Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч лічыць, што санкцыі павінны закранаць і сем'і беларускіх чыноўнікаў


Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

Санкцыі супраць чыноўнікаў, адказных за рэпрэсіі ў Беларусі, павінны ахопліваць больш людзей, лічыць Сьвятлана Алексіевіч. Пра гэта нобэлеўская ляўрэатка заявіла на прэс-канфэрэнцыі літаратурнага фэстывалю Taormina Book у Італіі.

Паводле Алексіевіч, санкцыі павінны ахопліваць ня толькі саміх чыноўнікаў, але і ўсю яго сям’ю.

«Таму што мужчыны рэдка езьдзяць за мяжу, толькі ў нейкіх справах. А вось калі б сям’я была закранутая, то, вядома ж, у сямʼі адбылася б размова дзяцей, жонкі: „ А што гэта ў цябе за праца, што мы ня можам нікуды паехаць?“ Калі ўводзяцца санкцыі, то амэрыканцам і эўрапейцам трэба зыходзіць не са свайго разуменьня жыцьця, а з разуменьня жыцьця, якое на той тэрыторыі, да якой яны хочуць прымяніць санкцыі. Там інакш уладкавана жыцьцё».

Пра што яшчэ гаварыла Сьвятлана Алексіевіч:

  • Я прыехала з краіны, дзе адбываецца рэвалюцыя. Дзе людзей штодзённа бʼюць, саджаюць у турмы, калечаць. Ніхто не адчувае сябе свабодным. Да кожнага могуць зайсьці ў дом.
  • Мяне таксама выклікалі на допыт у Сьледчы камітэт і таксама хацелі арыштаваць. Але каля дома сабраліся сотні людзей, журналістаў, паслоў і такім чынам яны мяне абаранілі.
  • Я пакуль не лічу, што я паехала ў эміграцыю. Я паехала, каб пабываць у вас, да свайго лекара ў Бэрліне і паехаць дадому. Многія лічаць дома, што мяне ўжо не пусьцяць дадому. У нас такое бывае. Але я ўсё ж паспрабую жыць дома.
  • Журналістаў сталі таксама саджаць. Іх ловяць разам з усімі на дэманстрацыі і кідаюць у аўтазак, хаця яны выконваюць свой прафэсійны абавязак. Уладзе не патрэбны сьведкі. Можна сказаць, што журналісты жывуць, як на вайне, як падчас рэвалюцыі.
  • Я думаю, што ёсьць негалосная дамоўленасьць паміж Эўропай і Расеяй, што Беларусь — гэта зона інтарэсаў Расеі. І таму мы засталіся адны, нам сурʼёзна ніхто не дапамагае, бо любая дапамога звонку прывяла б да канфлікту з Расеяй. Гэтага канфлікту ніхто не жадае. А вось расейскія салдаты, пераапранутыя, яны там ёсьць. Яны лічаць Беларусь часткай сваёй тэрыторыі. У гэтым трагедыя Беларусі. Расея хоча, каб у Беларусі стаялі яе ракеты, каб гэта была частка яе тэрыторыі, якая б аддзяляла яе ад Эўропы.

28 верасьня Сьвятлана Алексіевіч выехала на лячэньне ў Нямеччыну. 3 кастрычніка яна атрымала ўзнагароду на прэстыжным міжнародным літаратурным фэстывалі TaoBuk у Таарміне, Сыцылія.

Літаратурны фэстываль TaoBuk праводзіцца ўжо 10 гадоў з удзелам выдатных пісьменьнікаў і літаратуразнаўцаў з усяго сьвету. Сярод пераможцаў і гасьцей чакаецца Архан Памук, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG