Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд адмяніў прысуды забойцам старых у Слуцкім раёне, у тым ліку сьмяротны вырак


Падчас суду над Віктарам Скрундзікам, Валянцінам Бушніным і Віталём Мяцежам 6 чэрвеня
Падчас суду над Віктарам Скрундзікам, Валянцінам Бушніным і Віталём Мяцежам 6 чэрвеня

Вярхоўны суд Беларусі задаволіў апэляцыйныя скаргі Віктара Скрундзіка, Валянціна Бушніна і Віталя Мяцежа з банды, якую вінавацілі ў рабаваньні і забойстве старых у Слуцкім раёне. Справу адправілі на новы разгляд.

У справе праходзяць два забойствы і адзін замах на забойства, падпалы дамоў і рабаваньне маёмасьці. У тым ліку адменены сьмяротны прысуд, які вынес Віктару Скрундзіку на выязным паседжаньні ў Слуцку Менскі абласны суд.

У сакавіку 2020 году 29-гадовага Віктара Скрундзіка асудзілі на расстрэл, 33-гадовага Валянціна Бушніна — да 18-гадовага зьняволеньня, 25-гадовага Віталя Мяцежа — да 22 гадоў калёніі. Скрундзік, Бушнін і Мяцеж на судзе прызнавалі віну часткова. Скрундзік настойваў, што пад ціскам агаварыў сябе.

Сёньня на разгляд апэляцыйнай скаргі ў Вярхоўны суд даставілі толькі Віктара Скрундзіка. Ён быў у кайданках і «робе сьмяротніка» — адмысловым касьцюме зь літарамі ВМН (найвышэйшая мера пакараньня. — РС).

Віктар Скрундзік сказаў судзьдзям, што агаварыў сябе на сьледзтве. Нібыта прызнаўся ў забойствах старых Міхаіла Шугалея і Ўладзімера Гаркавага пад ціскам, а папраўдзе іх не забіваў, а гэта зрабіў Валянцін Бушнін. Паводле асуджанага да сьмерці Скрундзіка, ён баяўся помсты з боку саўдзельніка, бо той расказваў пра свае сувязі ў крымінальным сьвеце.

У Вярхоўным судзе Віктар Скрундзік прасіў прабачэньня ў сваякоў ахвяр і заклікаў суд захаваць яму жыцьцё і замяніць найвышэйшую меру на зьняволеньне.

Колькі ў Беларусі «сьмяротнікаў»?

Паводле праваабаронцы «Вясны» Андрэя Палуды, на сёньня бязь Віктара Скрундзіка 4 чалавекі чакаюць у Беларусі выкананьня сьмяротных прысудаў.

«Гэта можна назваць гістарычным момантам, бо сьмяротны прысуд адмянілі, што вельмі рэдка, але такое ўжо было з Гурновым. Прызначылі цалкам перагляд справы.

Не тлумачылі чаму, пакуль маем толькі рашэньне. Шмат довадаў можа быць на карысьць задавальненьня апэляцыі, але паглядзім пазьней, што пазначыць суд.

Мяркую, вельмі сур’ёзныя довады прадстаўляла адвакатка, таму да іх прыслухаліся. У тым ліку адвакатка зьвяртала ўвагу на тое, што да канца не былі вызначаныя ўсе ролі ў гэтай справе, ня высьветлена, хто што рабіў. Таму цяпер будзе новы разгляд і гэта можна толькі вітаць», — сказаў Свабодзе праваабаронца Андрэй Палуда, які ад пачатку сачыў за працэсам па справе «слуцкай банды».

Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

  • Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
  • Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш за 300 сьмяротных прысудаў.
  • Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
  • Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
  • Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG