Пытаньне аб адвакацкай ліцэнзіі Аляксандра Пыльчанкі разгледзіць камісія пры Міністэрстве юстыцыі.
8 кастрычніка стала вядома, што адваката Віктара Бабарыкі і Максіма Знака Аляксандра Пыльчанку могуць пазбавіць адвакацкай ліцэнзіі. Гэта будзе абмяркоўваць 15 кастрычніка кваліфікацыйная камісія ў пытаньнях адвакацкай дзейнасьці пры Міністэрстве юстыцыі. Прычыны склікаць камісію і абмеркаваць на ёй працу Аляксандра Пыльчанкі пакуль невядомыя.
У пятніцу 9 кастрычніка ў міністэрства з просьбай не пазбаўляць Пыльчанку адвакацкай ліцэнзіі зьвярнуўся яго кліент Віктар Бабарыка, які зараз за кратамі і ўжо «згубіў» аднаго з сваіх адвакатаў Максіма Знака, затрыманага па абвінавачаньні ў намеры зрынуць дзяржаўную ўладу.
Займаўся гучным справамі
«Я Аляксандра ведаю вельмі даўно, — расказвае пра Пыльчанку старшыня юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйла. — Пазнаёміўся зь ім яшчэ ў канцы 80-х гадоў, калі Аляксандар быў студэнтам юрыдычнага факультэту. Яго бацька быў чальцом Вярхоўнага суду, а я тады працаваў у Міністэрстве юстыцыі. Але як юрыста і як чалавека я Аляксандра добра пазнаў у пачатку 90-х гадоў. Гэта быў 1991–92 год, калі ён да нас, у юрыдычную кансультацыю Савецкага раёну Менску, прыйшоў маладым практыкантам. Я ўзначальваў кансультацыю, а Аляксандар там пачаў працаваць адвакатам».
Аляксандар Пыльчанка скончыў юрфак БДУ ў 1989 годзе. Ад 1990 году быў сябрам Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў, узначальваў яе з 2010 па 2012 гады. Пазьней працаваў у прыватным адвакацкім бюро, а з 2014 году займаўся індывідуальнай практыкай.
«Мы былі вельмі блізка знаёмыя, — кажа Паганяйла. — У свой час я яго навучаў адвакацкай прафэсіі, сачыў за посьпехамі. Залучаў да абароны ў некаторых сваіх гучных справах. Мы зь ім разам працавалі ў справе старшыні Нацыянальнага банку Тамары Віньнікавай; у справе Міхаіла Чыгіра пасьля таго, як ён сышоў у адстаўку з пасады прэм’ер-міністра на знак пратэсту супраць рэфэрэндуму 1996 году. Гэта былі гучныя справы, яны выклікалі значны розгалас. Ён быў яшчэ маладым адвакатам тады, але вельмі добра падрыхтаваным. Людзей вінавацілі ў сур’ёзных эканамічных злачынствах альбо ў парушэньні банкаўскага заканадаўства. Гэта рэдкія, але вельмі складаныя справы. Неабходна было разьбірацца і ў працэсуальнай дзейнасьці, і ў тактыцы абароны. Аляксандар мог гэта рабіць ужо тады».
Магчымае пазбаўленьне Аляксандра Пыльчанкі адвакацкай ліцэнзіі — ня першы падобны выпадак. У 2011 годзе ўлады пазбаўлялі ліцэнзіі Тамару Сідарэнку, якая пасьля Плошчы абараняла Ўладзімера Някляева і Алеся Міхалевіча. У 2017 тое самае адбылося з Ганнай Бахціной, сярод кліентаў якой былі Ірына Халіп, Эдуард Пальчыс і Міраслаў Лазоўскі. У розны час былі пазбаўленыя права на прафэсію адвакаты Павал Сапелка і Алег Агееў.
«Адвакаты павінны мець мужнасьць, каб абараняць «палітычных»
«З Аляксандра Пыльчанкі атрымаўся выдатны адвакат, які сёньня вядомы, які ўжо лічыцца адным з самых дасьведчаных адвакатаў Беларусі, — гаворыць Гары Паганяйла. — Пра гэта сьведчыць сама кліентура, зь якой ён працуе. Ён сапраўды вядомы чалавек у прафэсійным сьвеце. Заўсёды прынцыпова і прафэсійна вядзе сваю працу. Гэта самае галоўнае, што адрозьнівае Аляксандра ад тых, хто абараняе сваіх кліентаў баязьліва, хто ня лезе на ражон, не адстойвае інтарэсы свайго кліента так, як гэта неабходна ва ўмовах Беларусі».
На думку праваабаронцы, перасьлед адвакатаў у Беларусі выкліканы тым, што яны праз сваю прафэсійную дзейнасьць могуць даказаць злачыннасьць улады і выкрыць яе дзеяньні.
«Шмат якія крымінальныя справы — гэта перадусім выкарыстаньне крымінальнага перасьледу як інструмэнту палітычнага ціску або вынішчэньня палітычных супернікаў, — гаворыць Гары Паганяйла. — Гэта адбылося з Бабарыкам, гэта ж адбылося з Калесьнікавай, з Максімам Знакам. Гэта ўсё палітычна матываваныя справы, якімі ўлада спрабуе прыбраць канкурэнтаў з палітычнага поля. Гэта незаконныя і беспадстаўныя завядзеньні крымінальных справаў.
Адвакаты, якія бароняць такіх кліентаў, павінны мець мужнасьць не толькі для таго, каб абараніць кліента ад неабгрунтаванага абвінавачаньня, але і каб адстойваць яго гонар і годнасьць. У гэтым акурат роля адвакатаў вельмі вялікая. Адвакаты могуць агучваць сваю пазыцыю, паказваць сапраўднае аблічча праваахоўных органаў, сапраўднае аблічча ўлады, якая ініцыюе такога кшталту справы. Змагацца з усім гэтым ва ўмовах нашага рэжыму вельмі складана».
Праваабаронца кажа, што ў свой час сам сутыкнуўся зь ціскам улады, і калегі пераважна не паспрабавалі яго абараніць. Прыкладна тое самае можа адбыцца і зараз.
«Шмат якім нашым адвакатам не стае мужнасьці, — мяркуе Гары Паганяйла. — Яны хаваюць галаву ў пясок, замоўчваюць шмат якія аспэкты, ціхенька варушацца, прыходзяць на сьледчыя дзеяньні, прыходзяць у СІЗА да сваіх кліентаў, вядуць справы ў судах, але не спрабуюць публічна патлумачыць грамадзтву, у чым рэч. Патлумачыць, што адбываецца з кліентам.
У міжнародных органаў, інстытутаў вельмі мала спосабаў ціску на беларускія ўлады. А вось знутры паказваць гэтыя мэтады, нягодныя сродкі, якія выкарыстоўвае дзяржава, магчыма. Але ня ўсе здольныя на гэта. Аляксандар Пыльчанка і шэраг іншых адвакатаў — малайцы. У прафэсійным сэнсе да іх прэтэнзіяў ня можа быць».
Паседжаньне кваліфікацыйнай камісіі ў пытаньнях адвакацкай дзейнасьці пры Міністэрстве юстыцыі, на якім будзе разгледжана пытаньне пазбаўленьня Аляксандра Пыльчанкі адвакацкай ліцэнзіі, пройдзе 15 кастрычніка, пачатак а 12-й гадзіне.