма зьнішчэньня ў чалавеку самога чалавека, зьнішчэньня гуманітарнага падыходу захавалася з тых часоў», — сказаў каардынатар абаліцыянісцкай кампаніі.
«Які можа быць давер да судовай сыстэмы, калі людзей судзяць пачкамі, канвэерам? А потым судзьдзі з той жа сыстэмы выносяць сьмяротныя прысуды. Пракуроры, якія патрабуюць сьмяротнага пакараньня, людзі ва ўніформе, якія страляюць у патыліцу, — усё гэта зьвёны аднаго ланцуга», — дадаў ён.
На думку Палуды, сьмяротнае пакараньне як від пакараньня, які рэальна прымяняецца, «вельмі моцна раскручвае сьпіраль нянавісьці і сьпіраль гвалту ў грамадзтве». І наадварот — грамадзтва, якое адмовілася ад яго, пераходзіць на «новы гуманітарны, талерантны ўзровень успрыманьня навакольнага сьвету», лічыць ён.
Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня
З 5 па 10 кастрычніка ў Беларусі праходзіць Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня, які праваабаронцы праводзяць штогод на працягу васьмі гадоў. Сёлета мерапрыемствы гэтага тыдня, у сувязі з COVID-19 і іншымі абставінамі, праходзяць у асноўным у онлайн-фармаце.
Беларусь — адзіная ў Эўропе
Беларусь — адзіная ў Эўропе краіна, дзе працягваюць прымяняць сьмяротнае пакараньне. За апошнія 20 гадоў расстраляна больш за 400 прысуджаных да вышэйшай меры пакараньня. З пачатку 2020 года вынесена ўжо тры сьмяротныя прысуды.
9 кастрычніка Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль і генэральны сакратар Рады Эўропы Марыя Пейчынавіч-Бурыч выступілі з сумеснай заявай, у якой у чарговы раз заклікалі Беларусь адмяніць сьмяротнае пакараньне.