Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да фатографа «БелГазеты» і журналіста «Белорусы и рынок» увечары дахаты прыяжджалі сілавікі

абноўлена

Дар'я Сапранецкая, архіўнае фота
Дар'я Сапранецкая, архіўнае фота

Дадому да фатографа «БелГазеты» Дар’і Сапранецкай увечары 4 кастрычніка, пасьля заканчэньня маршу, прыяжджалі людзі ў балаклавах, але Дар’я не адчыніла дзьвярэй і пачала весьці стрым у Фэйсбук, паведамляе «Эўрарадыё».

«Хвілін 15 таму мне патэлефанавалі з Кастрычніцкага РУУС і папрасілі вярнуцца, — расказала Дар’я «Эўрарадыё. — Але я кормячая маці і сказала, што нікуды не паеду. Яны сказалі, што прыехалі запрасіць мяне на азнаямленьне з пратаколам на заўтра на 10:00. Але хіба людзі ў балаклавах прыяжджаюць, каб запрасіць на азнаямленьне з пратаколам?»

Да Дар’і Сапранецкай прыехаў намесьнік старшыні БАЖ, юрыст Алег Агееў, але праваахоўнікі ўжо зьехалі — на пляцоўцы каля яе кватэры цяпер ужо нікога няма, паведамляе БАЖ. Дар'я паабяцала заўтра прыйсьці ў РУУС Кастрычніцкага раёну, каб азнаёміцца з адміністрацыйным пратаколам.

Сёньня ўдзень Дар’ю затрымлівалі побач з гатэлем «Юбілейны», калі яна асьвятляла пратэставы марш. Яе завезьлі ў Кастрычніцкі РУУС Менску, але неўзабаве адпусьцілі.

Таксама стала вядома, што, як і ў выпадку з Сапранецкай, увечары сілавікі прыехалі да кватэры журналіста выданьня «Белорусы и рынок» Алега Шапелюка. Яго затрымалі ўдзень 4 кастрычніка ў Менску, але пасьля праверкі дакумэнтаў адпусьцілі.

Агулам цягам дня 4 кастрычніка ў Беларусі былі затрыманыя 15 журналістаў. Большасьць зь іх пасьля праверкі дакумэнтаў адпусьцілі з РУУСаў. Але 5 чалавек засталіся ў ізалятарах да суду па адміністрацыйных працэсах. Меркавана, усіх будуць судзіць за ўдзел у несанкцыянаваных вулічных акцыях, паведамляе БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG